Час на добрыя справы

Общество

IMG_0215

З 11 снежня 2017 года па 10 студзеня 2018-га, згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, у краіне, у тым ліку і на Пастаўшчыне, праходзіць навагодняя дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”.

Па традыцыі ў калядных і навагодніх ранішніках прымуць удзел прадстаўнікі органаў мясцовай улады, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна, лідары грамадскіх фарміраванняў. Яны наведаюць таксама прыёмныя і апякунскія сем’і, дзіцячы дом сямейнага тыпу, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, аддзяленне адаптацыі, рэабілітацыі і дзённага знахо­джання інвалідаў ТЦСАН. Разам з віншаваннямі дзеці атрымаюць падарункі і салодкія прысмакі.

Большасць спонсараў у гэтыя перадсвяточныя дні накіроўваюцца ў прытулак Сацыяльна-педагагічнага цэнтра раёна, дзе выхоўваецца да 20 дзяцей. У раённым цэнтры дзяцей і моладзі дабрачынныя ранішнікі будуць ладзіцца для дзяцей-інвалідаў, сірот і дзяцей з апякунскіх сем’яў. І вельмі важна, каб у акцыі прыняло ўдзел як мага больш людзей. Кожны з нас можа ахвяраваць хоць невялікую суму на набыццё салодкага падарунка, цацкі ці іншай рэчы для дзяцей.

— У раёне пражываюць каля 500 мнагадзетных сем’яў, 36 апякунскіх, 18 прыёмных, — расказвала галоўны спецыяліст сектара па ахове дзяцінства аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ніна Серафімаўна Каспяровіч. — У іх выхоўваецца ад трох да шасці дзяцей. Прыемна, што ў акцыю “Нашы дзеці” ўжо актыўна ўключыліся многія пастаўчане. Так, індывідуальны прадпрымальнік Алена Гінько прывезла больш за 100 падарункаў менавіта для дзяцей з сацыяльна небяспечных сем’яў (такіх дзяцей у раёне 146). Два веласіпеды ад спонсара адвезены дзецям, якія выхоўваюцца ў доме сямейнага тыпу Вавінскіх.  Чакаюць падарункаў і іншыя. 

— Невядома, каму больш патрэбныя такія акцыі — хлопчыкам і дзяўчынкам ці нам, дарослым, — гаварыў адзін з дабрачынцаў. — Не перадаць словамі тыя пачуцці, якія перажываю ад непадробнай радасці і шчырасці ў вачах дзяцей, калі яны бачаць Дзеда Мароза і Снягурку, атрымліваюць падарункі. Кожны год імкнуся знайсці сродкі на набыццё не толькі традыцыйных ласункаў, цацак, але і неабходных для навучання і быту рэчаў, садавіны і агародніны.

Акцыя працягнецца да 10 студзеня наступнага года. Таму яшчэ ёсць час аказаць дапамогу ў правядзенні ранішнікаў, зрабіць ахвяраванні на іншыя добрыя справы. Няхай кожнае дзіця, ахінутае вашым цяплом і клопатам, паверыць у тое, што цуды здараюцца.

Анна АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.