Дзеткі на батарэйках і «лятаючыя» тэлевізары

Общество

1320457351

Найвялікшая асалода — назіраць за малечай. Першыя зубкі, крокі, слоўцы. У іх усё — першае. Нязведанае, незнаёмае, прыцягальнае. І, вядома ж, маленькі чалавечак не разумее, што кожнае імгненне яго, няўмелага, неабачлівага, але ўсюдыіснага, падсцерагае небяспека. Затое гэта добра разумеюць бацькі і іншыя дарослыя, але, на жаль, не заўсёды паспяваюць угледзець за малымі. І тады здараецца бяда, а то і трагедыя.

Намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Марына Паўлаўна Нагановіч папрасіла: “Агучце, калі ласка, у газеце тэму аб большай адказнасці дарослых за бяспеку дзяцей, бо за апошні каляндарны год у раёне зафіксаваны тры падзенні тэлевізараў на малых”.

Трагедыя, якая адбылася ў райцэнтры напярэдадні новага 2017 года, скаланула ўвесь горад. На трохгадовую дзяўчынку ўпаў тэлевізар, які стаяў у нішы секцыі, і яна загінула — памерла імгненна ад разрыву сэрца. Але гэты выпадак не адзін­кавы, тэлевізары зноў “ляталі”. Адзін — на паўтарагадовае дзіця, і яно атрымала чэрапна-мазгавую траўму, другі — на яшчэ меншае (адзін год і тры месяцы), але, на шчасце, не скалечыў.

 — Пры чарговым аб’ездзе сем’яў мне ў адной з кватэр самой давялося хапацца за тэлевізар, каб утрымаць яго на месцы, бо малы адчыніў шуфлядку камода, залез у яе з ножкамі, і тэлевізар, што стаяў на камодзе, ледзьве не ўпаў, — расказвала М. П. Нагановіч. — У іншай кватэры тэлевізар таксама стаіць на камодзе. Ён — вялікага дыяметру, і краі выступаюць з абодвух бакоў. Бачна, што дзеці (а іх у сям’і трое) дацягваюцца да тэлевізара, бо па ўсім яго экране сляды маленькіх ручак. Да бяды — паўкрока. Не ўсе камоды, палічкі ўстойлівыя, і пры механічным уздзеянні тэлевізар можа імгненна ўпасці. Таму бацькам трэба вельмі пільна ставіцца да іх размяшчэння і замацавання.

Шэраг драматычных фактаў назвала мне і раённы педыятр Зоя Раманаўна Шчалкун. Нярэдка ў бальніцу трапляюць малыя з хімічнымі апёкамі. А ўсё таму, што ў даступных месцах знаходзяцца пральныя парашкі, кіслоты, шчолач, і малыя ўсё цягнуць у рот. Здаралася, што, застаўшыся без нагляду, сцягвалі са стала абрус і пераварочвалі на сябе гарачыя чай, каву, або мама пакідала на падлозе каструлю з кіпенем, і дзеткі траплялі ў яе. А колькі разоў яны запіхвалі сабе ў носік або вушка ці проста глыталі манеты, гузікі, шарыкі, батарэйкі!

Пералік небяспечных сітуацый, якія падсцерагаюць дзяцей, можна працягваць, але, мне здаецца, што дастаткова і ўзгаданых для таго, каб дарослым, і ў першую чаргу мамам і татам, задумацца над імі і не спускаць вачэй са сваіх дзетак. Нездарма ж народная прымаўка гаворыць: “Сцеражонага і Бог сцеражэ”. Не будзем забываць яе.

Фаіна КАСАТКІНА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.