Адслужылі як трэба

Правовое поле

Яўгеній Кузміч, Аляксандр Байчонак, Мікіта Надтачэеў, Вадзім Варфаламееў.
Яўгеній Кузміч, Аляксандр Байчонак, Мікіта Надтачэеў, Вадзім Варфаламееў.

Для многіх хлопцаў, якія праходзяць тэрміновую ваенную службу, лістапад — самы чаканы месяц, бо менавіта ў ім надыходзіць  дзень звальнення ў запас.

За плячыма засталіся год альбо паўтара нялёгкага шляху. Спачатку прой­дзены курс маладога байца, калі мацнела ўпэўненасць у тым, што ў армію юнакі прыйшлі не дарэмна. Кожны дзень — інтэнсіўная фізічная падрыхтоўка, ваенная тэорыя, страявая і баявая падрыхтоўка. І вось урачысты момант прыняцця прысягі, слёзы радасці матуль, пачуццё гонару за сыноў, сяброў.

А далей напружаная паўсядзённая праца па асваенні воінскіх спецыяльнасцей, няспыннае павышэнне ўсіх узроўняў падрыхтоўкі. Настойлівасць і ўпартасць далі вынікі — юнакі сталі сапраўднымі спецыялістамі ў сваёй галіне.

З 1-га радыётэхнічнага цэнтра Пастаўскага гарнізона ў лістападзе бягучага года вярнуліся альбо вернуцца ў бліжэйшыя дні да сваіх блізкіх і родных сем ваеннаслужачых тэрміновай службы. Прызываліся яны з Мінска, Віцебска, Глыбокага, былі жыхары і нашага раёна. Юнакі ахвотна падзяліліся сваімі ўражаннямі пра пройдзеную школу армейскай службы.

— Маю вышэйшую адукацыю, таму служыць давялося толькі год. Ён быў багаты на падзеі, уражанні і новыя веды. За гэты час асвоіў тры воінскія спецыяльнасці (вадзіцель-электрык, дызеліст, ва­дзіцель гаспадарчага аддзялення), паўтара месяца правёў на курсах у Барысаве, дзе атрымаў вадзіцельскія правы катэгорыі “Е”, — расказваў яфрэйтар Яўгеній Кузміч. — А яшчэ пашчасціла прыняць удзел у сумесных вучэннях Узброеных Сіл Беларусі і Расіі “Захад-2017” і ўрачыстасцях, прысвечаных 85-годдзю з дня ўтварэння 49-й радыётэхнічнай брыгады ваенна-паветраных сіл і войск супрацьпаветранай абароны. Апошні месяц перад звальненнем у запас разам з іншымі ваеннаслужачымі ўдзельнічаў у пераво­дзе тэхнікі з летняга перыяду эксплуатацыі на зімовы.

Кіраўніцтва падраздзялення характарызуе Яўгенія толькі са станоўчага боку. А яго адукаванасць, добрасумленнасць і стараннасць паслужылі падставай для прапановы застацца ў часці на звыштэрміновую службу. Хлопец гаворыць, што армія зрабіла яго больш стрыманым і падатлівым, і не выключае магчымасці стаць ваенным.

Мікіта Надтачэеў звольніўся ў запас ў званні яфрэйтара. Службу праходзіў на пасадзе повара рухомай групы, у палявых умовах стараўся радаваць саслужыўцаў смачнымі і разнастайнымі стравамі. Па словах Мікіты, служба прайшла лёгка, цікава, хоць былі і цяжкасці. Сфарміравалася пачуццё адказнасці, ён усвядоміў, як важна выконваць ускла­дзеныя на яго абавязкі, бездакорна вырашаць задачы і спраўляцца з даручэннямі.

Малодшы сяржант Вадзім Варфаламееў нёс баявое дзяжурства ў якасці аператара комплексу сістэм аўтаматызацыі (КСА). Па яго словах, падчас службы знайшоў многа сапраўдных сяброў, стаў больш стрыманым, сур’ёзным, навучыўся не баяцца цяжкасцей.

Яфрэйтар Аляксандр Байчонак лічыць, што служба ў арміі — справа для сапраўдных мужчын. Яна змяняе характар у лепшы бок, выпрацоўвае сілу волі, загартоўвае. А воінскае братэрства і ў далейшым вызначае ў чалавеку такія якасці, як добразычлівасць, узаемавыручка, надзейнасць. У цывільным жыцці яны адыгрываюць немалаважную ролю. Аляксандр падчас службы быў адным з лепшых. Акуратны, дысцыплінаваны, адказны ў выкананні даручэнняў, ён заслужыў права быць сфатаграфаваным на фоне Баявога сцяга 49-й радыётэхнічнай брыгады, якая прайшла слаўны і нялёгкі шлях.

Ганна КЕРНЕР,  ваеннаслужачая

вайсковай часці 25888.

Фота Сяргея ВШЫЎКАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.