Умовы ідэальныя, адказнасць высокая


Г. І. Сыгула, Д. Д. Балай, А. Г. Гінько,  Г. І. Дзіковіч, А. Л. Нагановіч, В. Э. Гінько.
Г. І. Сыгула, Д. Д. Балай, А. Г. Гінько, Г. І. Дзіковіч, А. Л. Нагановіч, В. Э. Гінько.

Пра Варапаеўскую дыстанцыю пуці на старонках нашай газеты расказвалася неаднойчы. А вось аднайменная чыгуначная станцыя  звычайна заставалася па-за ўвагай журналістаў. Мажліва, таму, што яе калектыў зусім невялікі — усяго 7 чалавек. Але ж адказнасць на іх ляжыць ніколькі не меншая, чым на пуцейцах.

Знаёмлюся з начальнікам станцыі. Арцём Генадзьевіч Гінько прыйшоў у калектыў у жніўні мінулага года ў якасці дзяжурнага па станцыі. Да гэтага закончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту і магістратуру пры ім. З верасня бягучага года назначаны начальнікам. З выбарам прафесіі ваганняў не было. На чыгунцы працавалі і працуюць зараз яго бацька Генадзій Геронцьевіч (электрамеханік Віцебскай дыстанцыі электразабеспячэння) і маці Валянціна Эдуардаўна (раней — прыёмаздатчык таварнай канторы, а цяпер білетны касір). Сын  вырашыў пайсці па іх слядах. Пасля заканчэння вучобы мог застацца ў горадзе, але палічыў,  што для пачатку працоўнай дзейнасці станцыя Варапаева — найлепшы варыянт. Тут  ёсць і рух паяздоў (у напрамках Паставы, Глыбокае, Шаркаўшчына), і грузавая работа, зладжаны калектыў.

Зрэшты, ратацыя кадраў ідзе пастаянна. На сцяне кабінета начальніка станцыі вісіць фотаздымак дзесяцігадовай даўнасці. Дык вось, з прысутных на ім  работнікаў у штаце зараз толькі дзяжурны па станцыі Дзмітрый Дзміт­рыевіч Балай. Тут ён працуе з 1981 года, а ўвогуле на чыгунцы — з 1977-га. Свой багаты вопыт ахвотна перадае маладым. Сёлета калектыў папоўнілі выпускніцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту Алёна Нагановіч і Аршанскага чыгуначнага каледжа Анастасія Драгун. Абедзве прыняты дзяжурнымі па станцыі. Са старэйшага пакалення — білетныя касіры Ганна Іосіфаўна Сыгула і Наталля Паўлаўна Мачульская.  За чысцінёй і парадкам сочыць прыбіральшчыца Галіна Іванаўна Дзіковіч.

— Нельга не сказаць з удзячнасцю пра маю папярэдніцу Вольгу Станіславаўну Руткоўскую, якая 36 гадоў адпрацавала на чыгунцы, у тым ліку 29 — начальнікам станцыі, і толькі сёлета выйшла на пенсію, — гаварыў А. Г. Гінько. — Вольга Станіславаўна была таленавітым кіраўніком, зрабіла шмат карыснага і для  станцыі, і для калектыву. Паглядзіце, які ідэальны рамонт зроблены ў  будынку, наколькі акуратна добраўпарадкавана тэрыторыя вакол яго. І зараз мы не маем права здаваць пазіцыі.

І не здаюць. Станцыя выконвае ўсе даводзімыя паказчыкі па бяспецы руху, эканоміі электра­энергіі, выгрузцы, прастоі мясцовага вагона. Яшчэ пару гадоў назад тут была таварная кантора, але аб’­ёмы грузаперавозак скараціліся, і яе закрылі. Абавязкі прыёмаздатчыкаў выконваюць дзяжурныя па станцыі, папярэдне прайшоўшы адпаведнае навучанне.

— Работа дзяжурнага вельмі напружаная. На ім ляжыць вялікая адказнасць, — гаварыў начальнік станцыі. — Варта дапусціць хоць самае нязначнае парушэнне інст­рукцыі — і можа здарыцца непрадбачанае і нават катастрафічнае. Прахо­дзяць пасажырскія паязды і грузавыя саставы, вядуцца выгрузка вагонаў і падчэпка іх да паяздоў, снуюць дрызіны, праводзіцца манеўровая работа — і ўсім гэтым трэба кіраваць.

Я пакідала станцыю, а з дынамікаў па наваколлі гучна разносілася каманда: “Машыніст цеплавоза 1529 Сташэвіч! Выязджаем з трэцяга пуці за М-2 (манеўровы святлафор №2 — аўт.). Маршрут гатовы. Манеўровы сігнал Ч-3 белы. Дзяжурная Драгун”.

Дзяжурнай Анастасіі Драгун на гэтым агульным здымку няма, бо яна нават на хвілінку не магла пакінуць пульт кіравання без нагляду. Такая работа.

Фаіна Касаткіна.

 Фота  аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.