Да бульбачкі і курачка


245A7622

У мінулую нядзелю, 26 лістапада, дзень выдаўся цёплым, таму і кірмаш на рыначнай плошчы ў райцэнтры быў ажыўлены. Многія гараджане і вяскоўцы прыйшлі сюды, каб зрабіць патрэбныя пакупкі. Прайшоўся па гандлёвых радах і я. Цікавіўся ў асноўным сельскагаспадарчай прадукцыяй.

Як ні дзіўна, прапаноўвалі шмат бульбы. Вяскоўцы выкапалі яе даўно, таму думаў, што і каштаваць яна будзе нядорага. Ды дзе там! На самым піку за 10-літровае вядро прасілі 3,5-5 рублёў. Сяўбянку аддавалі за 2,5 рубля, а дробную — напалову танней. Бліжэй да закрыцця кірмашу цэны крыху знізілі.

Жанчына ва ўзросце настойліва прасіла купіць маладых свойскіх курачак. “Калі возьмеш чатырох, — гаварыла мне, — аддам за 35 рублёў…” Яек, дарэчы, было няшмат, за дзясятак давалі тры рублі. Прасілі  ж яшчэ больш. Саступалі неахвотна, бо і яйкі вялікія, і зерне кашуе нятанна. А яго было дастаткова. Вялікае вядро пшаніцы ў асноўным каштавала 4 рублі, ячменю, жыта — 3,5, аўса — 3. Кілаграм капусты — усяго 30 капеек, крыху па большай цане прадавалі моркву. 8-кілаграмовая сетка чырвоных бурачкоў каштавала 10 рублёў.

Прывёз сваю прадукцыю рыбгас “Навінкі”. Традыцыйны свежы карп каштаваў 3 рублі 40 капеек за кілаграм, адборны — 4 рублі 60 капеек. Бойкім гандаль не назваў бы, а прадукт жа каштоўны. У малочным павільёне раніцай і пазней асаблівага выбару не было. І гэта тлумачыцца тым, што ў вяскоўцаў стала менш буронак. У нашых Андронах, да прыкладу, яшчэ гадоў з 15 таму было больш за 100 кароў, а цяпер і 30-ці няма. Тым не менш за кілаграм тварагу ў залежнасці ад тлустасці прасілі 5-6 рублёў. Смятану з-пад сепаратара прадавалі адзінкі, а яе літровы слоік каштаваў 6 рублёў 50 капеек. Спаў ажыятаж на свойскае масла — за паўкілаграма прасілі 7 рублёў 50 капеек. Традыцыйна добра разыходзіліся па 4,5 рубля клінковыя сыры з кменам з Ярэва.

У мясным павільёне асноўная маса прадаўцоў — перакупшчыкі, таму нават і цэнамі не цікавіўся. А вось на падыходзе да прылаўкаў з мясам мужчына прапаноўваў свежае сала па 6 рублёў за кілаграм. І пакупнік не прымусіў сябе доўга чакаць: жанчына без ваганняў вылажыла за тавар 50 рублёў. Калі спытаў, навошта ёй столькі, адказала, што муж працуе ў лесе, а сабраць яму паесці трэба кожны дзень… 

 Яблыкі прапаноўвалі па 0,8-1,5 рубля за кілаграм, а грушы разыходзіліся па 2. Не змяншаецца попыт на мёд. Яго паўлітровы слоічак у той дзень каштаваў 8-9 рублёў, і выбар быў невялікі. Адным з самых моцных натуральных антыбіётыкаў з’яўляецца часнок. А наперадзе ж зіма з яе прастуднымі захворваннямі. Тры галоўкі летняга часнаку — рубель, а кілаграм цыбулі “сямейка” — паўтара. Для аматараў лёгкай пары быў вялікі выбар венікаў, і каштавалі яны ў сярэднім 2,5 рубля.

Адзначыў для сябе і змены, якія адбыліся ў рабоце рынку, у лепшы бок. Галоўнае, што людзі перасталі прапаноўваць свой тавар з зямлі, павысілася культура абслугоўвання.

А заўтра кірмаш загудзе зноў…

Юрый КАТОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.