Няўмека


16268d

— Учора боршч смачнейшы быў.

— Дык гэта ж учарашні!

Падобную гісторыю хачу прыгадаць і я, і аповед пойдзе ад першай асобы.

“Ажаніўся я з Аўдоляй па вялікім каханні. На апошнім курсе нашага бухгалтарскага тэхнікума мы і дня не маглі пражыць адно без аднаго. У яе былі блакітныя вочы і прыгожы голас. Яна часта спявала мне: “Родненькі мой Стасік! Ты  самы разумны, самы прыгожы, Хоць на край свету пайду за табою. Басанож, у адной сукенцы…”

Вучыўся я някепска, а калі быў на практыцы, нават галоўнага бухгалтара падмяняў у раённай нарыхтоўчай канторы. І вось мы пажаніліся. На другі год давялося спусціцца з аблокаў. Заціх у маім сямейным садзе салавейка. Аўдоля ўжо не гаварыла, а кухонным нажом па сэрцы рэзала: “Якая я гаротная! Каму толькі свой лёс даверыла! Ці ж ты мужчына?! Ні цвіка забіць, ні капейкі прыдбаць”. А я стараўся. Пакуль прыйдзе мая любая з работы, і вячэру згатую, і ў кватэры прыбяру, і букецік кветачак на стол пастаўлю.  Ды толькі падзяка за гэта: “Баба ты!” А то, бывала, градкі ўскапаю і памідорчыкі ды бурачкі пасаджу. А жонка і тут: “І хто цябе прасіў у агарод лезці?!” А колькі за дровы папрокаў было: “Ну і дроўцы! Пацурбалкі нейкія. Вунь у суседа Кастуся паленцы — залюбуешся. Самі ў печ лезуць”.

А ў апошні час Аўдоля стала даймаць мяне за ганак: “І куды толькі глядзіш, няўмека? Усё развальваецца. Паклікаў бы людзей з камунгаса, калі сам адрамантаваць не можаш”.

Я выбраў момант, калі жонка была ў ад’ездзе, і ўзяўся за ганак. Мая палавіна з’явілася ў двары апоўдні. Перш чым у хату зайсці, залюбавалася ганкам. То з аднаго боку паглядзіць, то з другога: “З камунгаса людзі былі? Ювелірная работа. Вучыся, целяпень. Лялечка, а не ганак. То пакліч таго майстра, ад душы пачастуем, няхай табе сорамна стане”.

Калі жонка ўсё зрабіла, я заходжу ў пакой, сядаю за стол. Ды  відэльцам да каўбаскі цягнуся. А жонка — бац па руцэ: “Куды лезеш! То майстру”. “Во ён, майстра — Стась твой!” Аўдолю маю быццам шэршань за спіну ўджаліў: аж да столі падскочыла. “А я ведала, што з-за такой драбязы не будзеш турбаваць людзей з камунгаса. Не дарос. Ды і ганак — смяхоцце адно”. І падсунула мне пляшку і талерку з каўбаскай: “Раз ужо нарэзала — то еш, няўмека…” І чмок, чмок у шчочку…”

Нэлі КЛІМЕНКА, г. Паставы.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.