А найлепш — у роднай хаце


781A7240 or

Яніна Міхайлаўна Шчыт з вёскі Пешкаўцы восенню адзначыла 90-гадовы юбілей. На доўгім жыццёвым шляху было нямала выпрабаванняў. Зрэшты, як і ва ўсіх прадстаўнікоў таго не спешчанага лёсам пакалення. Спачатку Вялікая Айчынная забрала жыцці дарагіх людзей, далей чакалі галодныя пасляваенныя гады і цяжкая нястомная праца на зямлі.

Тым не менш Яніна Шчыт чарговы раз даказвае — у людзей таго веку, як ні ў кога іншага, можна толькі павучыцца высокім маральным якасцям, працавітасці і бясконцай любові да сваёй малой радзімы.

Пешкаўцы для мяне адно з самых маляўнічых месцаў на Лынтупшчыне. Вельмі даспадобы гэтая вёска — адна доўгая вузкая вуліца, абапал якой расце так многа велічных клёнаў! Увосень яны ствараюць настолькі яркую карціну — вачэй не адвесці!

5jU5wqphYSs

jn

За хатамі ў любую пару года  столькі прасторы, святла, паветра, што хочацца вяртацца сюды зноў і зноў. Напэўна, таму і любяць Пешкаўцы дачнікі, якія ахвотна купляюць тут дамы. Гэты факт, несумненна, дадае аптымізму: вёсцы — жыць.

Карэнных жыхароў год ад году застаецца ўсё менш. Сёння іх пералічыш на пальцах адной рукі.

…Яніна Міхайлаўна гас­цінна сустракае ў сваёй вялікай хаце. “Яна на вельмі вялікую сям’ю будавалася, для мяне занадта прасторная”, — прызнаецца жанчына, якая ўжо амаль 20 гадоў жыве тут адна.

У гэтых пакоях, напоўненых даўніной і самабытным вясковым каларытам, жылі яе бацькі, тут нарадзілася і сама. Сюды ж з іншай вёскі пераманіла свайго мужа. Той прыязджаў у Пешкаўцы да роднага брата на танцы. Так і знайшоў тут свой лёс.

Пра свайго Ромку (так ласкава называе мужа Яніна Міхайлаўна) расказвае з усмешкай. Яе твар святлее, і ў гэты момант ловіш сябе на думцы, што на свой больш чым паважаны ўзрост жанчына не выглядае. Хаця ў жыцці было нямала падзей, што дадалі маршчын у зусім маладым узросце.

— Мой брат, як і многія іншыя жыхары Пешкаўцаў, у гады Вялікай Айчыннай пайшоў на фронт, — успамінала Яніна Шчыт. — І не вярнуўся. Яго забілі пад Берлінам. Да дня Вялікай Перамогі не дажыў усяго дзевяць дзён. Маці не перажыла страты.  Узяла ў галаву, бясконца галасіла, ад нервовага ўзрушэння і згасла ў тым жа 1945-м. Я была зусім маладой, і столькі адразу лягло на мае плечы. Аднак лёс сабе не выбіраем…

Усё жыццё Яніна Міхайлаўна адпрацавала ў калгасе: спачатку ў паляводстве, некалькі гадоў цялятніцай, і да пенсіі — свінаркай. Сказаць, што было цяжка, — нічога не сказаць. Як перадавік сельскай гаспадаркі адзначана шматлікімі ўзнагародамі, у тым ліку Граматамі Вярхоўнага Савета БССР. 

— Трэба было падымаць дваіх малых дзяцей, — гаварыла мая суразмоўца, — а дзеля іх на ўсё гатова. Затое цяпер яны — мая апора ў жыцці. Дачка жыве ў Вільнюсе, сын — у Лынтупах, нават і не ўяўляю, што рабіла б без іх пастаяннай падтрымкі. Да сябе хочуць мяне забраць. Але лепш, чым у роднай хаце, нідзе няма. Вось нядаўна моцна хварэла, нават засувень у печы не магла адкрыць. І ў бальніцы ляжала. Дзякуй Богу, усё абышлося, і я зноў дома. Пакуль магу на нагах стаяць, яго не пакіну.

— Чым жа займаецеся цэлы дзень? — задаю пытанне.

— Курачак пасу, ім тут такое раздолле! — шчыра ўсміхаецца жанчына. — Агарод яшчэ саджу, дачка даглядаць дапамагае. Усё жыццё ў грыбы люблю хадзіць, даспадобы лес, прагулкі на свежым паветры. Калі з вяскоўцамі сустрэнемся, перагаворым. Мала нас засталося. Гэта не раней, калі вёска вялікая, шумная была. І калгас быў моцны, і школа мясцовая дзецьмі поўнілася, моладзь весела адпачывала. Шкада, што так сталася, але нічога не зробіш. Затое дачнікаў маем. Вунь якія малайцы! Працавітыя, рукастыя, парадак не перастаюць наводзіць: абкошваюць, будуюцца. І то весялей.

Яніна Міхайлаўна і газету можа без акуляраў пачытаць, і песню на застоллі заспяваць. Але расказваць пра сябе зусім не хоча. Вельмі сціплая па натуры,  куды з большым задавальненнем гаворыць пра сваіх родных. Яе ўцеха — чацвёра ўнукаў, пяцёра праўнукаў, якія радуюць сваімі поспехамі ў вучобе і жыцці. З асаблівым замілаваннем узгадвае праўнучак-блізнятак, якія нарадзіліся мінулым летам. Па магчымасці іх таксама прывозяць у Пешкаўцы. Наогул, калі хата поўніцца дарагімі сэрцу гасцямі — гэта найлепшае свята для душы, найлепшы падарунак. І не важна, юбілей на календары або самы звычайны дзень.

…Ужо калі ад’язджала дадому, сустрэла на вуліцы маладую сям’ю дачнікаў. Крыху дзіўна было чуць у паўпустых, звычайна ціхіх Пешкаўцах гучны дзіцячы смех. Міхалінцы — дачцэ гараджан — няма яшчэ і годзіка, і яна робіць свае першыя крокі менавіта тут.

І не толькі прыродай, цішынёй цэнная гэта вёска. Тут жывуць такія мудрыя настаўнікі жыцця, як Яніна Міхайлаўна, якія не маюць дыпломаў універсітэтаў, але дасканала ведаюць няпростую навуку жыць. Хочацца пажадаць юбілярцы здароўя, каб яна яшчэ доўга прымала гасцей у роднай хаце, а тыя ў сваю чаргу заўсёды дарылі самы светлы і добры настрой.

Іна МІКУС. Фота аўтара і А. Мікуса.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.