У форме адкрытага дыялогу


IMG_9342

31 кастрычніка ў райвыканкаме адбылося чарговае пасяджэнне Маладзёжнай палаты другога склікання пры раённым Савеце дэпутатаў. На ім былі падведзены вынікі работы за справаздачны перыяд (красавік-кастрычнік), зацверджаны план работы на наступны год, уручаны пасведчанні членаў Маладзёжнай палаты.

Пасяджэнне праходзіла ў форме адкрытага дыялогу “Лідары і ініцыятывы: узаемадзеянне моладзі і органаў дзяржаўнай улады”. У яго рабоце прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Ю. М. Кісялёў, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Г. М. Чаплінская, старшыня пастаяннай камісіі па пытаннях мясцовага самакіравання і рэгламенту раённага Савета дэпутатаў М. П. Нагановіч, дэпутат райсавета П. Ю. Трава, галоўны спецыяліст раённага Савета дэпутатаў А. У. Мінкевіч, першы і другі сакратары райкама БРСМ  І. А. Каралёва і В. Л. Казлоўская, намеснікі дырэктараў школ па выхаваўчай рабоце і педагогі-арганізатары.

Вынікі работы Мала­дзё­жнай палаты падвяла яе старшыня Вікторыя Смятанка. Яна засяро­дзіла ўвагу на асноўных мерапрыемствах, у якіх была за­дзейнічана моладзь раёна. Як і іх папярэднікі, парламентарыі палаты першага склікання, юнакі і дзяўчаты паспяхова ўдзельнічалі ў культурна-масавых мерапрыемствах, патрыятычных, прафілактычных і экалагічных акцыях, добраўпарадкаванні, займаліся валанцёрствам. Моладзь саджала і даглядала маладыя дрэўцы, рабіла шпакоўні і кармушкі для птушак, збірала макулатуру, удзель­нічала ў адкрытых дыялогах, квэстах, віктарынах, разнастайных конкурсах, мастацкай самадзейнасці, святочных мерапрыемствах, наведвала ветэранаў, дапамагала адзінокапражываючым і малазабяспечаным жыхарам раёна, наводзіла парадак на месцах воінскіх пахаванняў, ха­дзіла ў паходы, працавала ў школьных будаўнічых брыгадах… Усяго і не пералічыць. Між тым, амаль усе з гэтых мерапрыемстваў знай­шлі адлюстраванне на старонках раённай газеты і ў эфіры мясцовага тэлебачання.

— Дзякую ўсім, хто не шкадаваў свайго часу, прапаноўваў ідэі і рэалізоўваў іх. Спадзяюся, што і наперадзе нас чакае не менш цікавых падзей і сумеснай працы па рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. Далучайцеся да вырашэння пытанняў адукацыі і прафарыентацыі школьнікаў, папулярызуйце фізічную культуру і спорт, здаровы лад жыцця ў маладзёжным асяроддзі, удзельнічайце ў арганізацыі вольнага часу і правядзенні культурна-масавых мерапрыемстваў, развіцці валанцёрскага руху, ваенна- і грама­дзянска-патрыятычнага выхавання. Разам нам усё па сілах, — падсумавала лідар Маладзёжнай палаты.

Судакладчыкамі Вікторыі Смятанка выступілі члены камісіі па грама­дзянска-патрыятычным выхаванні моладзі і пра­філактыцы правапарушэнняў Алеся Балай і па арганізацыі вольнага часу і правядзенні культурна-масавых мерапрыемстваў Кацярына Музычэнка. Дзяўчаты дэталёва расказалі пра дзейнасць членаў Маладзёжнай палаты ў сваіх установах адукацыі. Прапановы па арганізацыі работы юных парламентарыяў на наступны год агучыла намеснік старшыні палаты другога склікання Анастасія Гарус. Падчас галасавання гэты план быў аднагалосна зацверджаны.

Ю. М. Кісялёў уручае пасведчанне члена Маладзёжнай палаты Лізавеце Клянцэвіч.
Ю. М. Кісялёў уручае пасведчанне члена Маладзёжнай палаты Лізавеце Клянцэвіч.

Затым пад апладысменты прысутных Ю. М. Кі­сялёў уручыў школьнікам пасведчанні членаў Мала­дзёжнай палаты. Ён павіншаваў юнакоў і дзяўчат з гэтай падзеяй і адзначыў:  новы склад палаты даказаў, што адпавядае свайму статусу, з’яўляецца прыкладам для равеснікаў, а справаздачны перыяд быў насычаны канкрэтнымі справамі, у гушчыні якіх была моладзь. Разам з тым Юрый Мікалаевіч парэкамендаваў не саромецца прапаноўваць ідэі, даваць крытычныя ацэнкі, уздымаць праблемы, у тым ліку і тыя, што ўзнікаюць пры ўзаемадзеянні з мясцовымі органамі ўлады, грамад­скімі арганізацыямі і іншы­мі.

— Вы ўжо атрымалі бясцэнны вопыт арганізатарскай работы, магчымасць раскрыць свае таленты. Усё гэта вам спатрэбіцца ў дарослым жыцці. Ну, а пакуль мне хацелася б, каб школьнікі нашага раёна звярнулі ўвагу на рэспубліканскі маладзёжны праект “100 ідэй для Беларусі” і ў бліжэйшы час узбагацілі яго скарбонку арыгінальнымі прапановамі, — заклікаў Ю. М. Кісялёў. 

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.