“Работа над якасцю і мадэрнізацыя дазваляюць не губляць рынкі”

Экономика

Апаратчык вытворчасці кісламалочных прадуктаў Р. І. Кліпа і наладчык абсталявання ў вытворчасці харчовай прадукцыі А. Д. Андрэйчык.
Апаратчык вытворчасці кісламалочных прадуктаў Р. І. Кліпа і наладчык абсталявання ў вытворчасці харчовай прадукцыі А. Д. Андрэйчык.

На працягу многіх гадоў Пастаўскі малочны завод быў адным з вядучых прамысловых прадпрыемстваў раёна, якое цвёрда стаяла на нагах і даволі ўпэўнена глядзела ў заўтрашні дзень. У чэрвені бягучага года яму перадалі ў кіраванне ААТ “Камайскі-агра”, дзе ў апошні час справы ішлі не лепшым чынам. Як паўплывала гэта на фінансавае становішча завода? З такога пытання карэспандэнт “ПК” пачала гутарку з яго дырэктарам Г. П. КАСЦЕНЕМ.

— Адразу скажу, што мы заўсёды дапамагалі мясцовым сельгаспрадпрыемствам, — адзначыў Георгій Пятровіч. — На сённяшні дзень у іх знахо­дзіцца нашых грошай на суму больш за 11 мільёнаў рублёў. Актыўней аказваць дапамогу “Камайскаму” сталі, калі там пачалася змена кіраўніцтва і гаспадарка з перадавых скацілася ў аўтсайдары. Цяпер мы з’яўляемся кіруючай арганізацыяй ў дачыненні да яе. Назначылі з ліку сваіх спецыялістаў упраўляючага Канстанціна Генрыхавіча Гайлеўскага. Ён мае вопыт работы ў гэтай галіне, бо ў свой час кіраваў гаспадаркай у Браслаўскім раёне. На заво­дзе працаваў галоўным эканамістам і зарэкамендаваў сябе патрабавальным і адказным чалавекам. Дзякуючы намаганням Канстанціна Генрыхавіча, ужо маем некаторыя станоўчыя зрухі. Так, з кастрычніка надой малака ў “Камайскім” складае 110-115% да ўзроўню мінулага года, а рэалізацыя вырасла да 120%. Таксама атрымана тэхніка ў лізінг: два “Кіраўцы”, кормаўборачны камбайн, касілкі, грабілкі, прэс-падборшчыкі-абгортвальнікі рулонаў і інш.

Што да завода, то фінансавая нагрузка на яго, безумоўна, павялічылася, паколькі штомесяц укладваем у перададзеную нам гаспадарку каля 300 тысяч рублёў. Акрамя таго, рэгулярна пералічваем 4,5-5% ад сваёй выручкі ў абласны Фонд падтрымкі сельгасвытворцаў. Гэта яшчэ каля 400 тысяч. Калі б атрымалася хаця б частку гэтых грошай перанакіраваць у “Камайскі”, справы там маглі б пайсці намнога лепш.

— Паспяховасць прадпрыемства ў мно­гім залежыць ад пазіцый на знешнім і ўнутраным рынках. Як тут абстаяць справы?

— Тое, што ўся вырабленая на заводзе прадукцыя рэалізуецца, сведчыць пра ўстойлівасць яго пазіцый. Мы даволі паспяхова канкурыруем з вытворцамі на ўнутраным рынку — у нас ёсць уласная ніша. Дзякуючы таму, што шмат гадоў назад, калі заводам кіраваў Эдуард Пятровіч Казура, аднымі з першых малочных прадпрыемстваў у вобласці пачалі рэалізацыю ў Мінск, зараз маем там свайго пакупніка, які ведае і любіць прадукцыю пад гандлёвай маркай “Паставы-гарадок”. Канешне, аб’ёмы продажу на ўнутраным рынку можна было б крыху павялічыць. Але пакуль свядома не робім гэтага, бо больш прыбытковая рэалізацыя на Расію, дзе нас таксама дастаткова добра ведаюць.

Асноўны наш партнёр у Ра­сійскай Федэрацыі — ЗАТ “Тандэр”, прадстаўлены сеткай магазінаў “Магніт”. Яна пакрывае тэрыторыю ад Смаленскай, Архангельскай, Мурманскай абласцей да Урала, Сібіры і паўднёвых рэгіёнаў. Нядаўна прадукцыю Пастаўскага малаказавода бачылі нават у Абхазіі, куды яна трапіла праз “Магніт”. Другі па велічыні пакупнік — гандлёвая сетка “Монетка”. Гэтыя два партнёры забіраюць на экспарт прыблізна 450 тон сыру ў месяц, пры тым што вырабляем яго 600-650 тон. Крыху працуем з гандлёвай сеткай “Х-5”, у якую ўваходзяць магазіны “Перекрёсток”. Акрамя сыроў, пастаўляем у Расію сметанковае масла. На яго з мінулага года пачаўся рост цэн, і цяпер гэты прадукт дае нядрэнную рэнтабельнасць. Прыблізна 1% ад усёй рэалізацыі на экспарт сыроў і масла прадаём у Казахстан. Спрабуем трапіць на рынкі іншых краін.

— Не сакрэт, што прадукцыя Пастаўскага малаказавода не толькі смачная, але і якасная. Гэта пацвярджаюць як пакупнікі, так і шматлікія ўзнагароды на розных конкурсах і выставах.

— Так, пытанню якасці мы заўсёды надавалі і надаём самую пільную ўвагу. Пастаянна працуем на ўзроўні прыёмкі малака, даволі педантычна адносімся да яго якасных характарыстык. Калі ўзнікаюць нейкія праблемы, адразу ж звязваемся з упраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, з самімі гаспадаркамі-пастаўшчыкамі, каб унесці карэктывы ў вытворчасць. Таму што з дрэннай сыравіны добры прадукт не атрымаеш, якія б фільтры на заводзе ні стаялі і якую б тэрмаапрацоўку ні праводзілі. Мясцовыя сельгаспрадпрыемствы ўжо прывыклі да нашых патрабаванняў. А вось з іншымі пастаўшчыкамі часам узнікаюць праблемы. Заўважу, што для таго, каб загрузіць натуральнамалочны і сырцэх, нам неабходна штодзень каля 260 тон малака. Пастаўскі раён дае яго каля 105 тон. Астатняе завозім з Браслаўскага, Аршанскага раёнаў і іншых абласцей краіны.

Што датычыць ацэнкі нашай прадукцыі, то самая галоўная, на мой погляд, тая, якую даюць пакупнікі. Прыемна, калі на адрас прадпрыемства прыходзяць пісь­мы са словамі па­дзякі ад людзей. Даволі высока ацэньваюць нашы сыры, смятану, кефір, малако, вяршкі і спецыялісты. Як і ў мінулыя гады, сёлета мы прывезлі шэраг Гран-пры і дыпломаў са спецыялізаваных выстаў “Белагра”, “ЗОЖ” і “Продэкспо” (Масква), народнага конкурсу-дэгустацыі “Чэмпіён смаку”, выставы беларускіх вытворцаў у Астане “Made in Belarus”, увайшлі ў лік фіналістаў Прэміі спажывецкага прызнання “Народная марка Беларусі-2017”. На гэтым тыдні ў Санкт-Пецярбургу праходзіць выстава “Пецярфуд”, дзе спадзяёмся таксама заваяваць узнагароды ў намінацыі сыроў.

Машыніст вакуум-упаковачнай машыны С. І. Шалюта, сырасол В. У. Пяткевіч, сырароб-майстар Т. С. Грудзько.
Машыніст вакуум-упаковачнай машыны С. І. Шалюта, сырасол В. У. Пяткевіч, сырароб-майстар Т. С. Грудзько.

— Каб выпускаць якасную прадукцыю, быць канкурэнтаздольнымі на рынку, неабходна пастаянна мадэрнізаваць вытворчасць. Якую работу праводзіце ў гэтым плане?

— Самае галоўнае, што зроблена на заводзе за апошні час, — пабудаваны сыраробны цэх, які ўвялі ў эксплуатацыю 4 гады назад. Выйсці на праектныя аб’ёмы мы планавалі за 5 гадоў, а атрымалася амаль у два разы хутчэй. Сёння выкарыстоўваем сырцэх больш, чым заяўлена яго магутнасцю: пры праектных 600 тонах сыру ў месяц нярэдка выпускаем 650 тон. Разам з сырцэхам пабудавалі новую аміячную кампрэсарную. За апошнія год-паўтара набылі 6 адзінак аўтатранспарту для перавозкі малака і гатовай малочнай прадукцыі. Зроблена яшчэ адна лінія прыёмкі малака, адрамантавана падлога на тых, якія былі. Зараз плануем зрабіць навес для адбору проб. Хутка ўвя­дзём у эксплуатацыю новую артэзіянскую свідравіну.

— А што яшчэ ў бліжэйшых планах завадчан?

— На сённяшні дзень перад намі стаіць задача — мадэрнізаваць маслацэх, бо яго абсталяванне працуе больш за 20 гадоў. Будзем павялічваць вытворчасць лініі нарэзкі сыроў. Ужо заключаны дагаворы і закупляем абсталяванне для гэтага. Мадэрнізацыя дадзенай лініі дасць магчымасць выпускаць больш дарагіх цвёрдых сыроў і пастаўляць іх у першую чаргу на расійскі рынак. Вялікім нашым жаданнем было і застаецца — аднавіць вытворчасць тварагу. Але пакуль ажыццявіць яго перашкаджае дадатковая фінансавая нагрузка ў выглядзе ААТ “Камайскі-агра” і Фонду падтрымкі сельгасвытворцаў. Дарэчы, у жніўні нам перадалі яшчэ адно праблемнае прадпрыемства — частку райаграсэрвісу, дзе на сённяшні дзень рамантуем абсталяванне для сельгаспрадпрыемстваў і ферм. Некаторая мадэрнізацыя чакаецца і ў сырцэху. Таксама хочам павялічыць сваю прысутнасць у Казахстане.

— Поспехі прадпрыемства — у першую чаргу заслуга людзей, якія на ім працуюць. Раскажыце, калі ласка, пра ваш калектыў.

— Ён немалы — больш за 400 чалавек. Пасля ўводу ў эксплуатацыю сырцэха і за апошнія паўтара-два гады наш калектыў істотна павялічыўся — на завод прыйшлі каля 60 новых работ­нікаў. Вылучаць кагосьці асобна не хачу, каб не пакрыўдзіць астатніх, бо ўсе працуюць з поўнай аддачай, адказна адносяцца да справы. І ў тым, што наша прадукцыя атрымліваецца якасная, смачная, яе купляюць, заслуга кожнага работніка, пачынаючы ад грузчыка, прыёмшчыка малака і заканчваючы тэхнолагам, намеснікам дырэктара. Дзякуй усім за працу і разуменне. Карыстаючыся магчымасцю, напярэдадні свята хачу пажадаць сваім работнікам і работнікам усяго аграпрамысловага комплексу раёна ў першую чаргу здароўя, сямейнага цяпла, дабрабыту, каб усё задуманае ажыццяўлялася, мары — здзяйсня­ліся, радавалі дзеці і менш было жыццёвых праблем.

Гутарыла Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.