Перадаецца з генамі

Сельское хозяйство

245A9338в

Пасля заканчэння Беларускага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта Валерый Курто год адпрацаваў у ААТ “Хацілы-агра” спачатку інжынерам па сельгасмашынах, а затым галоўным інжынерам. Потым яго прызвалі ў армію. Трапіў у войскі спецыяльнага назначэння. Спачатку было цяжка — фізічная нагрузка каласальная. Але ўцягнуўся хутка. Неўзабаве назначылі вадзіцелем начальніка штаба воінскай часці. Перад заканчэннем тэрміну службы палкоўнік неаднойчы агітаваў застацца ў арміі, гаварыў пра добрыя перспектывы, але пазіцыя юнака была нязменнай: “Кожны павінен рабіць сваю справу. Маё прызванне — працаваць на зямлі”.

— Усе маладыя рвуцца ў Мінск, а наш Валерка — з Мінска, — гаварыла яго маці Соф’я Людвікаўна. — Пяць гадоў вучыўся там ва ўніверсітэце, потым служыў у арміі. Дык чаму б і не застацца ў сталіцы? Але і слухаць не хацеў пра гэта.

— Самі  вінаватыя, — смяецца ў адказ сын. — Змалку прывучылі мяне да працы на зямлі, дык што ж цяпер хочаце?

Бацька Павел Валяр’янавіч у гэты дыялог не ўмешваецца. І ўвагу журналіста лічыць залішняй: “Чаму выбралі для газеты нас? Сям’я як сям’я, нічога асаблівага…”

Хіба нічога? Для мяне асаблівасць ужо ў тым, што знаёмлюся з прадстаўніком трэцяга пакалення сапраўдных гаспадароў зямлі дынастыі Курто. Не адзін дзясятак гадоў назад пісала пра перадавых жывёлаводаў калгаса імя Мічурына (цяперашняе ААТ “Хацілы-агра”) Валерыя Валяр’янавіча і Марыю Вітальеўну. Былі героямі газетных публікацый і іх сын Павел з жонкай Соф’яй, таксама жывёлаводы. Трэцяе пакаленне Курто — Кацярына і Валерый. Яна закончыла Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, праўда, зараз працуе ў сацыяльнай сферы, ён — Беларускі аграрна-тэхнічны ўніверсітэт і вучыцца завочна ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, узначальвае інжынерную службу ААТ “Хацілы-агра”.

Напэўна, зусім невыпадкова яго назвалі ў гонар дзядулі. Юнак з асаблівай цеплынёй успамінае, як дзед Валера вучыў яго ўсім сялянскім прамудрасцям, майстраваў асаблівыя прылады працы, з якімі мог справіцца хлапчук, прывучаў да акуратнасці і адказнасці.

— Такіх хлопцаў, як наш Валера, зараз мала, — не хавала гонару маці. — Яму не трэба казаць, што зрабіць. Усё бачыць і ўсё ўмее — у доме, на агародзе, каля скаціны. Задумалі рамонт дома — і тут у яго ўсё атрымалася.

Дарэчы, пра дом. Не ў многіх гарадскіх мне даводзілася бачыць такую прастору, акуратнасць і прыгажосць, стыльнасць, як у Курто. І той жа агародчык перад домам, і гаспадарчыя пабудовы — бачна, што ўсюды ўкладзена шмат працы.

Гаспадар, Павел Валяр’янавіч, трыццаты год працуе на адкорме буйной рагатай жывёлы. Кажа: “Замяніў бацьку, які пайшоў на пенсію. Такіх працаўнікоў, як ён, не было, няма і не будзе. Днямі споўнілася дзесяць гадоў, як памёр. Памалі­ліся ў касцёле, з’ездзілі на могілкі. А маці жыве пры маёй сястры ў Паставах. Па стараннасці яна таксама не саступала бацьку”.

— Усе Курто — рабацягі, — працягвае размову Соф’я Людвікаўна. — І я ад іх навучылася. Раней не была такой (смяецца). Працавала ў сталовай. А як пайшла да Паўла  на цялятнік (было гэта 25 гадоў назад), дык і ўцягнулася. Работа цяжкая, ужо і на здароўі абаіх адбіваецца, але цягнем. Даглядаем каля трохсот цялят. Чаго гэта каштуе, ведае толькі той, хто сам некалі меў або мае зараз дачыненне да жывёлагадоўлі.

У іх сына Валерыя асноўны клопат — тэхнічны. Сёлетняя ўборачная для яго, ды і для ўсіх земляробаў, стала выпрабаваннем на стойкасць. Усяго хапала — тэхнікі, гаручага, запчастак, механізатараў, а работа ішла марудна — перашкаджалі дажджы.

— І ўсё ж мы не далі ўраджаю загінуць, — гаворыць малады спецыяліст. — Канешне, такога намалоту, як летась, не атрымалі, але на тое былі аб’ектыўныя прычыны. Зараз рыхтуем аснову пад будучы ўра­джай. Кадры ў нас адказныя. Мяне радуе, што большая частка вадзіцеляў і механізатараў — моладзь. Значыць, ёсць перспектыва.

Мы яшчэ доўга гаварылі з Валерыем пра перспектывы  развіцця сельскай гаспадаркі і ў прыватнасці ААТ “Хацілы-агра”, пра яго асабістыя планы, і мне ніяк не верылася, што так грунтоўна, узважана, па-гаспадарску разважае 24-гадовы, а не сталых гадоў спецыяліст. Сапраўды, будучыня — за маладымі.

Фаіна КАСАТКІНА.

Фота Сяргея ВШЫЎКАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.