Бойся, злодзей, відэакамер


1416391826_6523-fbpost

Пераважную большасць злачынстваў, якія здзяйсняюцца не толькі на Пастаўшчыне, але і ў рэспубліцы ў цэлым, складаюць крадзяжы. Іх удзельная вага ў агульным аб’ёме злачыннасці роўная прыкладна 80 працэнтам. Нягледзячы на характар крадзяжоў, амаль усе яны зводзяцца да таго, што самі пацярпелыя не належным чынам забяспечваюць захаванасць сваёй маёмасці.

Акрамя замкоў, рашотак і сігналізацый, адным са спосабаў засцерагчыся ад злодзеяў з’яўляецца ўста­ноў­ка сіс­тэм відэаназірання, якіх у апошні час на нашых вуліцах становіцца ўсё больш. У адпаведнасці з рашэннем Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта, відэаназіраннем павінны быць абсталяваны магазіны, інтэрнаты, установы адукацыі і аховы здароўя, буйныя прадпрыемствы і арганізацыі раёна, плошчы, стадыёны, скверы, паркі і іншыя аб’екты. І многія з іх ужо знаходзяцца пад кругласутачным відэанаглядам. На сённяшні дзень камеры ўстаноўлены больш чым на 100 аб’ектах, прычым не толькі ў памяшканнях, але і на вуліцах, што садзейнічае раскрыццю злачынстваў.

У пацвярджэнне сказанага прывяду некалькі прыкладаў. 17 верасня бягучага года ад універсама “Цэнтральны” ў Паставах укралі веласіпед. Камеры відэаназірання гэтага і суседніх магазінаў занатавалі момант крадзяжу, а таксама як злодзей адцягнуў “жалезнага каня” за будынак пошты і схаваў у адным з двароў. Маючы відэазапіс, адшукаць зламысніка праваахоўнікам было няцяжка — яго затрымалі ў той жа дзень. Аналагічным чынам устанавілі злодзея, які ўкраў веласіпед з інтэрната па вуліцы Зялёнай у райцэнтры.

А вось свежы прыклад. Раніцай 3 снежня ў РАУС звярнуліся трое жыхароў вуліцы Юбілейнай з паведамленнямі аб пашкоджанні сваіх аўтамабіляў. Яны знаходзіліся на стаянцы паблізу Дэпартамента аховы, тэрыторыя якога абсталявана камерамі відэаназірання. Праглядаючы запісы камер, супрацоўнікі міліцыі ўбачылі, як нейкі малады чалавек (пазней высветлілася, што ён быў у стане моцнага алкагольнага ап’янення) адломлівае люстэркі задняга віду на аўтамабілях. Дзякуючы іншым відэакамерам у горадзе, удалося ўстанавіць маршрут руху злачынца да самага яго дома. Хулігана затрымалі на працягу сутак і прад’явілі абвінавачванне.

Не апошнюю ролю ў раскрыцці злачынстваў адыгрываюць камеры відэафіксацыі на дарогах мясцовага і рэспубліканскага значэння. Так, 3 верасня ў жыхара вуліцы Трудавой у Паставах укралі аўтамабіль. Пры вывучэнні запісаў відэакамер ДАІ было ўстаноўлена, што машыну перагналі ў Мінск: на адным з за­пісаў бачны нумар аўто, якое рухаецца ў бок сталіцы, і чалавек за рулём, які здзейсніў крадзеж. Гэтак жа з дапамогай камер відэафіксацыі вылічаны падпальшчык дачнага дома ў вёсцы Сіўцы, які гарэў 25 кастрычніка. Ён спецыяльна прыехаў на Пастаўшчыну з Брэсцкай вобласці. Супрацоўнікі РАУС змаглі прасачыць шлях руху мужчыны ў наш раён і назад.

Не можа не радаваць, у першую чаргу міліцыянераў, той факт, што ідзе працэс абсталявання камерамі відэаназірання жылых дамоў. Да нядаўняга часу іх устанаўлівалі пераважна на дачах заможныя гаспадары. А не так даўно пачалі ставіць і жыльцы шматпавярховак. Напрыклад, па ініцыятыве саміх жыхароў “відэавочы” з’явіліся на дамах №32“Б” па вуліцы Касманаўтаў і №27 па Юбілейнай, зараз манціруюцца на доме №25 у названым мікрараёне. Упэўнена, у перспектыве яны будуць устаноўлены і на іншых шматкватэрных дамах горада.

Алена ШАПАВАЛАВА .



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.