Пакупкі даставіць Белпошта


Спецыяліст па продажах “Бізнес-пошты” Эльвіра Анатольеўна Балошка.
Спецыяліст па продажах “Бізнес-пошты” Эльвіра Анатольеўна Балошка.

Як паскорыць дастаўку паштовай карэспандэнцыі, распаўсюдзіць рэкламна-інфармацыйныя матэрыялы, падпісацца на перыядычныя друкаваныя выданні ў інтэрнэце, адкрыць новыя магчымасці для развіцця бізнесу? На гэтыя і многія іншыя прадыктаваныя часам пытанні, не кажучы ўжо пра асноўныя паштовыя паслугі, ведаюць адказ работнікі РУП “Белпошта”. А нядаўна яны яшчэ сталі экспертамі і па дастаўцы тавараў, набытых у інтэрнэт-магазінах і звычайных гандлёвых кропках.

“Хуткасць. Надзейнасць. Даступнасць” — гэты прынцып ужо на працягу многіх дзесяцігоддзяў ляжыць у аснове паўсядзённай дзейнасці РУП “Белпошта”. А каб ён і надалей заставаўся актуальным, паштавікі імкнуцца сачыць за павевамі часу, укараняць новыя тэхналогіі і паслугі, павышаць іх якасць. Адным з такіх інавацыйных падыходаў да работы з юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі стала адкрыццё офісаў комплекснага абслугоўвання “Бізнес-пошта”. У нашым райцэнтры гэта структурнае падраздзяленне раённага вузла паштовай сувязі дзейнічае чацвёрты год. Яно прапануе кліентам поўны спектр паштовых і няпрофільных паслуг. Асноўныя — прыём пасылак, грашовых пераводаў, пісьмовай карэспандэнцыі, паскоранай пошты EMS Belpost, рэалізацыя маркіраванай і немаркіраванай прадукцыі, ажыццяўленне пад­піскі на друкаваныя СМІ.

Спіс прапаноў рэгулярна пашыраецца. Адна з навінак —  пакеты паслуг “E-commerce”. Яны закліканы дапамагчы ўладальні­кам інтэрнэт-магазінаў, якія не маюць уласнай службы дастаўкі, пераслаць тавар пакупнікам. Для гэтага  прадстаўніку аб’екта дыстанцыйнага гандлю неабходна заключыць адпаведны дагавор на “Бізнес-пошце”. У залежнасці ад яго патрэб паштавікі могуць прапанаваць пакеты “Эканом”, “Стандарт”, “Стандарт+”, “Эліт”. Усе яны ўключаюць паслугу камплектацыі, дастаўкі і e-mail-паведамленне аб уручэнні адпраўлення. Адрозніваюцца пакеты ўмовамі адпраўкі і дастаўкі. Па жаданні кліент адправіць або атрымаць тавар можа ў аддзяленні паштовай сувязі, на “Бізнес-пошце”, у офісе, на складзе кампаніі ці дома. Кожны з пакетаў паслуг “E-commerce” мае сваю перавагу. Напрыклад, у “Эканом” кошт адпраўлення не залежыць ад яго вагі (за 3 рублі можна зрабіць улажэнне да 30 кілаграмаў), на паслугу “Стандарт” першыя тры месяцы дзейнічае скідка ў памеры 10%, “Стандарт+” прадугледжвае дастаўку тавару пакупніку дадому, а “Эліт” — прыём паштовага адпраўлення ў офісе ці на складзе інтэрнэт-магазіна і дастаўку дадому. У адпаведнасці з выбраным пакетам паслуг, тэрміны перасылкі падраздзяляюцца на “сёння на сёння” і “на наступны працоўны дзень ва ўказаны час”.

— Безумоўнымі плюсамі прапановы з’яўляюцца выгадныя тарыфы, магчымасць перасылкі з накладным плацяжом, што гарантуе залічэнне на разліковы рахунак інтэрнэт-магазіна грошай, якія пакупнік плаціць пры атрыманні тавару, прадугледжана частковая выдача ўлажэння, а таксама яго вяртанне са  скідкай 50%, вяртанне дакументаў (дагавор, накладная і інш.), а таксама дадатковыя анлайн-сэрвісы, — пералічвае перавагі спецыяліст па продажах Эльвіра Анатольеўна Балошка.

Паслуга ўжо знайшла сваіх прыхільнікаў. А каб іх колькасць павялічвалася, работнікі “Бізнес-пошты” нядаўна правялі ты­дзень “E-commerce”. Падчас яго расказвалі наведвальнікам цэнтральнага аддзялення паштовай сувязі ў райцэнтры пра новую прапанову, раздавалі інфармацыйныя буклеты.

Белпошта наладзіла супрацоўніцтва не толькі з інтэрнэт-магазінамі, але і са звычайнымі гандлёвымі кропкамі. Літаральна на днях прадпрыемства запусціла новую паслугу “Дастаўка пакупак дадому”. Зараз можна набыць у магазіне тавары і аформіць іх дастаўку дадому альбо паслаць такім чынам падарунак родным ці сябрам у любую кропку Беларусі. А гэта вельмі актуальна напярэдадні калядных і навагодніх свят. Аформіць і аплаціць паслугу можна, што называецца, не адыходзячы ад касы — непасрэдна ў магазіне. Праўда, толькі ў тым, які заключыў на “Бізнес-пошце” адпаведны дагавор. Максімальная вага рэчаў — 15 кілаграмаў. Пра тое, якія магазіны ў Паставах будуць прадастаўляць паслугу “Дастаўка пакупак дадому”, паведамім дадаткова, бо пакуль паштавікі актыўна вядуць перагаворы наконт гэтага з загадчыкамі і гаспадарамі гандлёвых кропак.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.