Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя 1917 года паклала пачатак пераходу ад капіталізму да сацыялізму ва ўсім свеце. Яна мела на мэце пабудову сацыялістычнага грамадства. Вынікам гэтай рэвалюцыі стала ўтварэнне першай у свеце сацыялістычнай дзяржавы — СССР, у межах якой з’явілася Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка.
У Паставах савецкая ўлада была ўсталявана ў лістападзе 1917 года. Аднак ужо ў лютым 1918-га горад акупіравалі нямецкія войскі. У самім горадзе і ў воласці была адноўлена валасная ўправа. Кіруючыя пасады ў ёй занялі прадстаўнікі тых колаў, хто быў супраць савецкай улады, бо іх задавальнялі германскія парадкі. Але пасля заканчэння Першай сусветнай вайны і адыходу немцаў з тэрыторыі Беларусі (другая палова лістапада 1918 года) часці Чырвонай Арміі ўвашлі ў Паставы, Маладзечна, Ліду, Баранавічы.
15 снежня 1918 года ў вёсцы Андроны прайшоў мітынг, на які сабралася каля 4 тысяч грамадзян. Актывісты заклікалі падтрымаць савецкую ўладу, разам з чырвонаармейцамі весці барацьбу супраць знешніх і ўнутраных ворагаў. Селянін Ягор Касцень прапанаваў паслаць тэлеграму У. І. Леніну з просьбай дазволіць называць Пастаўскую воласць Ленінскай. Гэты зварот быў задаволены, і пэўны час воласць так і значылася ва ўсіх дакументах. Праіснавала новая ўлада нядоўга, бо ў выніку савецка-польскай вайны значная частка тэрыторыі Беларусі, у тым ліку і Паставы, да 1939 года апынуліся пад уладай Польшчы.
Не засталіся ў баку ад кастрычніцкіх падзей і нашы землякі.
Антон Міхайлавіч Ціхан
А. М. Ціхан — бальшавік з 1906 года. Нарадзіўся ў 1887 годзе ў сям’і селяніна-бедняка, таму змог скончыць толькі два класы. Па найме пасвіў кароў, коней. Усё роўна ў сям’і была нястача, трэба было шукаць больш сур’ёзны заробак. Бацькі, не бачачы іншага выйсця, згадзіліся адпусціць сына ў горад.
Восенню 1901 года ён паехаў у Пецярбург. Вясковаму хлопцу давялося нялёгка. У 1903 годзе Антон Ціхан паступіў памочнікам токара на паркетную фабрыку. Знаходзячыся сярод пецярбургскіх пралетарыяў, 16-гадовы юнак не застаўся абыякавым да наспяваючых падзей. У тым жа годзе ён пачуў пра ІІ з’езд партыі бальшавікоў і меншавікоў. Аднак толькі праз год, калі Ціхан стаў працаваць токарам на чыгуна- і медналіцейным механічным заводзе, упершыню пазнаёміўся з бальшавікамі Зайцавым, Мясніковым. Юнака прынялі ў сацыял-дэмакратычны гурток, даручалі распаўсюджваць пракламацыі.
У 1917 годзе, калі Антону Ціхану споўнілася трыццаць, адбылася Лютаўская рэвалюцыя. Яе сустрэў ужо не навічок, а выпрабаваны і загартаваны рэвалюцыянер. 4 ліпеня 1917 года бальшавікі арганізавалі магутную дэманстрацыю ў Маскве. У гэтыя напружаныя дні Антон Міхайлавіч як дэпутат Массавета выступіў на мітынгу, падтрымаў прапанову аб адмене смяротнай кары для ваеннаслужачых. У час Кастрычніцкай рэвалюцыі А. Ціхан актыўна ўдзельнічаў у баявых дзеяннях па захопе важнейшых устаноў, у тым ліку і Крамля.
А. М. Ціхан пражыў гераічнае жыццё першаадкрывальніка, да краёў напоўненае барацьбой за сацыялізм, пошукам новых форм далучэння людзей да працы.
Сёстры Аксельрод
Нашымі зямлячкамі-рэвалюцыянеркамі былі і сёстры Аксельрод.
Любоў Ісаакаўна Аксельрод (1868—1946 гг.) нарадзілася ў мястэчку Дунілаві-чы Вілейскага павета Віленскай губерні. У 15 гадоў пакінула сям’ю і пасялілася ў Палтаве. З ран-ніх гадоў стала ак-тыўнай удзель-ніцай расій-скага рэвалюцыйнага ру-ху. Аднак у1887 го-дзе пасля няўдалага замаху народавольцаў на імператара Аляксандра III ёй давялося бегчы з Расіі. У хуткім часе Любоў Аксельрод перайшла на пазіцыі марксізму, уступіла ў групу «Вызваленне працы» і на працягу многіх гадоў заставалася самым адданым прыхільнікам яе лідара Пляханава. Пасля аб’яўлення амністыі членам апазіцыйных партый вярнулася ў Расію як значны дзеяч партыі меншавікоў. Потым стала членам пляханаўскай групы “Адзінства”.
У пачатку 1920-х гадоў Аксельрод выкладала ў Інстытуце чырвонай прафесуры. Пасля працавала ў Інстытуце навуковай філасофіі Расійскай асацыяцыі навукова-даследчых інстытутаў СССР, прафесар кафедраў гістарычнага матэрыялізму факультэтаў савецкага права і этналагічнага факультэта.
Л. І. Аксельрод памерла ў Маскве ў 1946 годзе. Пахавана ў закрытым калумбарыі на Данскіх могілках.
Іда Ісаакаўна Аксельрод (1870—1918 гг.) трапіла пад уплыў рэвалюцыйных ідэй старэйшай сястры. У 1884 годзе адправілася пагасціць да Любові і па яе даручэнні прывезла літаратуру для Палтаўскага рэвалюцыйнага гуртка. А ў хуткім часе эмігрыравала ў Еўропу. Да сацыял-дэмакратычнага руху далучылася ў 1890-я гады. Захапіўшыся рэвалюцыйнымі ідэямі, Іда разам з Пляханавым аддалася актыўнай прапагандзе марксізму і ў 1917 годзе, перад самай кастрычніцкай падзеяй, вярнулася ў Расію.
Такім чынам, наша Пастаўшчына і яе жыхары прынялі самы непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні Кастрычніцкай рэвалюцыі, якая сто гадоў таму змяніла аблічча ўсёй планеты.
У Пастаўскім раённым краязнаўчым музеі ёсць шмат матэрыялаў, якія адлюстроўваюць падзеі рэвалюцыйнай пары. З некаторымі з іх можна пазнаёміцца ў музейнай экспазіцыі, частка будзе размешчана на выставе, прысвечанай 100-годдзю Кастрычніцкай рэвалюцыі.
Валянціна ДРУСЬ,
старшы навуковы супрацоўнік
раённага краязнаўчага музея.