Чужых праблем няма

Местная власть

Райисполком

У апошнюю суботу кастрычніка “прамую тэлефонную лінію” праводзіў старшыня райвыканкама С. В. Чэпік. За тры гадзіны яму паступіла 13 званкоў. Траім патэлефанаваўшым Сяргей Васільевіч адразу даў тлумачэнні па хвалюючых іх пытаннях. Астатнія звароты пастаўлены на кантроль, і людзі атрымаюць на іх пісьмовыя адказы ў тэрміны, прадугледжаныя заканадаўствам.

Найбольшая колькасць праблемных пытанняў датычыла сферы ЖКГ. У прыватнасці, гучалі просьбы спілаваць дрэвы, паставіць кантэйнеры для смецця. Жыхары вуліцы Маладзёжнай у Лынтупах скардзіліся на тое, што сёлета іх падтапіла. Прасілі дапамогі, каб арганізаваць сцёк вады ад сваіх домаўладанняў. Дварчанцаў і андронаўцаў таксама хвалявала “воднае” пытанне, аднак у кантэксце таго, што ў іх населеных пунктах рэгулярныя перабоі з водазабеспячэннем. Прагучалі скаргі на маруднае абслугоўванне перасоўных паштовых аддзяленняў, на стан вуліцы Паўліка Марозова пасля праведзеных там рамонтных работ і водаправода па вуліцы Заслонава ў райцэнтры, на цяжкасці з афармленнем участка пад вядзенне асабістай падсобнай гаспадаркі.      

Даючы даручэнні кіраўнікам і спецыялістам раённых службаў разабрацца ва ўзнятых праблемах, старшыня райвыканкама падкрэсліў: “Чужых праблем для мяне і для вас па абавязку службы няма і быць не можа. Усе яны — нашы. І ад таго, наколькі аператыўна зможам іх вырашыць, залежыць якасць жыцця жыхароў Пастаўшчыны”.    

Людміла ЗЕЛЯНКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.