Драматычная развязка

Спорт

017

ФК «Паставы-ПМЦ» — «камунальнік» (сянно) 1:3

Заключная дамашняя гульня сезона пастаўчан была вельмі важная для абедзвюх каманд — прэтэндэнтаў на медалі. Яна пачалася са спазненнем, але гледачы на гарадскім стадыёне дачакаліся матча і былі ўзнагароджаны вельмі яркім і атакуючым футболам, бо сапернікі нанеслі 34 удары па варотах, а на полі змагаліся вопыт з маладосцю. Гаспадары павінны былі адкрываць лік у пачатку сустрэчы, аднак моцны ўдар Арцёма Цітовіча з блізкай адлегласці бліскуча адбіў варатар сенненцаў Сяргей Астраўнёў. Пасля гэтага госці — двухразовыя чэмпіёны і ўладальнікі Кубка Віцебскай вобласці — узмацнілі свой націск, а Андрэй Чымбург свой шанц вызначыцца не ўпусціў і адкрыў лік.

Пастаўчанам адыграцца да перапынку не ўдалося, але ў другім тайме яны арганізавалі сапраўдны штурм варот саперніка, і паўабаронца Уладзімір Камісарчук пасля імклівага праходу лік зраўняў. Неўзабаве мяч пасля яго ўдару галавой трапіў у штангу, а  калега па амплуа Раман Пасевіч мог тройчы вызначыцца, але галкіпер Сянно гуляў надзейна. Большасць нашых сапернікаў — з Віцебска і Полацка,  раней яны гулялі ў чэмпіянаце Беларусі па футболе, таму, дзякуючы вопыту і майстэрству, вырвалі няпростую перамогу. Спачатку лепшы бамбардзір чэмпіянату Віцебшчыны Арцём Клопаў  вывеў сваю каманду наперад бліскучым ударам пяткай у стылі А. Пракапенкі. Ён жа ў дадатковы час устанавіў канчатковы лік на табло, калі гаспадары вялікімі сіламі пайшлі наперад і агалілі свае тылы.

Нягледзячы на паражэнне, стадыён апладысментамі праводзіў з поля пастаўчан: Лубко, Пучынскага, Дубіна, Жарскага (к), Камісарчука, Па­вініча, Жылевіча (Місніка), Пасевіча, Я. Грантоўскага, Цітовіча, Ясюковіча. У гэтым туры стала вядома, што барацьбу за “золата” прадоўжаць каманды Полацка і Лепеля пасля чарговых перамог адпаведна з лікам 4:1 над віцебскім “Газавіком” і 3:1 — над ФК “Шуміліна”. У сенненцаў добрыя шанцы выйграць бронзавыя медалі, а наша каманда прадоўжыць барацьбу за выніковыя 4-7 месцы ў двух заключных выязных паядынках у Віцебску і Гарадку.

Уладзімір ШЫК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.