Фіксуюць гісторыю краіны

Местная власть

Начальнік аддзела ЗАГС Пастаўскага райвыканкама Аніта Францысаўна Несцяровіч з інспектарам Галінай Васільеўнай Гутар.
Начальнік аддзела ЗАГС Пастаўскага райвыканкама Аніта Францысаўна Несцяровіч з інспектарам Галінай Васільеўнай Гутар.

18 снежня стогадовы юбілей адзначаць органы ЗАГС. Іх гісторыя пачалася ў далёкім 1917 годзе з прыняццем Дэкрэта Савета народных камісараў “Аб грамадзянскім шлюбе, аб дзецях і аб вядзенні кніг актаў стану”, які знішчыў стары парадак шлюбна-сямейных адносін. А пасля прыняцця 20 студзеня 1918 года Дэкрэта “Аб аддзяленні царквы ад дзяржавы і школы ад царквы” сфарміравалася новая ведамасная структура дзяржаўнага кіравання — аддзелы запісу актаў грамадзянскага стану.

За 100 гадоў органы ЗАГС прайшлі доўгі шлях станаўлення і развіцця і сталі неад’емнай часткай нашага грамадства. Якія змены адбыліся на працягу стагоддзя і што сёння ўяўляе сабой названая вышэй структура? Пра гэта ў інтэрв’ю з начальнікам аддзела ЗАГС Пастаўскага райвыканкама

А. Ф. НЕСЦЯРОВІЧ.

Метрычная кніга.
Метрычная кніга.

— Аніта Францысаўна, думаю, не памылюся ў тым, што гісторыя органаў ЗАГС цесна звязана з гісторыяй краіны?

— Абсалютна правільна. Таму свой гістарычны экскурс я пачну з падзей 1921 года, калі ў выніку савецка-польскай вайны быў падпісаны Рыжскі мірны дагавор. У адпаведнасці з ім, значная частка Беларусі адышла да Польшчы і была падзелена на 4 губерні: Беластоцкую, Віленскую, Наваградскую і Палескую. Тэрыторыя сучаснага Пастаўскага раёна ўвайшла ў Дзісненскі, Пастаўскі і Свянцянскі паветы Віленскай губерні, а ўсё яго насельніцтва яшчэ доўга заставалася прыпісаным да прыходаў цэркваў і касцёлаў па месцы пражывання. Як і раней, нараджэнне, уступленне ў шлюб і смерць рэгістраваліся ў метрычных кнігах прыходскімі святарамі. Пазней гэтыя кнігі былі перададзены на захоўванне ў аддзел ЗАГС Пастаўскага райвыканкама, а ў 2016 годзе мы перадалі іх у Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Метрычныя кнігі маюць вялікае гістарычнае значэнне і ўяўляюць вялізны інтарэс з боку грамадзян як для атрымання дакументаў, так і для складання радаводаў. Гэта цікавая частка гісторыі, якая расказвае пра род заняткаў і адукацыю жыхароў, дэмагра­фічную сітуацыю, папулярныя ў тыя часы імёны.

— А што змянілася пасля ўз’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі і ўстанаўлення на заходніх землях савецкай улады?

— 15 студзеня 1940 года ў складзе Вілейскай вобласці БССР былі створаны Пастаўскі і Дунілавіцкі раёны, а ў кожным — бюро ЗАГС, кіраўніцтва работай якіх ажыццяўляў аддзел актаў грамадзянскага стану НКУС СССР. Потым Пастаўскі і Дунілавіцкі раёны ўвайшлі ў склад Маладзечанскай вобласці, а органы ЗАГС перайшлі ў распараджэнне Міні­стэрства ўнутраных спраў. У 50-ыя гады ў сувязі з рэфармаваннем сістэмы ўнутраных спраў іх перадалі ў распараджэнне мясцовых Саветаў народных дэпутатаў.

20 студзеня 1960 года Дунілавіцкі раён быў скасаваны і створаны сучасны Пастаўскі, які стаў часткай Віцебскай вобласці. З гэтага часу сваю дзейнасць пачало ажыццяўляць бюро ЗАГС выканкама Пастаўскага раённага Савета дэпутатаў працоўных. Пасля распаду Савецкага Саюза і станаўлення незалежнай суверэннай дзяржавы Рэспубліка Беларусь былі створаны аддзелы запісу актаў грамадзянскага стану пры мясцовых выканаўчых камітэтах. У 2006-ым яны ўвайшлі ў сістэму Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. І зараз па агульных пытаннях сваёй дзейнасці падпарадкоўваюцца адпаведным выканаўчым камітэтам, а па пытаннях рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі — Мінюсту краіны.

Муж і жонка Ластоўскія з вёскі Міхнічы, якія вянчаліся ў груздаўскім касцёле ў 1933 годзе.
Муж і жонка Ластоўскія з вёскі Міхнічы, якія вянчаліся ў груздаўскім касцёле ў 1933 годзе.

— Але як бы ні называ­ліся органы ЗАГС і якую б падпарадкаванасць ні мелі, іх функцыі застаюцца нязменнымі — фіксаваць самыя значныя па­дзеі ў жыцці людзей.

— Кнігі запісаў актаў грама­дзянскага стану захоўваюць гісторыю кожнага асобнага чалавека, сям’і і краіны ў цэлым. Сапраўднай скарбонкай ЗАГСа можна лічыць архіў, дзе за кожным запі­сам стаяць асабістыя гісторыі з іх радасцямі і нягодамі. На сённяшні дзень у архіве аддзела ЗАГС Пастаўскага райвыканкама захоўваюцца 570 кніг запісаў актаў грамадзянскага стану, пачынаючы з 1944 года па цяперашні час. Першы запіс акта аб нараджэнні датуецца 13-ым кастрычніка 1944 года, і складзены ён на В. -Л. Шалкоўскую, якая з’явілася на свет 28 верасня 1941 года. А першы шлюб у аддзеле ЗАГС заключылі 23 верасня 1944 года старшыня калгаса “1 Мая” Павел Прохаравіч Дойняк 1918 года нараджэння і Марыя Дзям’­янаўна Гіль, якой на той момант споўнілася 18 гадоў. Гэтыя людзі адкрылі лік першым маладым сем’ям, якія адраджалі жыццё на вызваленай ад нямецкіх захоп­нікаў пастаўскай зямлі. Што да гісторыі развіцця і ўдасканалення рэгістрацыі актаў грама­дзянскага стану, то яна з’яўляецца сапраўдным адлюстраваннем жыцця нашага грамадства.

— Вельмі цікава, раскажыце пра гэта падрабязней.

— Пасля прыходу савецкай улады былі ўнесены змяненні ў сімволіку і абраднасць шлюбу. У іх аснове ляжалі ідэалагічныя ўстаноўкі кіруючай Каму­ністычнай пар­тыі. У канцы 30-ых — пачатку 40-ых пачаўся бум “чырвоных вяселляў”, дні рэгістрацыі выбіралі так, каб яны супадалі з савецкімі святамі. У процівагу царкоўнаму вянчанню шлюбы разглядаліся не толькі як сямейная, але і як грамадска-палітычная падзея, нагода для антырэлігійнай агітацыі.

У гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай тэрыторыі іх афармлялі ў партызанскіх атрадах і праводзілі па рэлігійных абрадах. Дзяржава прызнавала такія шлюбы сапраўднымі, калі яны не супярэчылі савецкаму заканадаўству. 8 ліпеня 1944 года быў прыняты Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, які прадпісваў усім асобам, што знаходзіліся ў фактычным шлюбе з 1926 года, аформіць свае адносіны ў органах ЗАГС, указаўшы пры гэтым дату ўступлення ў фактычныя шлюбныя адносіны і агульных дзяцей.

Пасля вайны вяселлі праводзіліся вельмі сціпла. Звычайна, іх ніхто не святкаваў, усе цырымоніі заканчваліся кароткай рэгістрацыяй. У канцы 50-ых сталі ўкараняцца “грамадзянскія абрады”. Людзям агучвалі дакладныя правілы — як падрыхтавацца да вяселля і як жаніцца. Так, родным і сябрам было рэкамендавана дарыць невялікія падарункі. Нявесту віншавалі ружамі, жаніха — гваздзікамі. Калі на вяселлі гулялі дзеці, яны павінны былі быць апранутыя ў школьную форму.

Паступова працэдура заключэння шлюбу “абрастала” ўсё новымі і новымі элементамі. Напрыклад, работнік ЗАГСа, які яе вёў, стаў пачынаць рэгістрацыю з уступнага слова, якое служыла свайго роду наказам будучай сям’і. З’явіліся неад’емныя атрыбуты кожнай вясельнай цырымоніі — заручальныя пярсцёнкі, усё часцей гучаў вясельны марш Мендэльсона. Для правя­дзення ўрачыстасцей выкарыстоўваліся Дамы культуры і сельскія клубы. У 60—80-ыя гады абавязковым было наведванне помніка У. І. Леніну, манумента або брацкай магілы загінулых воінаў і ўскладанне кветак.

«Залатых» юбіляраў Падаксёнавых віншуе былы начальнік аддзела ЗАГС І. А. Рагіня. 19 лістапада 2011 года.
«Залатых» юбіляраў Падаксёнавых віншуе былы начальнік аддзела ЗАГС І. А. Рагіня. 19 лістапада 2011 года.

— Напэўна, з цягам часу не толькі ўдасканальвалася дзейнасць органаў ЗАГС, але і ўскладняліся яе задачы?

— Так. Калі ў пасляваенныя гады наш аддзел праводзіў толькі рэгістрацыю нараджэння, заключэння і скасавання шлюбу, смерці і ўсынаўлення, крыху пазней — змянення прозвішча, то сёння ён выконвае 15 адміністрацыйных працэдур. Акрамя названых, гэта рэгістрацыя ўстанаўлення бацькоўства і мацярынства, змянення імя ўласнага і імя па бацьку, выдача паўторнага пасведчання аб рэгістрацыі акта грамадзянскага стану, аднаўленне і ануляванне запісаў такога акта, унясенне ў іх змяненняў, дапаўненняў і выпраўленняў, выдача даведак аб нараджэнні, смерці і іншых. Таксама мы ажыццяўляем выязную рэгістрацыю заключэння шлюбу, праводзім ушаноўванне сямейных пар-юбіляраў, шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на ўмацаванне сям’і і сямейных каштоўнасцей.

Значную работу ў рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану выконваюць сельскія выканаўчыя камітэты, якія ажыццяўляюць чатыры адміністрацыйныя працэдуры: рэгістрацыю нараджэння, заключэння шлюбу, смерці і ўстанаўлення бацькоўства. Выкананне функцый органаў ЗАГС ускладзена на кіраўнікоў спраў сельвыканкамаў, а ў Варапаеўскім сельскім Савеце — на спецыяліста сельвыканкама.

Паказальную ўрачыстую рэгістрацыя нараджэння дэманструе калегам Юнькаўскі сельскі Савет.
Паказальную ўрачыстую рэгістрацыя нараджэння дэманструе калегам Юнькаўскі сельскі Савет.

— Работа ў ЗАГСе — не проста выкананне службовых абавязкаў. Для тых, хто тут працаваў і працуе, яна стала прызваннем.

— І гэта пацвярджае шматгадовы стаж нашых работнікаў. На працягу 20 гадоў, з 1954-га па 1974-ты, Пастаўскае бюро ЗАГС узначальвала Варвара Міхайлаўна Літвіновіч. З 1976-га па 1978 год яно знаходзілася пад кіраўніцтвам Тамары Анатольеўны Гінько. Затым амаль два дзесяцігоддзі кіраўніком была Алена Уладзіславаўна Калашнікава. 22 гады начальнікам аддзела ЗАГС райвыканкама з’яўлялася Ірына Ана­тольеўна Рагіня. 25 гадоў адпрацавала ў ім спецыялістам Соф’я Сяргееўна Афанасьева. І ўжо больш за 11 гадоў працуе інспектар Галіна Васільеўна Гутар.

Напэўна, не ўсе ведаюць, што ў перыяд з 1983-га па 1993 гады ў нашым горадзе працаваў яшчэ адзін аддзел ЗАГС — Паставы-2, які рэгістраваў акты грамадзянскага стану ваеннаслужачых і іх сем’яў. Гэты аддзел быў структурным падраздзяленнем пашпартна-візавай службы пры 1-ым аддзяленні міліцыі РАУС (спецыяльнай міліцыі пры ракетных войсках). У розныя гады яго ўзначальвалі Іван Іванавіч Канавалаў, Міхаіл Сяргеевіч Паўлюк і Таццяна Віктараўна Казакевіч. Пасля распаду Савецкага Саюза і вываду ракетных войскаў аддзел ЗАГС Паставы-2 спыніў сваё існаванне, а яго актавыя запісы перададзены на захоўванне нам і ў сакрэтны архіў ракетных войскаў у Маскве.

— Аніта Францысаўна, стагоддзе органаў ЗАГС — выдатная нагода павіншаваць былых і цяперашніх работнікаў. Што хацелі б пажадаць ім?

— Найперш моцнага здароўя, поспехаў ва ўсіх справах, удачы, дабрабыту, сямейнага цяпла, каб у жыцці ўсё складвалася так, як хочацца.

Гутарыла Алена ШАПАВАЛАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.