Як магнітам прыцягваў калгас

Сельское хозяйство

IMG_7524

Сёлетні ўраджай нялёгка даўся ўсім. Але, напэўна, не памылюся, калі скажу, што пры яго ўборцы найвялікшыя складанасці выпалі на долю хлебаробаў адкрытага акцыянернага таварыства “Кураполле-агра”, дзе самыя нізінныя землі.

— Нашы камбайнеры вельмі адказныя, дысцыплінаваныя, — гаварыў  дырэктар таварыства Аляксандр Іванавіч Ромель. — На жніве стараліся ўсе, ну а найбольшы намалот у Анатолія Мікалаевіча Чарэнкі. З ім і рэкамендую вам сустрэцца.

Анатолію — 47,  і 26 з іх ён на тэхніцы, хаця першапачаткова набыў  у Вілейскім прафтэхвучылішчы спецыяльнасць слесара. “Але адразу  пасля вучылішча мяне прызвалі ў армію. Вярнуўшыся са службы, слесарам адпрацаваў толькі год і зразумеў, што гэта не маё, — успамінае. — Хацелася пайсці на тэхніку, а калгас як магнітам прыцягваў заўсёды”.

Такая цяга зразумелая. Яго бацька Мікалай Цімафеевіч усё жыццё адпрацаваў у Кураполлі на трактары і камбайне. Хлопчык са школьных гадоў спасцігаў ля яго азы механізатарскай прафесіі, старшакласнікам працаваў памочнікам камбайнера. Таму ў рэшце рэшт і прыняў рашэнне перакваліфікавацца. Закончыў механізатарскія курсы пры Пастаўскім сельскім прафесіянальна-тэхнічным вучылішчы і  сеў на трактар.

— Без тэорыі, канешне, не абысціся, — гаварыў, — але пакуль практыку  не набу­дзеш, рукі не пазбіваеш — нічога не атрымаецца. Я прайшоў бацькаву школу, і гэта так шмат дало.

Вынікі работы земляробаў залежаць не толькі ад іх старання, але і ад умоў надвор’я.

— Лепш бы не ведаць такога жніва, якое было сёлета, — гаварыў А. М.Чарэнка. — Ураджай рос добры, тэхніку падрыхтавалі своечасова, а як толькі распачалі ўборку — паліло. Зямля раскісала, камбайны буксавалі, нашы нервы гарэлі.

Сёлета зерневыя ў ААТ “Кураполле-агра” займалі 1112 гектараў, рапс — 246, шматгадовыя  травы на насенне — 205. Іх абмалот вялі 9 камбайнаў. Па выніках жніва найвышэйшы паказчык у Анатолія Чарэнкі — 825 тон. На другім месцы Міхаіл Адынец (709), на трэцім — Васілій Бароўка (566). З-за неспрыяльнага надвор’я ўборка расцягнулася не на адзін месяц. У мінулыя гады, паставіўшы камбайн на захоўванне, Анатолій Мікалаевіч паспяваў яшчэ і на зяблевым ворыве папрацаваць, перш чым прыступіць да  дастаўкі кармоў на фермы, што ўваходзіць у яго абавязкі на час зімоўкі грамадскага статка. Сёлета ж з камбайна адразу перасеў на кормараздатчык, бо пачалося стойлавае ўтрыманне жывёлы.

— Работы заўсёды хапае, — гаварыў  механізатар. — Вясной падвозіў  насенне да сеялак, у перыяд догляду пасеваў — раствор хімікатаў да апырсквальнікаў, а там і жніво падаспела.

Дастаткова ў яго клопатаў і дома. На падвор’і — карова, свінні, куры. З гаспадаркай упраўляюцца ўдваіх з жонкай Інай Расціславаўнай. Іх адзіная дачка жыве  з сям’ёй далёка — ажно ва Украіне. І для бацькоў найвялікшая радасць, калі яны наведваюцца ў госці і дом напаўняецца гаманой дзвюх унучачак і ўнучка.

Фаіна КАСАТКІНА.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.