Шахматны калейдаскоп

Спорт

2016-05-27-chess

У Глыбокім прайшоў першы этап міжраённых спаборніцтваў па хуткіх шахматах сярод школьнікаў, у якім удзельнічалі 38 хлопчыкаў і 18 дзяўчынак з Віцебска, Глыбокага, Браслава і Пастаў. Нашы юныя таленты годна абаранілі гонар раёна. Матфей Іваноў (СШ №2) набраў пяць ачкоў з сямі магчымых і заняў трэцяе месца. Столькі ж і Руслан Жытковіч (СШ №1), аднак пасля падліку дадатковых паказчыкаў ён замкнуў пяцёрку мацнейшых. Шосты вынік у Андрэя Павініча (СШ №2). У актыве Яўгена Літвіновіча (СШ №2) 4,5 ачка і сёмая пазіцыя ў выні­ковай турнірнай табліцы. Трэцякласніца Ева Іванова (СШ №2) сярод дзяўчынак была адной з самых юных і заняла сёмае месца.

На працягу сезона плануецца правесці пяць этапаў, пасля якіх мы даведаемся імёны пераможцаў і прызёраў у асабістым заліку сярод хлопчыкаў і дзяўчынак.

* * *

Упершыню прайшоў чэм­піянат раёна па бліцы. Пасля адборачнага турніру восем мацнейшых па кругавой сістэме разыгралі чэмпіёнскае званне. На фінішы мабільна і дысцыплінавана згуляў Дзмітрый Стахоўскі, які набраў 12 ачкоў і заслужана стаў чэмпіёнам раёна. 10,5 ачка ў Аляксандра Мурзо, 10 — у Аляксандра Таразевіча, які і заняў трэцяе месца. Добрых слоў заслугоўвае вучаніца 11 класа СШ №1 Яўгенія Ліпская, якая адзіная са школьнікаў трапіла ў фінал і заняла шостае месца.

* * *

Завяршаецца першынство раёна як у вышэйшай, так і ў першай лігах. У мацнейшым дывізіёне адна­асобным лідарам стаў Дзмітрый Стахоўскі. У цэнтральнай партыі шостага тура ён упэўнена перамог Андрэя Паўлава, для якога гэта стала першым паражэннем на турніры. Не страціў ачкоў і Авенір Чырванец, які нечакана для многіх перамог у партыі з Аляксандрам Таразевічам. Сярод ветэранаў добра выступае Вайцех Сямашка. Ён прымусіў капітуляваць Уладзіміра Краўчанку, а пазней і аўтара гэтых радкоў.

У першай лізе ўпэўнена лідзіруе Аляксандр Мурзо, у якога 7,5 ачка. Уладзімір Пляшак у сваім актыве мае 7 балаў. Пакуль не ведае  паражэнняў Аляксей Паўлаў, але ён, як і  Віктар Лекарэвіч, пакуль не згуляў ніводнай партыі з лідарамі. Не страціла шансаў узняцца ў класе вышэй Яўгенія Ліпская. Нагадаю, што ў вышэйшую лігу разыгрываюцца толькі дзве пуцёўкі.

А завяршыць чарговы агляд хачу віншаваннем. Гэтай восенню 55-годдзе з дня нараджэння адзначыў Аляксандр Аляксандравіч Мурзо, Віктару Аляксандравічу Шастакову споўнілася 70, а Леаніду Уладзіміра­вічу Косаву — 65. Ад імя ўсіх аматараў старажытнай гульні віншую іх з юбілеямі, зычу моцнага здароўя і шахматнага даўгалецця.

Юрый КАТОВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.