Стварылі шоу першакласнікі

Общество

Пераможца конкурсу Даніла Місюк з блізкімі.
Пераможца конкурсу Даніла Місюк з блізкімі.

Ужо каторы год запар у пачатку лістапада ў нашым горадзе ладзіцца вялікае свята з удзелам хлопчыкаў і дзяўчынак, якія зусім нядаўна пераступілі школьны парог, — “Шоу першакласнікаў”. Па сваёй значнасці і папулярнасці гэта мерапрыемства можа параўнацца з любімымі многімі “Пастаўскімі зоркамі”: рыхтуюцца да яго не адзін дзень і нават тыдзень, а гледачоў у раённым Доме культуры збіраецца поўная зала.

Так было і на гэты раз: знайсці свабоднае месца на бліжэйшых да сцэны радах аказалася няпроста. Падтрымаць маленькіх удзельнікаў, якія прадстаўлялі ўсе пяць школ горада, 12 лістапада прыйшлі не толькі іх блізкія, але і аднакласнікі, настаўнікі, сябры. Пакуль адны рассаджваліся ў зале, іншыя завяршалі апошнія прыгатаванні за кулісамі, дзе, як заўсёды, панавалі лёгкае хваляванне і святочная мітусня.

І вось гасне святло. У цемры на сцэне з’яўляецца тэатр “Экспромт”. Хлопчыкі і дзяўчынкі з дапамогай рук выкладваюць дату “2017”, затым словы “Паставы”, “школа”, нумары ўсіх школ і званочак, які амаль штодзень кліча на ўрок і абвяшчае перапынак. А далей пачынаецца парад-прадстаўленне ўдзельнікаў. Яны выходзяць на сцэну ў суправаджэнні сваіх аднакласнікаў пад песню “Первоклашки” і апладысменты прысутных. У ролі канкурсантаў выступаюць вучні СШ №1 Данііл Місюк, СШ №2 — Дар’я Мініковіч, СШ №3 — Уладзіслаў Косаў, СШ №4 — Ягор Пляшываў і СШ №5 — Цімур Андрушкевіч.

Вядучая шоу Таццяна Кухальская прапануе бліжэй пазнаёміцца з удзельнікамі, каб даведацца пра іх захапленні і мары, першыя школьныя ўражанні, а таксама пазнаёміцца з блізкімі і роднымі — і аб’яўляе конкурс “Візітка”. У адпаведнасці з атрыманымі падчас жараб’ёўкі парадкавымі нумарамі пачаткоўцы ў вершах і прозе, на рускай і беларускай мовах расказваюць пра сябе і свае сем’і. А мамы, таты, сёстры і бабулі, аднакласнікі і настаўнікі дапаўняюць іх аповеды.

Наступны конкурс — “Мінута славы” — дае магчымасць удзельнікам прадэманстраваць свае таленты. У гэтым ім дапамагаюць калектывы, у якіх займаюцца. Так, Цімур Андрушкевіч выступае разам з іншымі каратыстамі раённага маладзёжнага ваенна-спартыўнага клуба “Азімут”. Уладзік Косаў — з юнымі музыкантамі дзіцячага ўзорнага духавога аркестра пад кіраўніцтвам таты Леаніда Уладзіміравіча. Даша Мініковіч, якая вучыцца ў Пастаўскай дзіцячай школе мастацтваў імя А. Тызенгаўза па класе харэаграфіі, і Даніла Місюк — ён наведвае “Карамелькі” РДК —  выходзяць у складзе танцавальных калектываў, а Ягор Пляшываў — як удзельнік узорнай цыркавой студыі “Каскад”. Затым канкурсанты пераўвасабляюцца ў зорак ра­сійскай і замежнай эстрады: Стаса Міхайлава, Юрыя Шатунова, Веру Брэжневу, Ігара Нікалаева, самага вядомага паўднёвакарэйскага выканаўца PSY, умела капіруючы іх паводзіны на сцэне і манеры выканання.

Усё, конкурсы завершаны. Наступае час вызначыць пераможцу. Гэта права сёлета аддалі гледачам. Кожны з іх пры ўваходзе ў Дом культуры атрымаў пяць рознакаляровых картачак з парадкавымі нумарамі канкурсантаў. Пакуль ідзе падлік галасоў, перад прысутнымі ў зале выступаюць з канцэртам узорная вакальная студыя “Юніта” і яе салісты Паліна Квяткоўская, Сняжана Каравацкая і Арцём Маргуноў, танцавальны калектыў “Карамелькі”, Ганна Вяршыніна, цыркавая студыя “Каскад”.

Нарэшце галасы падлічаны. Канкурсантаў і іх родных зноў запрашаюць на сцэну для ўзнагароджвання. Дырэктар раённага Дома культуры А. Б. Чарнюк дзякуе ўсім, хто меў дачыненне да шоу, і ў першую чаргу яго непасрэдным удзельнікам, і ўручае ім памятныя дыпломы. А разам з тым — падарункі ад спонсараў: магазінаў “Белоснежка”, “Детский”, “Ладушки”, “Цветы”, “Купалінка” і ГА “Белая Русь”. Іх атрымалі таксама школьнікі з груп падтрымкі канкурсантаў на сцэне. Ну, а галоўны дыплом — пераможцы — і бурныя апладысменты дасталіся вучню СШ №1 Даніілу Місюку, за якога прагаласавала найбольш гледачоў.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.

no images were found



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.