
Матэрыял пра тое, што футбольная каманда навучэнцаў Пастаўскага дзяржаўнага каледжа стала пераможцай абласных спаборніцтваў па міні-футболе сярод аналагічных устаноў адукацыі і прадставіць Віцебскую вобласць на рэспубліцы, друкаваўся ў адным з папярэдніх нумароў раённай газеты. Напрыканцы мінулага тыдня ў рэдакцыю прыйшла яшчэ адна прыемная навіна — пастаўчане годна выступілі на заключным этапе і занялі трэцяе месца.
Фінальныя гульні рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі па міні-футболе праходзілі 24-26 кастрычніка ў Магілёве. Гонар Віцебшчыны адстойвалі пастаўчане Валерый Пліско, Раман Пасевіч, Віталій Жылевіч, Максім Гарбачоў, Сяргей Міснік і Руслан Хаткевіч. Таксама каманда была ўзмоцнена перспектыўным іграком з Гарадоцкага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа Мікітам Дзенісенкам.
У першай гульні прадстаўнікі нашай вобласці саступілі равеснікам з Брэсцкай вобласці з лікам 4:8, а ў другой — перамаглі сапернікаў з Мінскай (5:3). У выніковым матчы за трэцяе месца з футбалістамі Гродзеншчыны ўдача таксама была на нашым баку (6:3). Каманда ўзнагароджана дыпломамі і бронзавымі медалямі. Па выніках рэспубліканскіх спаборніцтваў найлепшым нападаючым прызнаны Раман Пасевіч. Ён заахвочаны дыпломам і сувенірам.
Такога значнага выніку футбалісты каледжа дабіліся ўпершыню. Віншуем!
Вераніка ФІЛАНОВІЧ.