Скандальны фініш сезона

Спорт

017

Амаль паўгода працягваўся сёлета чэмпіянат вобласці па футболе, а самыя скандальныя падзеі вакол яго разгарнуліся ў заключным туры першынства. За два дні да рашаючага матча за “золата”  на абласным узроўні паўтарыўся “казус Верамко”, бо бронзавы прызёр — каманда Сянно — апратэставаў адразу тры матчы з удзелам лідара — “Полацк­газа”. Сенненцы паскардзі­ліся ў абласную федэрацыю футбола на тое, што варатар палачан В. Мядзелец быў заяўлены ў чэмпіянаце Беларусі за наваполацкі “Нафтан”. Палачане ж даказваюць, што іх гал-кіпер ніякага кантракта з прафесійным клубам не падпісваў, у матчах не гуляў і такім чынам рэгламента першынства не парушаў.

У выніку гульня ў Сянно атрымалася крайне нервовай, госці з Полацка двойчы адыграліся, у канцоўцы выйшлі наперад, але іх гол суддзі не залічылі, а потым выдалілі з поля іграка “Полацкгаза”. Ужо ў дадатковы час гаспадары двойчы вызначыліся, выйгралі гэту сустрэчу з лікам 4:2 і пазбавілі палачан звання чэмпіёнаў Віцебскай вобласці. Тытул мацнейшага другі год запар дастаўся ФК “Лепель” нават без барацьбы, бо іх сапернік з Шуміліна зноў на гульню не паехаў, атрымаў другое тэх­нічнае паражэнне з лікам 0:3 і на наступны сезон можа быць увогуле дыскваліфікаваны. Пакуль жа сярэбраныя медалі — у каманды Полацка, бронзавыя — у сенненскага “Камунальніка”. А ў згаданым вышэй інцыдэнце яшчэ будуць разбірацца спецыялісты і юрысты.

Наша каманда прасіла перанесці з суботы на ня-дзелю заключную сустрэчу на выездзе ў Гарадку з-за праблем з транспартам. Насустрач пастаўчанам не пайшлі, і яны адмовіліся ехаць на старэнькай “Газелі” без запасных ігракоў, пагадзіўшыся на тэхнічнае паражэнне. З 16 набранымі ачкамі фінішавалі на 6-м месцы. У заключным матчы сезона ўнічыю (з лікам 1:1) згулялі віцебскі “Газавік” з ФК “Глыбокае”. У выніку віцябчане занялі 4-е месца, глыбачане сталі сёмымі, а на 5-м месцы размясціўся гарадоцкі “Прамень”. Пастаўчане, па ацэнках спецыялістаў, правялі паспяховы сезон, зрабілі значны крок наперад. Патэнцыял нашай маладой і перспектыўнай каманды, спартыўная база горада і наяўнасць свайго рэзерву дазваляюць “Паставам-ПМЦ” заявіцца і ў 2-ю лігу чэмпіянату Беларусі па футболе, але для гэтага трэба адшукаць зацікаўленых спонсараў.

Уладзімір ШЫК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.