Дарогі — іх радасць і трывогі

Местная власть Общество

Дырэктар ДРБУ-132 С. А. Рагіня з вадзіцелем Яўгенам Мазурэвічам і майстрам Віктарам Даўгелем.
Дырэктар ДРБУ-132 С. А. Рагіня з вадзіцелем Яўгенам Мазурэвічам і майстрам Віктарам Даўгелем.

4 лістапада ў раённым Доме культуры па вуліцы Станкевіча адбылася ўрачыстасць, прысвечаная 60-годдзю з дня ўтварэння філіяла «Пастаўскае дарожнае рамонтна-будаўнічае ўпраўленне № 132 КУП «Віцебскаблдарбуд».

Гісторыя калектыву пачалася 15 лістапада 1957 года, калі ў Паставах быў створаны дарожны эксплуатацыйны ўчастак № 132. За гэты час неаднойчы мянялася назва прадпрыемства, абнаўляўся калектыў, але нязменнымі заставаліся мэты і задачы: будаваць і падтрымліваць у належным стане мя­сцовыя асфальтабетонныя, жві­ро­выя і грунтавыя аўтама­більныя дарогі. Сёння іх працягласць скла­дае амаль тысячу кіламетраў. Акрамя дарожнай сеткі, ДРБУ-132 абслугоўвае 73 масты агульнай працягласцю 1235,6 пагоннага метра. За час свайго існавання калектывам прадпрыемства пабудавана 146 кіламетраў дарог, амаль столькі ж ахоплена капітальным рамонтам.

Сёння ва ўпраўленні працуюць 88 чалавек. На іх узбраенні больш за 80 адзінак сучаснай дарожна-будаўнічай тэхнікі, аснашчаная вытворчая база. У варапаеўскай і лынтупскай зонах дзейнічаюць два лінейныя ўчасткі. На заводзе каля вёскі Боцвіны наладжаны выпуск асфальтабетоннай і халоднай арганамінеральнай сумесяў. Сёлета прад­­прыемства набыло шчэпаздрабняльнік поль­скай вытворчасці. Ён выкарыстоўваецца для здрабнення драўнінна-хмызняковай расліннас­ці, што высякаецца ўз­доўж дарог.

На рэалізацыі шчапы ўжо зароблена каля 39 тысяч рублёў. Яшчэ адна навінка — устаноўка для рамонту дарог струменна-ін’екцыйным метадам «Тайфун». Дзякуючы зладжанай рабоце і добрасумленным адносінам да выканання службовых абавязкаў, прадпрыемства неаднойчы займала прызавыя месцы ў раённых, абласных і нават рэспубліканскіх спаборніцтвах. Больш падрабязна даведацца пра станаўленне, развіццё і дасягненні ДРБУ-132 прысутным на ўрачыстасці прапаноўвалася з відэафільма, а таксама з невялікай экспазіцыі, якая працавала ў фае Дома культуры.

Ганаровую грамату КУП «Віцебскаблдарбуд» з рук У. С. Мацвеева атрымлівае Р. І. Радзюш.
Ганаровую грамату КУП «Віцебскаблдарбуд» з рук У. С. Мацвеева атрымлівае Р. І. Радзюш.

Раздзяліць радасць падзеі з калектывам прыйшлі ганаровыя госці. У іх ліку старшыня райвыканкама Сяргей Васільевіч Чэпік, яго намеснік Павел Радзі­вонавіч Станюш, былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Эдуард Пятровіч Казура, генеральны дырэктар камунальнага ўнітарнага прадпрыемства «Віцебскаблдарбуд» Уладзімір Сямёнавіч Мацвееў, яго намеснік Генадзій Аляксеевіч Глінскі і намеснік начальніка планава-эканамічнага ўпраўлення гэтай арганізацыі Леанід Генадзьевіч Бучань, калегі з суседніх раёнаў і прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый Пастаўшчыны, з якімі цесна супрацоўнічаюць юбіляры.

Дырэктар дарожнага рамонтна-будаўнічага ўпраўлення Стані­слаў Альфрэдавіч Рагіня адзначыў, што калектыў можа ганарыцца вынікамі сваёй працы. Прадпрыемства актыўна ўкараняе новыя тэхналогіі рамонту і будаўніцтва дарог, шукае шляхі патаннення кошту будаўніча-мантажных работ, імкнецца захаваць вопытныя кваліфікаваныя кадры і выхаваць годную змену. 49 гадоў вадзіцелем пагрузчыка ва ўпраўленні працуе Аляксей Кандрашэнка. Працоўны стаж вадзіцеля аўтамабіля Мікалая Лысёнка, варшчыка бітуму Арнольда Навумчыка, слесара Сяргея Галяка, вадзіцеля Вячаслава Кліпы складае 30 гадоў, вадзіцеля пагрузчыка Паўла Цыунеля, бухгалтара Наталлі Адамовіч і іншых — 20 гадоў. Станоўча сябе зарэкамендавала і моладзь. Гэта вадзіцель Яўгеній Тарасенка, дарожны майстар Віктар Даўгель, інспектар па кадрах Алёна Непачатава, інжынер-лабарант Андрэй Рагіня, галоўны інжынер Андрэй Стамянок і многія іншыя. Каб захаваць калектыў і забяспечыць яго неабходнымі аб’ёмамі, ужо на працягу шасці гадоў прадпрыемства бярэцца за любую работу па добраўпарадкаванні і будаўніцтве. Так, пастаўскімі дарожнікамі пабудаваны тры лесагаспадарчыя дарогі, добраўпарадкаваны прылеглыя тэрыторыі ля сацыяльных і прамысловых  новабудоўляў раёна. Працавалі і за яго межамі — на ўзвя­дзенні Астравецкай атамнай станцыі, будаўніцтве мінскай кальцавой дарогі №2, рамонце трасы Мінск—Гродна, іншых аб’ектах.

— Многае зроблена, напера­дзе — новыя задачы і шляхі іх вырашэння, — гаварыў С. А. Рагіня. — Віншую ўсіх і жадаю ўсяго самага лепшага: здароўя, любові, дабрабыту і поспехаў. Няхай на ўсіх жыццёвых дарогах вам спадарожнічае шчасце.

Віншуюць госці і калегі.
Віншуюць госці і калегі.

Віншавальную эстафету перанялі У. С. Мацвееў і Г. А. Глінскі. Яны запэўнілі, што адметная рыса філіяла «Пастаўскае ДРБУ-132» — надзейнасць. На працягу многіх гадоў ён уваходзіць у тройку лідараў сярод аналагічных структур КУП «Віцебскаблдарбуд». Калектыў займае лідзіруючыя пазіцыі не толькі па вытворчых паказчыках, але і ў грамадскім жыцці, спорце, пытаннях аховы працы. За гэта і ў сувязі з юбілеем кіраўніцтва абласнога прадпрыемства ўручыла С. А. Рагіню дакументы на трактар «МТЗ» і прычапны аўтагрэйдар.

За асабісты ўклад у работу дарожнай гаспадаркі краіны Ганаровай граматай Міністэрства транспарту і камунікацый узнагароджаны начальнік планава-вытворчага сектара Вольга Вікенцьеўна Гваздоўская і машыніст экскаватара Аляксей Іванавіч Кандрашэнка. Ганаровай граматай КУП «Віцебскаблдарбуд» адзначаны вадзіцель аўтамабіля Часлаў Альфрэдавіч Ра­гіня, дарожны рабочы Аляксандр Пятровіч Кейзік і машыніст аўтагрэйдара Рычард Іванавіч Радзюш. Падзяку генеральнага дырэктара КУП «Віцебскаблдарбуд» атрымалі дарожныя рабочыя Мікалай Уладзіміравіч Смятанка і Валянцін Мар’янавіч Рачыцкі, вадзіцель аўтамабіля Славамір Іосіфавіч Хмылко.

Ад імя мясцовай улады юбіляраў павіншаваў старшыня раённага выканаўчага камітэта С. В. Чэпік. Ён паабяцаў, што калектыў прадпрыемства не застанецца без работы. Падзякаваў за шчырую працу, прафесіяналізм і добрую якасць аб’ектаў, да якіх маюць дачыненне дарожнікі. І ўручыў дарожнаму рабочаму Сяргею Віктаравічу Кавалёву Ганаровую грамату райвыканкама, а вадзіцелям аўтамабіля Яўгенію Васіль­евічу Тарасенку і Станіславу Іосіфавічу Кухальскаму — Падзяку старшыні райвыканкама.

На пачэсным месцы — ветэраны.
На пачэсным месцы — ветэраны.

Асобныя словы ўдзячнасці, кветкі і падарачныя сертыфікаты на суму 30 рублёў кожны былі ўручаны ветэранам, якія шмат гадоў адпрацавалі ў галіне. Пад гучныя апладысменты іх атрымалі Я. Я. Антух, М. А. Рымар, В. Ф. Кірэй, А. П. Хацяновіч, А. У. Кянько, Я. Г. Януш, А. Г. Трапук, І. Л. Кіслы, Т. З. Свілель, І. З. Ястраб, І. У. Міхалевіч, Ч. Б. Бякаўліс, М. С. Янковіч, С. С. Фядотаў, Т. К. Шырневіч, К. М. Асяненка і іншыя. На мерапрыемстве таксама былі ўшанаваны і тыя, хто шмат гадоў працуе на прадпрыемстве, а таксама работнікі і ветэраны, якія сёлета адзначылі юбілейны дзень нараджэння.

Падчас урачыстасці са сцэны раённага Дома культуры гучала шмат добрых слоў у адрас кіраў­ніка і ўсяго калектыву прадпрыемства, а таксама мноства ўспамінаў і разважанняў пра сумесную працу, якімі ахвотна дзяліліся госці свята. Цудоўны настрой усім стварылі ўдзельнікі народнай эстраднай групы “25 плюс-мінус”, якія на працягу ўсяго мерапрыемства дарылі прысутным песні.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ.

Фота  аўтара і Антона ЧАЛЕЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.