Хроніка здарэнняў


3453

Падпаліў чужую дачу

25 кастрычніка ў вёсцы Сіўцы загарэўся дачны дом, гаспадыняй якога з’яўляецца жыхарка Мінска. У ходзе праверкі было ўстаноўлена, што пажар узнік у выніку падпалу. Пазней стала вядома і імя зламысніка. Ім аказаўся 67-гадовы жыхар Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці, які затрыманы. Узбуджана крымінальная справа.

Пад покрывам ночы

У ноч на 30 кастрычніка з двара пенсіянеркі, якая пражывае на плошчы Леніна ў райцэнтры, прапала частка чыгуннай агароджы вагой каля 200 кілаграмаў. Як высветлілася, украў яе 28-гадовы раней судзімы пастаўчанін, які нідзе не працуе.

З 8 на 9 лістапада ад рук злодзеяў пацярпелі тры аўтамашыны жыхароў вуліц Касманаўтаў і Юбілейнай, прыпаркаваныя каля шматпавярховак. З іх знялі акумулятарную батарэю, аўтамагнітолу і FM-мадулятар з флэш-картай. Зрабілі гэта двое грамадзян, 1989 і 1996 гадоў нараджэння, адзін з якіх пражывае па вуліцы Гайдара і раней быў асуджаны, а другі — па Касманаўтаў. Узбу­джаны крымінальныя справы. Злодзеі арыштаваны, украдзенае канфіскавана.

З “Гроша” без грошай

7 лістапада 48-гадовая мінчанка, прыехаўшы па справах у Паставы, зазірнула ў магазін “Грош” па вуліцы 17 Верасня. Пры сабе жанчына мела буйную суму ў беларускіх рублях, доларах ЗША і еўра. Грошы знаходзіліся ў кашальку, які гаспадыня выпадкова ўпусціла на падлогу. І яго тут жа падабрала і паклала сабе ў кішэню яшчэ адна пакупніца магазіна — 64-гадовая жыхарка завулка Аптэчнага ў райцэнтры. Зараз зладзейка затрымана і знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання.

З чужой карткай — у банкамат

З карт-рахунку жыхара вёскі Рыбчаны, адкрытага ў разлікова-касавым цэнтры №17 г. Паставы філіяла ААТ “Белаграпрамбанк”, прапалі 400 рублёў. Вясковец звярнуўся ў міліцыю, супрацоўнікі якой устанавілі: грошы зняў 41-гадовы раней судзімы жыхар Русакоў, скарыстаўшыся банкаўскай пластыкавай карткай пацярпелага. У адносінах да зламысніка ўзбуджана крымінальная справа. Яму пагражае ад двух да пяці гадоў абмежавання або пазбаўлення волі.

Не зрабіў высноў

Раённым аддзелам Следчага камітэта ўзбуджана крымінальная справа ў адносінах да 44-гадовага жыхара вёскі Палессе. 1 лістапада супрацоўнікі Дзярж-аўтаінспекцыі затрымалі яго за рулём аўтамабіля ў нецвярозым стане. Як высветлілася, мужчына не ўпершыню сядае за руль “пад мухай”. 7 снежня мінулага года ён ужо прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за гэта. Але адпаведных высноў для сябе не зрабіў.

Па зводках РАУС падрыхтавала Алена ШАПАВАЛАВА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.