Гучаў кароль музычных інструментаў


IMG_7882

У мінулую суботу ў касцёле Святога Антонія Падуанскага пасля вячэрняй імшы людзі яшчэ доўга не разыходзіліся, хтосьці з гараджан у гэты час прыйшоў у храм спецыяльна. А прычына — музычнае свята “Гучаць старадаўнія арганы Пастаўшчыны”.  

Не ведаю, як каму, а асабіста мне той факт, што на Пастаўшчыне ўжо не першы год запар праводзіцца свята арганнай музыкі, надае гонару за наш край. Значыць, ёсць сярод землякоў сапраўдныя знатакі традыцыйнай духоўнай музыкі, якая ўзвышае чалавека над паўсядзённасцю і дазваляе адкрыць патаемныя куточкі ўласнай душы.

IMG_7919

Хаця інакш, напэўна, быць і не магло: Пастаўшчына ва ўсе часы славілася высокім узроўнем мастацкай культуры. Наш зямляк Браніслаў Руткоўскі, які нарадзіў­ся ў Камаях у 1898 годзе, лічыцца адным з першых арганізатараў міжнародных канцэртаў арганнай музыкі. Таленавіты арганіст, дырыжор, кампазітар, педагог і музычны крытык, ён у свой час быў арганістам у камайскім касцёле. Пад скляпеннямі гэтага старажытнага храма і сёння чутныя чароўныя гукі аргана канца XVIII стагоддзя. Таксама дзеючыя арганы з’яўляюцца неад’емнай часткай набажэнстваў у лынтупскім, лучайскім і пастаўскім касцёлах.

IMG_7894

У рамках сёлетняга музычнага свята канцэрты класічнай музыкі адбыліся ў Паставах і Камаях. Галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Субко перад пачаткам мерапрыемства гаварыла:

— Правядзенне святочных канцэртаў было б немагчымым без цеснага супрацоўніцтва з ксяндзом-пробашчам касцёла Святога Антонія Падуанскага і Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Паставах Вадзімам Прасяным і ксяндзом касцёла Святога Яна Хрысціцеля ў Камаях Яцэкам Хутманам. Вялікае дзякуй ім за тое, што  спрыяюць падтрыманню і захаванню найлепшых культурных, музычных традыцый раёна.

IMG_7902

З-за вялікага дыяпазону гучання арган здольны замяніць цэлы аркестр, таму нездарма яго называюць каралём музычных інструментаў. Авалодаць ігрой на ім няпроста. І толькі сапраўды таленавіты музыкант можа прадэманстраваць слухачам усё яго гукавое багацце і выразнасць. У гэтым сэнсе пастаўчанам пашчасціла. Яны спаўна змаглі атрымаць асалоду ад канцэрта, паколькі ў ім прымалі ўдзел сапраўдныя прафесіяналы, лаўрэаты міжнародных конкурсаў. Салістка Беларускай дзяржаўнай філармоніі Тамара Рэмез (сапрана), акампаніраваў ёй арганіст мінскага касцёла Найсвяцейшай Тройцы, журналіст Беларускага радыё Віктар Кісцень, а на трубе граў Аляксандр Ахрэмка, саліст Цірольскага аркестра (Аўстрыя).

IMG_7923

У сваёй праграме яны прадставілі і заходнееўрапейскую класіку (Іаган Бах, Фрыдрых Гендэль), і творы нашых славутых кампазітараў і арганістаў. Сярод іх — беларус па пахо­джанні Станіслаў Манюшка, які працаваў арганістам у Вільні на працягу амаль 20 гадоў і за гэты час напісаў цудоўныя як арганныя, так і вакальныя творы. Прагучалі таксама сачыненні сучасных кампазітараў. Словам, у музычнага свята атрымаўся досыць шырокі фармат.

Людміла ЗЕЛЯНКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.