Сацыяльныя акцыі і паслугі

Общество

IMG_7556

Убачыць тых, хто не бачыць

З 15 кастрычніка па 15 лістапада ў Беларусі праходзіў месячнік «Чалавек з белым кіем». Ён быў прысвечаны людзям, для якіх белы кій — не атрыбут безабароннасці, а памочнік, які фактычна замяняе ім вочы.

У рамках месячніка прайшла таксама акцыя «На прыёме ў райвыканкаме грама­дзянін з белым кіем». А 13 лістапада адзначаецца Міжнародны дзень сляпых. У гэты дзень у тых, хто з’яўляецца членам раённай арганізацыі інвалідаў па зроку, была магчымасць трапіць на прыём да начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Пятра Леанідавіча Курто. Скарыстаўся магчымасцю пастаўчанін Валерый Генрыкавіч Рундзя (на здымку). У суправаджэнні мамы і старшыні раённай арганізацыі таварыства інвалідаў А. Б. Мураўскай ён на транспарце сацыяльнай службы быў дастаўлены ў райвыканкам.

П. Л. Курто пацікавіўся не толькі станам здароўя чалавека, але і яго інтарэсамі. Расказаўшы пра сябе, Валерый Генрыкавіч задаў пытанне пра магчымасць працаўладкавання. Галоўны спецыяліст па працаўладкаванні Л. С. Рымша азнаёмілася з індывідуальнай праграмай рэабілітацыі В. Г. Рундзі і прапанавала на працягу года прайсці адаптацыю да працы па вырабе рытуальнай прадукцыі. 

***

«Полымя душэўнага цяпла»

Пад такой назвай дабрачынную акцыю праводзіць тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. 

У яе рамках асаблівая ўвага надаецца інвалідам. З мэтай аказання дапамогі тым, у каго абмежаваныя магчымасці, арганізатары акцыі звяртаюцца да кіраўнікоў прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый, індывідуальных прадпрымальнікаў і проста нераўнадушных да чужой бяды людзей. Праходзіць збор зімовага адзення, абутку, пасцельных рэчаў.  Усё гэта можна прынесці ў салон “Міласэрнасць” у  перыяд з 20 лістапада па 20 снежня з 8.00 да 17.00 (у працоўныя дні), з 9.00 да 13.00 (у суботу) па адрасе: г.Паставы, вул. Савецкая, д. 3. Тэлефон для даведак — 2-40-64. Не застаньцеся абыякавымі!

***

Зрабіце перадышку

А гэта інфармацыя для тых бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Скарыстайцеся паслугай “сацыяльная перадышка”, якую прадастаўляе Багушэўскі дом-інтэрнат, і адпраўце туды сваё дзіця на 28 каляндарных дзён. У гэты перыяд яму будзе забяспечаны пастаянны догляд і аказана дапамога ў бытавым абслугоўванні, медыцынская дапамога. У інтэрнаце можна прайсці тэрматэрапеўтычныя працэдуры, рэлаксіруючую тэрапію, фізія- і дыетычнае лячэнне, лячэбную фізкультуру, масаж, а таксама навучанне згодна з заключэннем карэкцыйнага цэнтра. Больш падрабязная інфармацыя па тэлефоне 2-40-70.

***

Калі маеце талент

1 снежня ў раённым Доме культуры будзе ладзіцца выстава работ людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Калі вы адносіцеся да такіх і маеце талент да вырабу розных рэчаў, прыносьце свае работы на выставу. Яны могуць быць зроблены з любых матэрыялаў, у любой тэхніцы. Заяўкі прымаюцца па тэлефоне 2-40-70.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.