Будаўнікам — работа, людзям — радасць

Общество

IMG_0563

Дзякуючы будаўнікам, сёлета наш раён, зрэшты, як і ў папярэднія гады, узбагаціўся новымі сацыяльнымі, прамысловымі і гандлёвымі аб’ектамі, жылымі дамамі. А гэта значыць, крыху змяніў сваё аблічча, папрыгажэў, стаў больш сучасным.

Сярод значных аб’ектаў, якімі ў 2017-м прырасла Пастаўшчына, — комплекс па вытворчасці паркетнай дошкі Пастаўскага мэблевага цэнтра, гарадская лазня, фірменны магазін малаказавода і іншыя. У раёне пабудавана і ўведзена ў эксплуатацыю 5178 квадратных метраў жылля, што складае 105% ад павышанага гадавога задання, з іх 2439 — у сельскай мясцовасці. Гэты паказчык дасягнуты за кошт будаўніцтва аднакватэрных жылых дамоў індывідуальнымі забудоўшчыкамі ў райцэнтры, аднакватэрнага жылога дома ў  аграгарадку Навасёлкі і трох чатырохкватэрных — у вёсцы Коўзаны. Сярод шчаслівых уладальнікаў запаветных квадратных метраў і сям’я Арлоўскіх (на здымку). Аляксандр Іванавіч і Вольга Янаўна разам з сынамі Стасікам і Дзяніскам пераехалі ў наш раён з Міёрскага восенню мінулага года. Першы час жылі ў двухпакаёвай кватэры ў адным з новых дамоў у вёсцы Коўзаны, якую ім вы­дзеліла ААТ «Навасёлкі-Лучай», а ў верасні бягучага перасяліліся ў суседні дом, ва ўласную трохпакаёвую. Аляксандр Арлоўскі працуе трактарыстам-машыністам, яго жонка — аператарам машыннага даення на ферме «Коўзаны». Стасік хо­дзіць у другі клас, Дзяніска — у дзіцячы садок.

Пытаюся, як адважыліся змяніць месца прапіскі, а галоўнае — ці не шкадуюць. 

— Аб’яву пра тое, што ў «Навасёлкі-Лучай» патрабуюцца работнікі, прачыталі  ў міёрскай газеце, — адказвае гаспадыня. — Зацікавіліся не ад добрага жыцця: на ранейшым месцы працы  бывала так, што заработнай платы не бачылі па тры месяцы. Калі б не ўласная гаспадарка, нават не ведаю, як бы адправілі старэйшага сына ў першы клас. Словам, пераехалі дзеля дзяцей і засталіся вельмі задаволеныя. Шчыра кажучы, калі ўпершыню ўбачыла ферму, на якой зараз працую, падумала, што трапіла ў казку: настолькі сучасныя там умовы. Радуемся і новай кватэры, асаблівае раздолле ў ёй малым.

І не толькі ім. Але і іх гадаванцам — папугаю Кешу і кошцы Пушынцы, якіх мне з задавальненнем дэманстравалі хлопчыкі. Неўзабаве павінен з’явіцца і хамяк.

— А ці трымаеце гаспадарку? — цікаўлюся.

— Ёсць агарод, на ім вырошчваем усё неабходнае. Жыльцам новых дамоў абяцаюць пабудаваць хлявы, тады і завядзём жыўнасць. Праўда, з такімі тэмпамі работы трымаць карову наўрад ці ўдасца, а вось парсючкоў і курэй — абавязкова будзем, — дзеляцца планамі.

Няхай задуманае здзейсніцца.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.