Па меры магчымасці

Экономика

Профсоюзы-АПК-эмблема

У склад раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу (АПК) уваходзяць 24 «пярвічкі», якія аб’ядноўваюць 3577 чалавек, у тым ліку 933 маладых (да 31 года).

У цэнтры ўвагі райкама і кожнай “пярвічкі” быў і застаецца клопат пра чалавека. Асаблівая пашана тым, хто вызначаецца ў працы. Райкам прафсаюза штогод арганізуе спаборніцтва на веснавых палявых работах, корманарыхтоўцы, уборцы ўраджаю. Пераможцам уру­чаюцца дыпломы і грашовыя прэміі. Так, па выніках раённага спаборніцтва на веснавых палявых работах сёлета прызнаны пераможцамі 12 чалавек: на корманарыхтоўцы — 9, уборцы зерневых — 3 ва­дзіцелі, якія першымі ў раёне перавезлі больш за 1000 тон зерня кожны. Гэта Аляксандр Альхімёнак, Вальдэмар Мацур і Аляксандр Болт з ААТ “Навасёлкі-Лучай”. А Андрэй Волк з ААТ “Хацілы-агра” стаў пераможцам абласнога спаборніцтва на нарыхтоўцы кармоў у стрэйч-плёнцы.

Ахопленыя спаборніцтвам і жывёлаводы. Некаторыя з  іх таксама ўвайшлі ў лік правафланговых на Віцебшчыне. Сёлета тройчы па выніках работы, за сакавік, красавік і май, пераможцамі абласнога спаборніцтва прызнаваліся работнікі даільнай залы  фермы “Волахі” ААТ “Хацілы-агра”. У раёне паспяхова праходзіць акцыя “Наш жывёлавод”, ініцыяваная Беларускім рэспубліканс­кім камітэтам прафсаюза работнікаў АПК.

Райкам прафсаюза і старшыні  прафкамаў не пакідаюць без увагі і такія пытанні, як паляпшэнне ўмоў працы, зніжэнне вытворчага траўматызму. Падчас веснавых палявых работ і ўборкі ўра­джаю ў гаспадаркі рэгулярна выязджаюць мабільныя групы, якія сочаць за бяспекай працы вадзіцеляў, механізатараў і эксплуатацыі тэхнікі. Напрыклад, пры правядзенні месячніка па ахове працы падчас уборачных работ абследаваны 44 рабочыя месцы, выяўлена і аператыўна ўхілена 110 парушэнняў норм аховы працы і тэхнікі бяспекі.

Не забываюць прафкамы і пра арганізацыю аздараўлення, адпачынку, ушаноў­ванне юбіляраў. За кошт райкама прафсаюза для найлепшых работнікаў набываюцца каштоўныя падарункі да такіх прафесійных свят, як Дні работніка сельскай гаспадаркі, будаўніка, меліяратара, рыбака. Вы­дзяляліся сродкі і на правядзенне міжнароднага конкурсу маладых сем’яў “Майстры  вёскі”, іншыя мерапрыемствы. Прафсаюзы прымалі актыўны  ўдзел у акцыях “Прафсаюзы — дзецям”, “Збяром школьны партфель разам”. За першае паўгоддзе 2016/2017 навучальнага года шасці навучэнцам Пастаўскага дзяржаўнага каледжа прысу­джаны стыпендыі раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК. Арганізоўваліся турыстычныя паездкі па краіне і за яе межы, на канцэрты папулярных эстрадных артыстаў.

На ўсё гэта і многае іншае патрабуюцца сродкі, якія фарміруюцца з прафсаюзных узносаў. А  вось тут якраз і ёсць  вялікая праблема. Па стане на 1 кастрычніка бягучага года запазычанасць па прафсаюзных узносах склала 76600 руб­лёў. Прычыны гэтага — арышт рахункаў, адсутнасць грашовых сродкаў, запазычанасць перад Фондам сацыяльнай абароны насельніцтва, перапрацоўчымі прадпрыемствамі, падатковай інспекцыяй. Тым не менш становішча  з прафсаюзнымі ўзносамі трэба выпраўляць.

Фаіна КАСАТКІНА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.