Праінспектаваў спажыўкааперацыю, паабяцаў дапамагчы наведвальнікам

Местная власть

IMG_4237
Падчас наведвання філіяла «Каапнарыхтпрамгандаль Пастаўскага райспажыўтаварыства».

 Трэцяга лістапада асабісты прыём грамадзян у Паставах правёў член Прэзідыума Савета Рэспублікі, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Аляксандр Андрэевіч Папкоў. Да прыёму наведвальнікаў ён пабываў на некаторых прадпрыемствах горада, якія 27 лістапада стануць пляцоўкай для правядзення Савета па ўзаемадзеянні з органамі мясцовага самакіравання, створанага пры Савеце Рэспублікі.

Тэма маючага адбыцца мерапрыемства — “Аб рабоце мясцовых органаў улады па павышэнні канкурэнтаздольнасці арганізацый спажывецкай кааперацыі і ўдасканаленні іх дзейнасці з мэтай забеспячэння эканамічнай заможнасці рэгіёна і задавальнення патрэб насельніцтва на прыкладзе Віцебскай вобласці”. З мэтай падрыхтоўкі да яго, акрамя А. А. Папкова і яго памоч­нікаў, у наш горад прыехалі першыя намеснікі старшынь: Віцебскага аблвыканкама — А. С. Мацкевіч і праўлення Віцебскага абласнога саюза спажывецкіх таварыстваў — В. А. Шуляк, а таксама начальнік упраўлення прамысловасці, якасці і стандартызацыі Белкаапсаюза Аляксандр Іванавіч Арэхаў.

Спачатку госці ў суправаджэнні  старшыні раённага выканаўчага камітэта С. В. Чэпіка, старшыні раённага Савета дэпутатаў В. П. Арэхава і кіраўніка райспажыўтаварыства Г. А. Леўкаўца накіраваліся ў філіял “Каапнарыхт­прамгандаль”, дзе наведалі мясаперапрацоўчы і квасільны цэхі, агароднінасховішчы і склад другаснай сыравіны. Пазнаёміліся з умовамі вытворчасці і захоўвання прадукцыі, яе асартыментам, змаглі прадэгуставаць вырабы пастаўскіх кааператараў. А. А. Папкова цікавіла літаральна ўсё: арганізацыя тэхналагічных працэсаў, наяўнасць і якасць сыравіны, яе пастаўшчыкі, эканамічныя паказчыкі прадпрыемства, стан асноўных і дапаможных памяшканняў. Затым гэтак жа дэталёва быў агле­джаны хлебазавод філіяла “Каапгандаль №2” райспажыўтаварыства. На абодвух прадпрыемствах выяўлены шэраг недахопаў, на якія ўказана іх кіраўнікам. Значна менш заўваг прагучала падчас наведвання магазіна “Родны кут” па вуліцы Савецкай у Паставах. Аляксандра Андрэевіча задаволілі як насычанасць аб’екта гандлю таварамі, іх асартыментны пералік і выкладка, так і прыведзеныя лічбы тавараабароту.

— Пастаўскі раён заўсёды выгадна адрозніваўся ад іншых у плане арганізацыі гандлёвага абслугоўвання насельніцтва, — адзначыў ён пазней, характарызуючы ўбачанае. — У свой час тут стварылі нядрэнную базу па нарыхтоўцы і перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі. Вельмі важна, што каля 30 працэнтаў прадстаўленых на прылаўках магазінаў харчовых тавараў складае прадукцыя ўласнай вытворчасці. Сыравіна для яе якасная, закупляецца ў мясцовых сельгаспрадпрыемстваў, фермераў, насель­ніцтва. А вось матэрыяльная база вытворчых аб’ектаў на сённяшні дзень крыху састарэла. Перш за ўсё шмат ручной працы, сучасных падыходаў патрабуе таксама арганізацыя працэсу захоўвання сыравіны. І самае галоўнае — мы павінны думаць, якім чынам перапрацаваны тавар пастаўляць на экспарт. Таму што ад продажу яго за мяжу залежыць напаўняльнасць бюджэту, а значыць, нашы з вамі зарплаты, пенсіі, іншыя сацыяльныя выплаты.

IMG_4307

У райвыканкаме А. А. Папкова чакалі пяцёра наведвальнікаў. Першую жанчыну хвалявала праблема з працаўладкаваннем. Пасля перанесенай некалькі гадоў таму аперацыі яна засталася інвалідам па захворванні апорна-рухальнага апарату, з цяжкасцю можа хадзіць. Неўзабаве на пенсію, а працоўнага стажу практычна няма, бо доўгі час даглядала бацькоў — ветэрана Вялікай Айчыннай вайны і вязня канцлагера. Самастойна знайсці падыхо­дзячую работу не атрымалася. Калі звярнулася ў райвыканкам, прапанавалі месца дыспетчара ў Юньках. “Але як туды дабірацца з маімі праблемамі са здароўем? — бедавала пастаўчанка. — Не здымаць жа жыллё ў вёсцы”.

— Пастараемся падабраць такі варыянт, які б вас задаволіў, — абнадзеіў наведвальніцу А. А. Папкоў і даручыў В. П. Арэхаву асабіста пракантраляваць яе працаўладкаванне.

Ніяк не можа знайсці работу і другая жыхарка райцэнтра. Жанчына была асуджана, па яе словах — незаконна. Цяпер спрабуе дабіцца справядлівасці і з дапамогай нанятых адвакатаў зняць з сябе ўсе абвінавачванні. Для аплаты паслуг адвакатаў патрэбны немалыя грошы, якіх няма, бо не бяруць ні ў адну арганізацыю. Высветліўшы, што да судзімасці наведвальніца працавала ва УП ЖКГ, Аляксандр Андрэевіч папрасіў дырэктара прадпрыемства І. Г. Глушонка ўзяць яе зноў на работу. А каб разабрацца ў справядлівасці прад’яўленых судом абвінавачванняў, параіў напісаць пісьмо Генеральнаму пракурору краіны і прыкласці ўсе сабраныя дакументы.

IMG_4326

Дзвюх наступных пастаўчанак непакоіла жыллёвае пытанне. Адна з іх, 80-гадовага ўзросту, пражывае з хворай дачкой у прыватызаванай нядобраўпарадкаванай кватэры, якую з дапамогай раённых улад хоча абмяняць на добраўпарадкаваную. Другая жадае вярнуць забраны ў савецкі час дом у райцэнтры — яго купіў бацька пасля таго, як вярнуўся з заработкаў у Амерыцы. У першым выпадку А. А. Папкоў даў указанне адпаведным раённым службам аказаць садзейнічанне ў стварэнні ў доме пенсіянеркі магчымых камунальных выгод. У другім — паабяцаў падняць заканадаўства тых часоў, калі быў канфіскаваны будынак, і даць адказ аб магчымасці яго вяртання.

Апошнім на прыём да члена Прэзідыума Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу краіны завітаў начальнік ДРБУ-132 С. А. Рагіня. Яго непакоіла тое, што пасля прыняцця ў снежні мінулага года новага Ляснога кодэкса лясгасы перасталі выдаваць лесарубачныя білеты на высечку хмызнякоў уздоўж дарог, як было раней. У сувязі з гэтым намнога ўзрос кошт работ. Так, каб акультурыць 5 кіламетраў прыдарожнай паласы, неабходна заплаціць каля 15 тысяч рублёў. Такая сума нерэальная для арганізацыі, на балансе якой амаль 1000 кіламетраў дарог. Станіслаў Альфрэдавіч папрасіў прадстаўніка вышэйшага заканадаўчага органа краіны пасадзейнічаць у тым, каб вярнуліся да ранейшай практыкі.

— Калі чалавек прыходзіць на прыём да чыноўніка, значыць, ён мае ў чымсьці патрэбу, і перш за ўсё — ва ўвазе і дапамозе, — гаварыў, падводзячы вынікі прыёму, А. А. Папкоў. — Лічу, што любы кіраўнік павінен думаць, якім чынам дапамагчы таму, хто да яго звярнуўся, вырашыць праблему, калі гэта не супярэчыць закону, нейкім прынцыпам і маралі.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.