Гісторыя ў краявідах і асобах


IMG_4155

Як мы паведамлялі на старонках раённай газеты, 20 кастрычніка ў Доме рамёстваў “Стары млын” адкрылася выстава жывапісу сябра Беларускага саюза мастакоў Алеся Цыркунова.

Яна стала другой прэзентацыяй творчасці вядомага майстра пэндзля ў Паставах. Яго першая персанальная выстава адбылася 10 гадоў назад падчас фестывалю “Звіняць цымбалы і гармонік”. Тады наведвальнікам была прадстаўлена асоба нашага земляка — грамадскага і культурнага дзеяча Альфрэда Ромера. Цяперашняя экспазіцыя прысвячаецца 185-годдзю з дня нараджэння А. Ромера, а таксама 500-годдзю выдання Бібліі Францыскам Скарынам, якое мы адзначаем сёлета.

Адкрыццё выставы аказалася не вельмі мнагалюдным, але прадстаўнічым — на яго завітаў намеснік старшыні райвыканкама Ю. М. Кісялёў. Звяртаючыся да Алеся Цыркунова са словамі па­дзякі за тое, што прывёз свае работы ў наш горад, Юрый Мікалаевіч адзначыў: гэта мерапрыемства — значная па­дзея для Пастаўшчыны і яе жыхароў, якія знайшлі адлюстраванне ў карцінах мастака.

IMG_4147

— У вашым краі я шмат пачэрпнуў для сваіх палотнаў, — пацвердзіў жывапісец. — Упершыню пазнаёміўся з ім і яго людзьмі яшчэ ў 1982 годзе і з таго часу перыядычна тут бываю. Сённяшняя выстава — а яна складаецца прыкладна з паўсотні работ, большасць якіх новыя, напісаныя на працягу 10 апошніх гадоў — далёка не ўсё, што створана мною.  Нямала карцін засталося ў Мінску. Тым не менш я пастараўся прадставіць розныя перыяды сваёй творчасці.

У дзвюх залах Дома рамёстваў размясцілася галоўная экспазіцыя, астатняя яе частка — у будынку дзіцячай бібліятэкі імя У. Дубоўкі. Амаль кожная работа прасякнута гістарычна-патрыятычнай тэматыкай і глыбокім філасофскім зместам. Цэнтральнае месца на выставе займае асоба выдатнага майстра выяўленчага мастацтва Альфрэда Ізідора Ромера, які пэў­ны час жыў і тварыў на Пастаўшчыне, у маёнтку Каралі­нова. Тут мо­жна ўбачыць копію яго аўтапартрэта, дзве фотакопіі карцін мастака (“Хрыстос і сірата” і “Божая Маці з дзіцем”, адна з якіх знаходзіцца ў касцёле ў Камаях, а другая — у Пінску), а таксама партрэт А. Ромера ў турме, калі па падазрэнні аб удзе­ле ў паўстанні К. Каліноўскага ён трапіў пад следства.

IMG_4151

Побач — партрэты першадрукара Францыска Скарыны, іншых асветнікаў, гуманістаў, грамадскіх дзеячаў і асоб, якія пакінулі значны след у беларускай гісторыі і культуры: Еўфрасінні Полацкай, Марыі Магдалены Радзівіл, Міхала Клеафаса Агінскага, Вінцэнта Гадлеўскага, Максіма Танка, Уладзіміра Дубоўкі, Янкі Купалы і Якуба Коласа, Ядвігі Грыгаровіч, Барыса Кіта. З усіх жанраў станковага жывапісу найбольшую ўвагу аўтар надае менавіта партрэту як выяўленню сутнасці асобы чалавека, падкрэсліваючы хараство яго душы. Нямала ў мастака і краявідаў, звязаных з нашай гісторыяй і культурай. Гэта выявы Мірскага замка, мураў Наваградка, родных мясцін Адама Міцкевіча, Уладзіміра Дубоўкі, Язэпа Драздовіча.

Як ужо гаварылася вышэй, частка работ прысвечана Паставам і іх ваколіцам, а таксама людзям нашага краю. Тут і раздольныя Швакшты, і Лынтупы з палацам Бішэўскага, і касцёл у Камаях. Сярод іх вылучаецца карціна пад назвай “Містэрыі плошчы”, у якой А. Цыркуноў пастараўся прадставіць гісторыю Пастаў у будынках і асобах. У цэлым выстава цікавая і заслугоўвае ўвагі. Таму абавязкова знай­дзіце час і наведайце “Стары млын”. У ім можна пазнаёміцца не толькі з работамі вядомага мастака, але і з яго асобай, пачытаўшы буклеты і артыкулы ў часопісах.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.