З павагай да гісторыі і людзей працы

Общество

Ю. М. Кісялёў уручае Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў У. А. Раманенкаву.
Ю. М. Кісялёў уручае Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў У. А. Раманенкаву.

«Неуступчивы. Вечно заняты. Мы идём почти без дорог… На истории нет указателей: «Осторожно! Крутой поворот!».

Менавіта такім крутым паваротам стала Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 года, а вышэйпрыведзенымі словамі пад фанфары адкрыла ў раённым Доме культуры ўрачыстасць, прысвечаную 100-годдзю гістарычнай падзеі, вядучая Алена Слядзеўская. Затым сцяганосцы, вучні патрыятычнага класа СШ №3, праз усю залу вынеслі на сцэну Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь, сцяг раённай камсамольскай арга­нізацыі, выратаваны падчас Вялікай Айчыннай вайны, і пераходны Чырвоны сцяг БССР, прысуджаны раёну ў 1973 годзе за высокія працоўныя дасягненні. І распачалося велічнае, прыгожае, настальгічнае для старэйшага пакалення свята.

Фрагмент выставы, падрыхтаванай супрацоўнікамі раённага краязнаўчага музея, якая экспанавалася ў фае раённага Дома культуры.
Фрагмент выставы, падрыхтаванай супрацоўнікамі раённага краязнаўчага музея, якая экспанавалася ў фае раённага Дома культуры.

Здабыткі і ўрокі рэвалюцыі

Вітаючы прысутных, намеснік старшыні райвыканкама Юрый Мікалаевіч Кісялёў адзначыў, што Кастрычніцкая рэвалюцыя стала адной з самых значных падзей ХХ стагоддзя і карэнным чынам паўплывала на далейшы ход гісторыі. Ідэі аб’яднання і салідарнасці працоўных, роўнасці ўсіх людзей застаюцца актуальнымі і ў наш час. Дзякуючы рэвалюцыі, простыя людзі атрымалі права на працу, адукацыю, адпачынак, удзел у кіраванні краінай. Пад кіраўніцтвам партыйных і савецкіх арганізацый ажыццяўляліся рэвалюцыйныя пераўтварэнні: праводзілася нацыяналізацыя банкаў і прамысловасці, устанаўліваўся рабочы кантроль над вытворчасцю і размеркаваннем прадуктаў, уводзіліся 8-гадзінны рабочы дзень і бясплатная адукацыя, разгортвалася работа па ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослага насельніцтва.

У гушчыні палітычных падзей ХХ стагоддзя апынуліся і жыхары Пастаўшчыны, а некаторыя сталі непасрэднымі ўдзельнікамі рэвалюцыі ў Петраградзе і Маскве. Як, напрыклад, Антон Міхайлавіч Ціхан з вёскі Альшэўскія. Ён быў арганізатарам забастоўкі і мітынгу падчас Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года, а ў Кастрычніцкую актыўна ўдзельнічаў у баявых дзеяннях па захопе важнейшых устаноў, у тым ліку Крамля. Пасля рэвалюцыйных падзей на бок рабоча-сялянскай улады перайшоў наш зямляк, генерал царскай арміі Антон Уладзіміравіч Станкевіч, ураджэнец маёнтка Губіна. Падчас Першай сусветнай вайны ён камандаваў палком, брыгадай, дывізіяй. У 1918 годзе ўступіў у Чырвоную Армію, з 1919-га камандаваў 42-й і 55-й стралковымі дывізіямі 13-й арміі Паўднёвага фронту. Трапіў у палон да белагвардзейцаў, катэгарычна адхіліў прапанову перай­сці на іх бок і быў павешаны.

Ветэраны працы В. У. Кузьміч, Н. М. Булавінцава і М. М. Мацюшчанка.
Ветэраны працы В. У. Кузьміч, Н. М. Булавінцава і М. М. Мацюшчанка.

Станаўленне савецкай ула­ды на Пастаўшчыне прайшло доў­гі і складаны шлях. Першы Савет сал­дац­кіх і ся­лян­скіх дэпутатаў быў створаны ў Паставах у першай палове сакавіка 1917 го­да. Новая ўла­да адразу ж прыступіла да рэалізацыі савец­кіх пераўтварэнняў. 15 снежня 1918 года на мітынгу ў вёсцы Андроны з ліку мя­сцовых жыхароў быў выбраны рэвалюцыйны камітэт Пастаўскай воласці, у які ўвайшлі Цімафей Собаль, Пётр Дзіковіч, Іосіф Райчонак і іншыя. Па ініцыятыве селяніна Ягора Касценя на адрас У. І. Леніна была адпраўлена тэлеграма з просьбай аб перайменаванні Пастаўскай воласці ў Ленінскую. Калі Пастаўшчына апынулася пад уладай Поль­шчы, на яе тэрыторыі дзей­ніча­ла Камуністычная партыя Заходняй Беларусі, у Паставах быў створаны падпольны райкам партыі.

Ю. М. Кісялёў узгадаў і далейшыя старонкі гі­сторыі нашага краю — уз’яднанне Заходняй і Усходняй Беларусі, гераічнае змаганне з фашысц­кімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, аднаўленне разбуранай народнай гаспадаркі, падзякаваў ветэранам за шматгадовую добрасумленную працу, актыўную жыццёвую пазіцыю, уменне заўсёды заставацца ў страі.

Са 100-годдзем Кастрычніцкай рэвалюцыі прысутных павіншавалі таксама першы сакратар Пастаўскага райкама Камуністычнай партыі Беларусі Дзмітрый Уладзіміравіч Танана і былы старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Анатолій Антонавіч Калеснікаў, якія гаварылі пра яе ўрокі, гістарычную памяць, пераемнасць пакаленняў, вернасць ідэалам сацыялізму.

245A8861

Прынялі эстафету

Сапраўды гістарычны момант урачыстасці — знаёмства прысутных з пісьмом-рапартам нашчадкам. Нарадзілася яно такім чынам. У снежні 1973 года бюро райкама партыі пастанавіла: у лютым 1976 года, пасля падвядзення вынікаў дзявятай пяцігодкі, на плошчы Леніна ва ўрачыстай абстаноўцы апусціць у гранітны пастамент капсулу з рапартам аб дасягненнях пяцігодкі і зваротам працаўнікоў раёна да сваіх землякоў, а раскрыць яе ў дзень стагоддзя Кастрычніцкай рэвалюцыі. Падпісаць рапарт і пісьмо даручалася членам бюро райкама партыі і членам райвыканкама, кіраў­нікам, сакратарам партарганізацый і перадавікам вытворчасці тых прадпрыемстваў, якія дасягнулі самых высокіх паказчыкаў у выкананні планаў пяцігодкі. Гэта пастанова бюро была апублікавана ў раённай газеце, абмеркавана ў працоўных калектывах. І пачалося спаборніцтва за права паставіць подпіс.

На тым пасяджэнні бюро тагачасны першы сакратар райкама партыі Валянціна Аляксееўна Клачкова пра­сіла тых, хто дажыве да 100-годдзя рэвалюцыі, пасля агучвання пісьма нашчадкам дапоўніць яго сваімі расказамі пра тое, як жылі, пра што марылі, як змагаліся за свае ідэі, з якім энтузіязмам і ўпэўненасцю ішлі наперад, да вызначанай мэты. З дзевяці членаў бюро дажылі чатыры: Барыс Фёдаравіч Шы­бека, Вольга Казіміраўна Мышко, Сяргей Пятровіч Казакоў, Уладзіслаў Уладзіміравіч Лапушынскі. Апошняму і выпаў гонар звярнуцца на ўрачыстасці да пастаўчан.

Д. У. Танана.
Д. У. Танана.

— Як сёння, памятаю тыя падзеі, — гаварыў са сцэны Уладзіслаў Уладзіміравіч, які ў сямідзясятыя гады працаваў старшынёй калгаса “Ленінскі шлях” і з’яўляўся членам бюро райкама партыі. — Дасягненні раёна выклікалі захапленне: ура­джайнасць зерневых — 46 цэнтнераў з гектара, ільновалакна — 13,8, ільнасемя — 10, надоі — больш за 5 тысяч кілаграмаў малака ад каровы, прывагі буйной рагатай жывёлы — 1 кілаграм, свіней — больш за кілаграм. Планы вытворчасці і продажу сельскагаспадарчай прадукцыі перавыконваліся ў паўтара раза і больш. Вялося маштабнае будаўніцтва ў вёсцы. Раён займаў годныя месцы ў рэспубліцы.

Што да капсулы з рапартам, то, на вялікі жаль, падчас рэканструкцыі плошчы быў знесены манумент працоўнай славы ў выглядзе шасці снапоў збажыны і чырвоных сцягоў на іх фоне. Не стала і капсулы. І толькі дзякуючы Ніне Іосіфаўне Дронжык, былой загадчыцы агульнага аддзела райкама партыі, якая на працягу 42 гадоў беражліва захоўвала другі экзэмпляр пісьма, мы сёння атрымалі магчымасць азнаёміцца з ім. На ўрачыстасці тэкст зачытаў лейтэнант органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь Аляксандр Баглікаў, пасля чаго пісьмо было перададзена на захоўванне раённаму краязнаўчаму музею і, безумоўна, стане каштоўным экспанатам.

У. У. Лапушынскі перадае дырэктару музея Т. Г. Гарошка пісьмо-рапарт нашчадкам.
У. У. Лапушынскі перадае дырэктару музея Т. Г. Гарошка пісьмо-рапарт нашчадкам.

Ушанавалі ветэранаў

Зразумела, што героямі свята былі ветэраны вайны і працы — “залаты” фонд раёна. Працуючы на розных участках, яны на працягу многіх гадоў прыносілі Пастаўшчыне пераможную славу. А ў гэты ўрачысты дзень у іх адрас гучалі словы падзякі, яны падымаліся на сцэну і атрымлівалі граматы, юбілейныя медалі.

Былым дзяржаўным служачым, кіраўнікам сельскіх гаспадарак, прамысловых прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, педагогам, будаўнікам, ваеннаслужачым, людзям іншых прафесій, а зараз ветэранам працы было што ўспомніць і пра што пагаварыць як да пачатку свята, так і пасля завяршэння. Яны ўспаміналі свае маладосць і сталасць, расчуліліся ад увагі, парадава­ліся за маладое пакаленне і тыя таленты, што дэманстраваліся на сцэне.

Ганаровай граматай абласнога Савета дэпутатаў узнагароджаны ВАЛОДЗЬКА Адольф Адольфавіч, ветэран працы;

Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў :

ШЫЛЬКО Баляслаў Півусавіч

АЛІХВЕР Аляксей Ягоравіч

КАТОВІЧ Венера Мікалаеўна

ДАНІЛЕВІЧ Ядвіга Станіславаўна;

Юбілейным медалём да 100-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі:

МЫШКО Вольга Казіміраўна

ЛАСТОЎСКАЯ Рэгіна Норбертаўна

САЛАЎЁВА Мілона Андрэеўна

ЛАПУШЫНСКІ Віталій Якаўлевіч

СКІНДАР Еўдакія Валянцінаўна

РАМАНЕНКАЎ Уладзімір Андрэевіч

МАЦЮШЧАНКА Мікалай Мікалаевіч

ПАШКЕВІЧ Валянцін Антонавіч

ГЕМБІЦКАЯ Вільгельма Ільічна

СЯМЁНАВА Людміла Васільеўна

ДРОНЖЫК Яніна Іосіфаўна

ЯНУКОВІЧ Ванда Фердынандаўна

КАЗУРА Эдуард Пятровіч

РОЗЫНКА Пётр Міхайлавіч

КУЗЬМІЧ Валянціна Уладзіміраўна;

Ганаровай граматай Віцебскага абкама Камуністычнай партыі Беларусі і юбілейным медалём да 100-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі:

ЛАПУШЫНСКІ Уладзіслаў Уладзіміравіч

КЕЙЗІК Ала Эдмундаўна

ШЫЛЬКО Баляслаў Півусавіч

МАГІЛЬНІЦКІ Уладзімір Яраслававіч

СКОЎПЕНЬ Уладзімір Міхайлавіч

БАРЫСАВА Ала Іванаўна

БАЛОТНІКАВА Людміла Аляксандраўна

БУЛАВІНЦАВА Наталля Мікалаеўна

КАЛЕСНІКАЎ Анатолій Антонавіч

ЖУК Соф’я Андрэеўна

ГАРЭЛЬ Ядвіга Казіміраўна

Яны ўзнагароджаны юбілейным медалём да 100-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі.
Яны ўзнагароджаны юбілейным медалём да 100-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Час не вярнуць назад. Новае стагоддзе адлічвае новыя даты. І сёння маладое пакаленне прадаўжае справу бацькоў і дзядоў і прымнажае славу Пастаўшчыны. На ўрачыстасці моладзь запэўніла: “Мы, маладыя і мэтанакіраваныя, свята захоўваем гісторыю Радзімы, гісторыю нашых дзядоў і прадзедаў. Нам не ўсё роўна, якім будзе заўтрашні дзень краіны. Мы будзем вучыцца, ствараць, уплываць на ход гісторыі, захоўваючы найлепшыя традыцыі і пераемнасць пакаленняў”. А потым цудоўна прадэманстравалі свае таленты.

Гарачымі апладысментамі прымалі гледачы прывітанне піянераў СШ №3, выступленні вакальнай студыі “Славія”, танцавальнага калектыву “Скай Дэнс”, ансамбля барабаншчыц, раённага маладзёжнага ваенна-спартыўнага клуба “Азімут”. Уразілі прысутных салісты старэйшага пакалення — Марына Ніканава, Ганна Антух, Людміла Логінава, Аляксандр Апанасевіч, народны хор настаўнікаў і народны хор ветэранаў. А калі народны хор ветэранаў стаў выконваць папуры некалі самых папулярных рэвалюцыйных песень, яму дружна падпявалі гледачы. Вельмі яркім, уражвальным, жыццесцвярджальным стаў фінальны акорд свята, калі ў выкананні народнага хору настаўні­каў і ўсіх удзельнікаў канцэрта прагучала песня “Я люблю тебя, жизнь”.

Так, мы любім жыццё. І памятаем усё, што ў ім адбывалася. Сведчаннем таму і гэта раённае мерапрыемства, прысвечанае 100-годдзю Кастрычніцкай рэвалюцыі, якое прадэманстравала паважлівае стаўленне да гісторыі і тых, хто яе ствараў і працягвае ствараць.

Фаіна КАСАТКІНА.

Фота аўтара і Сяргея ВШЫЎКАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.