Каптаруны яшчэ «зазвіняць»!  На Лынтупшчыне ствараецца першая ў Беларусі арт-вёска

Культура

781A7053

Сёння культурнае жыццё Беларусі сканцэнтравана ў асноўным у Мінску. Большасць самых яркіх і прывабных падзей — няхай гэта выставы, спектаклі або канцэрты — ладзяцца менавіта там. У тым, што гэта абсалютна няправільна, перакананы мастак і пісьменнік Артур Клінаў. І на працягу пяці гадоў увасабляе ў жыццё сваю смелую мару — стварае на Лынтупшчыне першую ў Беларусі арт-вёску. Сюды ўжо цяпер прыязджаюць вядомыя творцы з усёй краіны і з-за мяжы. І гэта толькі пачатак…

Культура на ўра

Вёску Каптаруны, якую аблюбаваў Артур Клінаў, часта называюць не інакш, як “край зямлі”. Яна знаходзіцца на самай граніцы Беларусі і Літвы (да суседняй дзяржавы — лічаныя крокі), істотна аддалена ад райцэнтра (а тым больш ад Мінска) і славіцца надзвычай маляўнічай некранутай прыродай. Вялікае прыгожае возера, дзікія жывёлы, якія зусім не баяцца прыходзіць пад вокны жылых дамоў, багатыя дарамі навакольныя лясы, авеяныя легендамі старажытныя камяні — гэта ўсё Каптаруны.

19

У мінулым стагоддзі жыццё ў вёсцы віравала — пасля вайны тут жыло амаль паўтары сотні чалавек. На жаль, з часам хат стала намнога больш, чым людзей. Сёння ў Каптарунах усяго чацвёра карэнных жыхароў. Здаецца, лёс вёскі быў прадвызначаны. Аднак усё змяніў выпадак.

Аднойчы ў гэтыя мясціны завітаў здымаць кіно “Беларусьфільм”. Артур Клінаў, які быў галоўным мастаком стужкі, зразумеў адразу: сюды яшчэ вернецца. Вярнуўся. Выкупіў дом (і гэта за 200 км ад Мінска!), актыўна пачаў яго рэканструкцыю. З часам набыў яшчэ адзін — зрабіў яго гасцявым. Побач пасяліліся і іншыя творцы, напрыклад вядомы выдавец Ігар Логвінаў, філосаф Таццяна Шчыцова, архітэктар Андрэй Каравянскі. Нямала крэатыўных і грамадска актыўных людзей набылі дамы ў суседніх вёсках. Амбіцыйныя ідэі гара­джан падтрымалі мясцовыя жыхары і ўлада.

16

Для даведкі: 

Артур Клінаў, мастак, пісьменнік, заснавальнік і рэдактар часопіса “pARTisan”, які больш за 15 гадоў з’яўляецца трыбунай сучаснай беларускай культуры. Выступіў галоўным мастаком у фільме Андрэя Кудзіненкі “Масакра” (“Беларусьфільм”, 2010). Яго работы выстаўляліся ў Беларусі, Польшчы, Літве, Германіі, Францыі, Грэцыі. У 2011 годзе сваёй інсталяцыяй з саломы «Вячэра» прадстаўляў Беларусь на 54-й міжнароднай Венецыянскай біенале (Італія).Творы Артура Клінава знаходзяцца ў калекцыях Беларусі, Польшчы, Вялікабрытаніі, Германіі, Галандыі, Ізраіля, Італіі, Расіі, ЗША, Францыі, Швецыі.

Сёння ўжо смела можна гаварыць: арт-вёска існуе не на словах, а на справе — так многа зроблена на шляху яе “будоўлі”. Толькі мінулым летам у Каптарунах адбыўся шэраг значных культурных падзей. Так, у ліпені быў арганізаваны Міжнародны форум пагранічнага кіно “Хранатоп. Art: REBOOT”, у праграму якога арганізатары ўключылі лекцыі, кінапрагляды, дыскусіі, перфоманс, канцэрт і іншыя цікавыя дзеі. У жніўні ладзіўся Міжнародны open-air-форум “Міжмор’е літаратур” з удзелам творцаў з Германіі, Літвы, Поль­шчы, Украіны і Беларусі. Адбыліся дыскусіі, прэзентацыі кніг. Удзель­нікі засталіся ў захапленні.

Знайсці падрабязную інфармацыю пра падзеі, якія адбыліся і яшчэ плануюцца ў арт-вёсцы, можна на сайце http://kaptaruny.com

Месца адно — фатаграфіі розныя

Напрыканцы чэрвеня Каптаруны прымалі вядомых беларускіх мастакоў і фатографаў. Арганізатарамі чарговага арт-пленэру, які меў назву “Саламяны вырай-2”, выступілі Артур Клінаў і раённае аб’яднанне “Экаагратур”. Вынікам чатырохдзённых здымак стала фотавыстава “Месца”. Яе адкрыццё адбылося 14 кастрычніка ў Лынтупскім Доме культуры.

Пасёлак у тыя дні быў як ніколі прыгожым: у разгар кастрычніка вуліцы, мясцовы парк патаналі ў яркіх фарбах. Вада ў ставах, нібы люстэрка, адлюстроўвала чырвань навакольных дрэў і не горш за мастака стварала акварэльны партрэт восені. Глядзела на гэта шырока расплюшчанымі вачыма — і разумела, чаму гэтыя мясціны так вабяць творцаў з усёй краіны.

Па дарозе на выставу праяз­джалі каля будынка Лынтупскага культурнага цэнтра “Культыватар”, пра які ўжо неаднойчы расказвалася ў газеце. Так прыемна ўсведамляць, што на тваёй малой радзіме нарэшце адраджаецца культурнае жыццё, раскрываецца яе турыстычны патэнцыял. Рэгіён, які стаіць на памежжы Беларускай і Літоўскай Рэспублік, на скрыжаванні Мінскай, Гродзенскай і Віцебскай абласцей, дзе спрадвеку пераплятаюцца беларуская, польская, літоўская і яўрэйская культура, становіцца своеасаблівым мостам, які ўсё і ўсіх аб’ядноўвае. Падчас адкрыцця выставы гэта думка была адной з ключавых.

У мерапрыемстве ўдзельнічалі амаль усе аўтары работ. Усе яны працуюць у абсалютна розных тэхніках. Ігар Саўчанка здымае на ўнікальную драўляную вялізную камеру, якая працуе па тых жа прынцыпах, што і ў пазамінулым стагоддзі. Сяргей Ждановіч фатаграфуе на лічбавы апарат, Андрэй Лянкевіч працуе ў галіне дакументальнай і прэс-фатаграфіі, Сяргей Кажамякін — у жанры прамога рэпартажу.

18

17

3

2

4

Кожны з гэтых фотамастакоў вядомы не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. Кожны — аўтар дзясяткаў выстаў як на радзіме, так і ў многіх еўрапейскіх краінах, у ЗША. Напрыклад, работы Ігара Саўчанкі знаходзяцца ў шматлікіх прыватных і публічных калекцыях — у Дзяржаўным рускім музеі ў Санкт-Пецярбургу, у Стакгольме, Хельсінкі, Х’юстане… Усіх і не пералічыць!

Што ж майстры наздымалі ў Каптарунах?

Мы і самі з нецярпеннем ча­калі выніку, — адзначыла, выступаючы на адкрыцці выставы, яе куратар Таццяна Арцімовіч. — Месца адно, а здымкі настолькі розныя. Гэта экспазіцыя адлюстроўвае, як па-рознаму мы глядзім на наваколле і як па-рознаму можна паказаць адно і тое ж. Вялікае дзякуй усім, хто дапамог арганізаваць гэту выставу, асабліва старшыні Лынтупскага сельскага Савета Аляксандру Макаранку і дырэктару Дома культуры Анжэле Кухальскай.

12

11

9

6

5

Было адзначана, што выстава адбылася ў рамках Месяца фатаграфіі ў Мінску і стала часткай маштабнага праекта, які ўжо не першы год арганізуе адзін з аўтараў выставы “Месца” Андрэй Лянкевіч. У экспазіцыю ўвайшло больш за сотню здымкаў, што адлюстроўваюць прыроду і жыццё Каптарун.

192_o

13

7

 

Перад аўдыторыяй выступіў і Артур Клінаў.

8

— Наша галоўная задача — спрыяць дэцэнтралізацыі культуры, — падкрэсліў ён. — Безумоўна, сельскі клуб — не музей. Але ўсё роўна кожны населены пункт варты быць цэнтрам творчасці. 365 дзён — 365 культурных сталіц — вось у чым ідэя. За мяжой часта менавіта вёска становіцца месцам правядзення самабытных, сусветнавядомых фестываляў, якія збіраюць тысячы, дзясяткі тысяч чалавек. І гэта прыносіць не толькі задавальненне людзям, але і немалы прыбытак дзяржаве. Арт-вёска Каптаруны мае вялікі патэнцыял. У нашых планах, напрыклад, арганізаваць фестываль сучаснай яўрэйскай музыкі, ёсць іншыя задумы. Бу­дзем рабіць усё ад нас залежнае, каб Каптаруны “зазвінелі” яшчэ больш гучна.

Пленэр стаў плённым не толькі для фатографаў. Мастачка і выкладчыца Беларускай акадэміі мастацтваў Вольга Сазыкіна правяла для лынтупчан майстар-клас па навучанні тэхніцы акварэлі з нуля, а мастачка і драматург Вольга Прусак на аснове запісаных аповедаў мясцовых жыхароў напісала п’есу.

3o

Я папрасіла фотамастакоў расказаць пра свае самыя яркія ўражанні ад Каптарун. “Як дзіўна раніцай тут спяваюць птушкі, як гучна!”, “Так прыгожа пачынаецца новы дзень!”, “Колькі вакол сонца…” — гэта была сказана настолькі эмацыянальна, што не паверыць проста немагчыма.

З кожным годам такіх стомленых цывілізацыяй гараджан становіцца ўсё больш і больш. Усё больш людзей мараць адасобіцца ад камп’ютараў і праспектаў і сустракаць світанне на ўлонні маляўнічых краявідаў. Ад сябе хочацца дадаць: прыязджайце на Лынтупшчыну! Сонца хопіць на ўсіх! 

Іна МІКУС.

Фота А. МІКУСА, С. КАЖАМЯКІНА, удзельнікаў пленера.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.