Хто рана ўстае…


Ганна Буцько, Вольга Зелянкевіч, Алена Карпіёнак, Жанна Дарашкевіч, Юлія Дзяшук.
Ганна Буцько, Вольга Зелянкевіч, Алена Карпіёнак, Жанна Дарашкевіч, Юлія Дзяшук.

Як вам такі распарадак дня, каб пад’ём у чатыры гадзіны, а а палове пятай ужо на рабоце? Для мяне, па натуры савы, а не жаўранка, жахлівы. У чым я чыстасардэчна і прызналася жывёлаводам фермы “Муляры” адкрытага акцыянернага таварыства “Камайскі-агра”, калі наведалася да іх.

На што яны толькі рассмяяліся: “Да ўсяго можна прывыкнуць. Мы нават без будзільніка ўстаём. Затое, управіў­шыся на ферме, днём маем вольны  час дома”. Асноўных аператараў  машыннага даення на ферме шэсць: Ганна Буцько, Юлія Дзяшук, Жанна Дарашкевіч, Вольга Зелянкевіч, Таццяна Падмостка, Ірына Кліпа — і дзве падменныя: Таццяна Каліцкая і Лілія Канстанцінава.

— Калектыў у нас стабільны, — расказвала загадчыца фермы Алена Кар­піёнак. — Хоць па ўзросце яшчэ маладыя, а большасць ужо маюць па 20-25 гадоў стажу, бо даяркамі сталі ў 18-19. Усе старанныя, працавітыя, ніякіх праблем з дысцыплінай.

   На ферме ў Мулярах утрымліваецца 258 кароў і 99 цялушак. Валавы надой з пачатку года склаў 739 тон. Усё малако паступае на завод вышэйшым сортам. Захаванасць цялятак — 98 працэнтаў. Памяшканні падрыхтаваныя да зімоўкі, хопіць і кармоў на перыяд стойлавага ўтрымання. Адным словам, усе неабходныя ўмовы створаныя.

— А што самае складанае ў рабоце жывёлаводаў? — пытаюся ў загадчыцы фермы.           

— Галоўнае, каб была адказнасць, — гаворыць Алена Вячаславаўна. — А ў нашых работнікаў яна ёсць. У кожнай даяркі  ў групе ў сярэднім 40 кароў і 10 пакрытых цялушак. А колькі клопатаў з цяляткамі, якіх яны даглядаюць ад нараджэння да двухмесячнага ўзросту, пакуль не перададуць на дарошчванне  на іншыя фермы! Раздойванне першацёлак, якімі папаўняем кожную групу, таксама вель­мі адказная справа. А абнаўленне статка ў нас ідзе  пастаянна.

Загадчыца адзначыла старанне не толькі аператараў машыннага даення, але і астатніх работнікаў  фермы. У  летні час гэта пастухі, а зімой — падвозчыкі кармоў Віталій Цімафееў і Мікалай Карманаў, слесары Часлаў Урбан і Віктар Карпіёнак, начны вартаўнік Пётр Ярмольчанка.

…Пачыналася вячэрняя дойка. Беатрыса, Саната, Мелодыя, Казка, Загадка — адну за другой аклікалі даяркі кароў, прыладжваючы даільныя апараты. Падумалася, нават у самай празаічнай справе ёсць месца натхненню. Бо як без яго можна было даць жывёле такія мянушкі, прычым ні адна з іх не паўтараецца.   

Фаіна КАСАТКІНА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.