Прызыўная кампанія выйшла на фінішную прамую

Правовое поле

В. І. Баравік прымае анкету ў прызыўніка Станіслава Пяткевіча.
В. І. Баравік прымае анкету ў прызыўніка Станіслава Пяткевіча.

Восьмага лістапада стартаваў апошні этап восеньскай прызыўной кампаніі — адпраўка навабранцаў у воінскія часці.  Рады салдат тэрміновай службы папоўняць і 48 хлопцаў з нашага раёна, 5 пройдуць яе ў рэзерве. Укамплектаванне Узброеных Сіл Беларусі, іншых войск і воінскіх фарміраванняў завершыцца ў канцы месяца.

Найбольш шматлікая група нашых землякоў, 14 чалавек, будзе выконваць свой воінскі абавязак у 72-м аб’яднаным вучэбным цэнтры ў Пячах. На мінулым тыдні яны, а таксама яшчэ два юнакі, якія пройдуць службу ў 14-ым асобным палку ўрадавай сувязі Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі (Мала­дзечна), былі вызваны ў ваенкамат для медагляду і ўручэння ваенных білетаў.

Перш-наперш у актавай зале раённага ваеннага камісарыята навабранцы прайшлі анкетаванне. Яно заклікана выключыць наяўнасць абставін, якія перашкаджаюць службе ў войску. Скажам, калі за час прызыўной кампаніі ў хлопца змянілася сямейнае становішча, ён быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці, узніклі іншыя змены, прызыўнік можа атрымаць адтэрміноўку альбо ўвогуле быць вызвалены ад тэрміновай службы.

Затым будучых салдат па чарзе выклікаюць у кабінет. Там начальнік групы прызыву на ваенную службу Валерый Іосіфавіч Баравік вывучае анкету, правярае, ці ўсе патрэбныя дакументы ёсць у асабістай справе. Вядучы спецыяліст названай групы Андрэй Іванавіч Турла праводзіць інструктаж, пад роспіс выдае ваенны білет і разам з уладальнікам звярае па літарах правільнасць яго запаўнення, бо на бліжэйшы час ён стане асноўным дакументам па воінскім уліку. Побач урач-тэрапеўт участковага педыятрычнага аддзялення паліклінікі ЦРБ Ганна Станіславаўна Міхалевіч сочыць за тым, каб не адправіць у армію прызыўніка з вострай формай якога-небудзь захворвання. 

Хлопцы старанна адказваюць на пытанні, жартуюць. У аднаго з іх пытаюся, як настроены.

— Аптымістычна, — адказвае Аляксей Бартко. — Мой дзядуля, на жаль, яго няма ўжо ў жывых, быў афі­цэрам, бабуля ў званні малодшага сяржанта служыла поварам у ракетнай часці. Яна раіць падпарад­коў­вацца старэйшым па званні, паважліва ставіцца да саслужыўцаў. Дарэчы, тата ў свой час таксама хацеў стаць кадравым ваенным, але падвёў зрок. Ахвотна іду ў армію і я.

На наступны дзень 16 юнакоў у суправаджэнні маёра Баравіка прыбылі на абласны прызыўны пункт. А адтуль пасля выніковага медагляду адправіліся ў воінскія часці.                  

 Вераніка ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.