Падзяку за працу прымалі

Местная власть

245A9566я-1

Як мы паведамлялі ў папярэднім нумары, у мінулую пятніцу ў Паставах адбыліся раённыя дажынкі, прымеркаваныя да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. Сёння — падрабязней пра падзею.

Людзі вёскі — не спешчаныя святамі, нават выхадныя маюць не заўсёды. Бесперапынна ідзе работа на фермах, ні  на дзень не спыняецца яна і ў палях, калі наступае вялікае напружанне пасяўной, корманарыхтоўкі, уборкі ўраджаю. Патрабуюць клопату і ўласныя падвор’і. Сапраўдныя гаспадары зямлі заўсёды занятыя справай. Але ў гэты дзень, вобразна кажучы, і на іх вуліцу прыйшло свята. Фае раённага Дома культуры, а затым глядзельную залу запоўнілі радасныя прыбраныя механізатары, вадзіцелі, жывёлаводы, спецыялісты, кіраўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, ветэраны галіны. Толькі пераступалі парог установы культуры, як да стала з прысмакамі гасцінна запрашалі ўдзельнікі народнага клуба нацыянальнай кухні, гульні і абраду “Традыцыя”, хто жадаў, мог падсілкавацца і ў буфеце, які разгарнулі кааператары.

І вось народны ансамбль народнай песні “Вітанне” песняй “Калі ласка!” распачынае ўрачыстасць. Адначасова з яго выступленнем на сцэну выходзяць дзяўчаты ў нацыянальных строях з разгорнутымі беларускімі ручнікамі ў руках, а праз усю залу крочыць дажыначнае шэсце і далучаецца да прысутных на сцэне.

245A9552а

— Добры дзень, дарагія сябры! — звяртаецца да гасцей вядучая Алена Слядзеўская. — Сёння тут сабраліся найлепшыя працаўнікі сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. Вітаем усіх, хто працуе на зямлі і праслаўляе яе! Кожную восень на стол краіны хлебаробы падаюць вялікі каравай. У яго ўкладзена і праца хлебаробаў Пастаўшчыны.

Як сімвал жыцця, дабрабыту і вечнага абнаўлення каравай сёлетняга ўраджаю ўручаецца старшыні раённага выканаўчага камітэта Сяргею Васільевічу Чэпіку.

Кіраўнік раёна бярэ слова.

 — Сёння ў зале прысутнічаюць прадстаўнікі самых розных прафесій — людзі, якіх мы з гонарам называем гаспадарамі зямлі, майстрамі сваёй справы, — звярнуўся Сяргей Васільевіч да прысутных. — Хачу шчыра падзякаваць усім, хто часта без  адпачынку і выхадных здабываў ураджай, вырошчваў жывёлу, кіраваў сельгасарганізацыямі. Цёплыя  словы віншаванняў са святам і падзякі адрасую  ветэранам. Вось хто сапраўды ведае, што лёгкага хлеба не бывае.

Лепшыя камбайнеры раёна Віталій Смолка і Аляксандр Курдо з ААТ «Навасёлкі-Лучай», Аляксандр Буча і Аляксей Власаў з ААТ «Хацілы-агра».
Лепшыя камбайнеры раёна Віталій Смолка і Аляксандр Курдо з ААТ «Навасёлкі-Лучай», Аляксандр Буча і Аляксей Власаў з ААТ «Хацілы-агра».

Сёлетні сельскагаспадарчы год стаў самым сур’­ёзным выпрабаваннем для ўсяго народнагаспадарчага комплексу раёна і яго кадраў за апошнія дзесяцігоддзі. З-за праліўных дажджоў захоў­валася надзвычайная абстаноўка ад пасяўной да ўборачнай кампаніі. Ішла сапраўдная барацьба за ўраджай. А на ўборку льну давялося не толькі падымаць літаральна ўвесь раён, але і запрашаць людзей з суседніх. У асобныя дні на льняных палетках працавала больш за тысячу чалавек.

За пройдзены перыяд года працаўнікі вёскі атрымалі валавой прадукцыі на суму 48,9 мільёна рублёў, што склала на аднаго працуючага 21,3 тысячы руб­лёў. На нарыхтоўчыя  прадпрыемствы адпраўлена 34,2 тысячы тон малака, 5,6 тысячы тон жывёлы, 6,4 тысячы тон зерня. З усіх крыніц фінансавання на развіццё сяла выдзелена і асвоена больш за 5 мільёнаў рублёў, у тым ліку з раённага бюджэту — 173 тысячы. На жаль, неспрыяльныя  ўмовы надвор’я прывялі да недабору вялікай колькасці масланасення рапсу, зерня. Недабрана валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі да мінулагодняга ўзроўню на суму 4 мільёны рублёў, або 1,7 тысячы на аднаго працуючага.

Валавы збор зерня склаў у раёне 39 тысяч тон. Атрымана 4,5 тысячы тон рапсу, што на 1,6 тысячы тон больш, чым летась. Вядучыя калектывы па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі — ААТ “Хацілы-агра”, “Навасёлкі-Лучай”, “Кураполле-агра”, КУСП “Ляхаўшчына-агра”. Цвёрда трымаюць лідарства па вытворчасці зерня ААТ “Хацілы-агра”, дзе найбольш высокія паказчыкі прадукцыйнасці зерневага поля — 160 кілаграмаў зерня з аднаго балагектара, і “Навасёлкі-Лучай” — 151,7 кілаграма.

Кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў «Хацілы-агра», «Навасёлкі-Лучай», «Ляхаўшчына-агра», «Кураполле-агра», «Дунілавічы-агра», «Камайскі-агра» В. І. Крыштафовіч, Ю. Ф. Шымчык, Б. Ф. Барэйка, А. І. Ромель,  А. В. Сарапененка, К. Г. Гайліеўскі.
Кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў «Хацілы-агра», «Навасёлкі-Лучай», «Ляхаўшчына-агра», «Кураполле-агра», «Дунілавічы-агра», «Камайскі-агра» В. І. Крыштафовіч, Ю. Ф. Шымчык, Б. Ф. Барэйка, А. І. Ромель, А. В. Сарапененка, К. Г. Гайліеўскі.

Пасля выступлення старшыні райвыканкама пачынаецца цырымонія ўзнагароджвання. Першымі на сцэну запрашаюцца кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, якім прысуджаны прызавыя месцы ў раённым спаборніцтве ў розных намінацыях. Тры пераходныя вымпелы раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў С. В. Чэпік уручыў дырэктару ААТ “Хацілы-агра” Вячаславу Крыштафовічу (першае месца па вытворчасці зерня, другое — алейных культур і на ўздыме зябліва). Столькі ж  адзнак аказалася і ў руках дырэктара ААТ “Навасёлкі-Лучай” Юрыя Шымчыка (першае месца па вытворчасці бульбы і алейных культур, другое — зерня), а таксама дырэктара камунальнага ўнітарнага сельгаспрадпрыемства “Ляхаўшчына-агра” Баляслава Барэйкі (першае месца па вытворчасці травяных кармоў, трэцяе  — па вытворчасці зерневых і алейных культур).

Як бачна, гэтыя тры вышэйназваныя гаспадаркі лідзіруюць па ўсіх асноўных пазіцыях. Акрамя іх, адзначаны: па вытворчасці травяных кармоў — ААТ “Кураполле-агра” (дырэктар — Аляксандр Ромель), уздыме зябліва — КУСП “Дунілавічы-агра” (дырэктар — Андрэй Сарапененка) і ААТ “Камайскі-агра” (упраўляючы — Канстанцін Гайліеўскі). Ганаровая грамата Віцебскага канцэрна “Мяса-малочныя прадукты” ўручана дырэктару малочнага завода Георгію Касценю. Падзяка старшыні райвыканкама за аказанне шэфскай дапамогі аб’яўлена працоўным калектывам УП ЖКГ (дырэктар — Ілья Глушонак), філіялаў “АТП №17” (дырэктар — Алег Малахаў), “ДЭУ-33” (дырэктар — Алег Крукоўскі), за станоўчыя вынікі работы па вытворчасці льну-даўгунцу — ільнозаводу (дырэктар — Пётр Скурко).

Пасля невялікага відэафільма, падрыхтаванага  мясцовымі тэлежурналістамі, які адлюстроўваў настойлівасць хлебаробаў, цяжкасці іх працы, прыродныя катаклізмы, што прынеслі дадатковыя выпрабаванні, цырымонія ўзнагароджвання прадоўжылася. Першы намеснік старшыні —  начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Генадзій Іосіфавіч Лютынскі ўручыў Падзякі старшыні райвыканкама камбайнерам, вадзіцелям, аператарам зернесушылак, якія занялі першае, другое або трэцяе месцы на розных відах работ. Іх 35. Такія ж падзякі атрымалі яшчэ дзесяць чалавек, якія прызнаны пераможцамі раённага спаборніцтва сярод работнікаў і спецыялістаў сельгасарганізацый. Гэта загадчыца склада ААТ “Ярэва-агра” Ала Міхалевіч, галоўны бухгалтар ААТ “Блакітныя азёры-агра” Галіна Махрова, бухгалтар ААТ “Андроны” Вера Міхута, механізатары Ігар Шыхаў, Валянцін Лукашэвіч, Сяргей Бразоўскі, Аляксандр Самковіч, Сяргей Ганчар, Андрэй Галінскі, Андрэй Ермалаеў з ААТ “Вярэнькі-агра”, “Янавіца-агра”, “Камайскі-агра”, “Парыж-агра”, СП “Дунілавічы-агра”  і АБП “Рассвет Пастаўскі”, райаграсэрвісу.

Дэлегацыя ААТ «Хацілы-агра».
Дэлегацыя ААТ «Хацілы-агра».

Зарапад узнагарод на гэтым не скончыўся. Першы сакратар раённага камітэта БРСМ Іна Каралёва ўручыла граматы і памятныя падарункі прадстаўнікам студэнцкіх атрадаў, дырэктар малочнага завода Георгій Касцень — прэміі партнёрам — кіраўнікам  сельгаспрадпрыемстваў,  Ганаровыя граматы Віцебскага канцэрна “Мяса-малочныя прадукты” і прадпрыемства — перадавікам-завадчанам, старшыня райспажыўтаварыства Рыгор Леўкавец  — прэміі  партнёрам-сельгасвытворцам.

Стаміла вас пералікам? Але ўсё роўна дзясяткі прозвішчаў перадавікоў, што прагучалі на свяце, з-за абмежаванасці газетнай плошчы не назвала. І кожнаму, безумоўна, было прыемна атрымаць на раённым свяце падзяку за сваю працу. А потым паглядзець добры канцэрт мастацкай самадзейнасці, у якім прынялі ўдзел такія папулярныя калектывы, як “Паазер’е”, “Вітанне”, “25 плюс-мінус”, дзіцячыя “Юніта”, “Каскад”, “Непаседы”, салісты Вольга Балотнікава, Людміла Логінава, Ганна Антух, Пётр Кароль і іншыя.

А завяршыць гэты матэрыял з урачыстасці хачу словамі старшыні райвыканкама Сяргея Васільеві­ча Чэпіка. “Будзе і на нашай вуліцы надвор’е!” — закончыў ён сваё выступленне, і зала патанула ў апладысментах. Павінна быць! Бо такога, якое выдалася на хлебаробскую долю сёлета, не пажадаеш і ворагу. Таму і поспехі сціплыя. Але яны ёсць, і гэта дадае аграрыям аптымізму.

Што да жывёлаводаў, то найлепшыя з іх будуць ушанаваны на раённай урачыстасці, прысвечанай падвядзенню вынікаў года, якая звычайна ладзіцца ў лютым.

Фаіна КАСАТКІНА.

Фота Сяргея ВШЫЎКАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.