З “вяселля” — з узнагародамі


 000027_97076AFED13

21 кастрычніка ў гарпасёлку Ушачы адбыўся  абласны агляд-конкурс “Вялікая вясельніца-2017”, які ставіў мэтай адраджэнне і развіццё традыцыйных вясельных абрадаў і звычаяў як састаўной часткі народнай культуры Віцебшчыны.  

Менавіта ў час восеньскага свята Пакроў, калі асноўныя гаспадарчыя работы завершаны, беларусы традыцыйна ладзілі вяселлі. З Пастаў на конкурс паехала даволі прадстаўнічая дэлегацыя — гурт аўтэнтычнай песні Андронаўскага сельскага клуба, удзельнікі клуба нацыянальнай кухні, гульні і абраду “Традыцыя”, прадстаўнікі Парыжскага і Дунілавіцкага СДК, а таксама супрацоўнікі Цэнтра культуры і народнай творчасці і Дома рамёстваў.

Свята распачалося рэканструкцыяй вясельных абрадаў пачатку ХХ стагоддзя на фальклорна-этнаграфічных матэрыялах Ушацкага, Міёрскага, Глыбоцкага і Шаркаўшчынскага раёнаў. Тут можна было ўбачыць і вясельны поезд на конях, і  выкуп “маладой”, і  сустрэчу “маладых”, і старажытны звычай “задобрывання ваўчыхі” (апранутай у вывернуты кажух “свякроўкі”), а таксама іншыя традыцыйныя моманты даўнейшага беларускага вяселля, якія прадэманстравалі мясцовыя таленты.

Затым у будынку Ушацкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці адбылася асноўная частка свята. У фае амаль усе раёны Віцебшчыны прадставілі “Вясельныя куткі”, дзе можна было ўбачыць даўнейшыя вясельныя ўборы, вянкі маладых, фотаздымкі вяселляў першай паловы мінулага стагоддзя, сапраўдныя этнаграфічныя рэчы, якія выкарыстоўваліся падчас гэтых важных падзей у жыцці кожнай сям’і: абраз для благаслаўлення, дзяжу для пасада, кажух (сімвал багацця), вясельныя караваі і інш. Тут жа былі накрыты традыцыйныя беларускія вясельныя сталы і прадстаўлены абрадавыя стравы, характэрныя для пэўнага вясельнага этапа. Вельмі цікава прайшлі іх мастацкія прэзентацыі. Пастаўчане прывезлі для гэтага конкурсу печаныя ружы, якія звычайна дарыў жаніх пры выкупе маладой яе дружкам, а таксама галоўнае ўпрыгажэнне вясельнага стала Пастаўшчыны — адметную пекарскую скульптуру — белага барана, які сімвалізуе мужчынскую сілу, дабрабыт і прыбаўленне ў сям’і не толькі ў славянскіх народаў. Нашым баранам цікавіліся як знаўцы народнай культуры — запрошаныя навуковыя супрацоўнікі Акадэміі навук, так і прадстаўнікі Беларускага тэлебачання.

Пасля дэманстрацыі асаблівасцей вясельнага застолля ўсе ўдзельнікі свята накіраваліся ў гля-дзельную залу, дзе былі паказаны самыя разнастайныя вясельныя абрады і звычаі: “Запоіны-заручыны”, “Сватанне”, “Абразанне касы”, “Выпечка вясельнага караваю”, “Стаўбавы абрад”, “Гараджэнне дарогі”, нават дынамічны і вясёлы звычай “Выкраданне посуду і хатняй птушкі” і інш. Гурты праводзілі вясельныя гульні, спявалі аўтэнтычныя песні. Вельмі ўразіў нас старажытным гучаннем народны гурт архаічных спеваў “Княжыч” з Наваполацка. Удзельнікі з Пастаўшчыны паказалі тэатралізаваную праграму паводле мясцовай традыцыйнай вясельнай абраднасці  “Зборная субота”, альбо “Дзявоцкі вечар”, калі дзяўчаты збіраюцца ў хаце маладой, каб звіць ёй вяночак да шлюбу, а малады прысылае музыкаў, каб не вельмі маркотным было развітанне суджанай са сваім дзявоцкім жыццём.

І Андронаўскі гурт, і клуб нацыянальнай кухні, гульні і абраду “Традыцыя” вярнуліся з Ушач з узнагародамі,  задаволеныя, што яшчэ раз далучыліся да жывой народнай культуры, якая так беражліва захоўваецца на Віцебшчыне. Хочацца выказаць яшчэ раз вялікую падзяку ўсім удзельнікам нашай праграмы, а таксама Т. Б. Грэська з Камай і А. І. Хмылка з в. Казнадзеюшкі за вясельнае печыва, а супрацоўнікам Пастаўскага краязнаўчага музея — за аказаную дапамогу ў афармленні “Вясельнага кутка”.

Людміла ЧАТОВІЧ, вядучы навуковы супрацоўнік

 Цэнтра культуры і народнай творчасці  раёна.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.