І адпачыць, і павесяліцца


«У Яся».
«У Яся».

Знаёмыя з Масквы запланавалі сустрэць Новы год на Пастаўшчыне. І, каб не надакучаць радні, вырашылі пасяліцца ў якой-небудзь аграсядзібе. Выбраць яе даручылі мне.

Гасцей у нашым раёне прымаюць больш за 40 аграэкасядзіб. Прывабліваюць нават назвы: “Ля выспы”, “Ля возера”, “Ля Блакітных азёр”, “Лясная казка”, “Лясная паляна”, “Паа­зер’е”, “Хутарок”, “На Доўжы”, “Хата ля возера”, “Хата пад клёнамі”, “Белае і Чорнае”, “Ліпнікі”, “Акарына”, “Буслінае гняздо”, “Жамчужны рай”, а яшчэ “Паляўнічая”, “Рыбацкая”, “Трабуцішкі”, “Кантры”, “У Яся”, “Лучайскі куток” і іншыя. Каб хоць крыху сарыентавацца, па параду звярнулася да інструктара-метадыста па турызме дзяржаўнага аб’яднання “Фізіч­ная культура, спорт і турызм Пастаўскага раёна” Н. Я. Карнілавай.

— Аграсядзібы вельмі падобныя паміж сабой, — расказвала Наталія Яўгеньеўна. — Гэта камфартабельныя катэ­джы, якія знаходзяцца паблізу азёр і лясоў. Летам можна купацца, плаваць на лодцы, ла­віць рыбу, збіраць грыбы і ягады, праводзіць час на ўлонні маляўнічай прыроды з чыстым, гаючым паветрам. У дамах ёсць усе выгоды, сучасная бытавая тэхніка,  інтэрнэт, кабельнае тэлебачанне. У той жа час у кожнай ся­дзібы — свая “фішка”.

Галоўнай славутасцю кавальскай сядзібы “Тра­буцішкі”, якая размешчана побач з найчысцейшым возерам Балдук на Лынтупшчыне і належыць сям’і Фурс, з’яўляецца кузня. Тут можна паназіраць за тым, як уручную куюцца падкова, ружа, падсвечнік і многае іншае.

Ганчарная сядзіба “Акарына” Шчэрбаў у аграгарадку Навасёлкі абсталявана ў традыцыйным вясковым стылі. А яшчэ тут ёсць музей вырабаў з гліны і майстэрня з ганчарным кругам, у якой вядомы майстар Сяргей Шчэрба навучыць ляпіць тую рэч, якая вам падабаецца.

«Трабуцішкі».
«Трабуцішкі».

Пачаставацца дамашнімі сырам і тварагом, прыгатаванымі ў печы, пасмакаваць іншыя стравы з экалагічна чыстых прадуктаў можна ў “Хаце пад клёнамі” Алега Колесня. Размешчана яна ў далечыні ад шумных гарадоў і вялікіх пасёлкаў — у вёсцы Навікі Казлоўшчынскага сельсавета. Гаспадар сам вырас у вёсцы, таму гасцявы домік пабудаваны з захаваннем традыцый продкаў. І ў той жа час тут ёсць усе выгоды для камфортнага адпачынку як сям’ёй, так і для правядзення карпаратываў, юбілеяў, вяселляў.

Тры вышэйназваныя сядзібы ў намінацыі “Захаванне беларускіх традыцый” у розныя гады станавіліся пераможцамі ў абласным конкурсе аграэкасядзіб.

А “Буслінае гняздо”, што ў вёсцы Васіліны Курапольскага сельсавета, вызначылася ў такім жа конкурсе ў намінацыі “Здаровы лад жыцця”.  Пра лячэбныя ўласцівасці мёду ведаюць усе, а вось пра тое, што можна лячыцца і гудзеннем пчол, напэўна, для многіх будзе адкрыццём. Гэтай цікавай методыкай валодае гаспадар “Буслінага гнязда” Сяргей Дзіковіч. На пасецы можна пазбавіцца ад дэпрэсіі, умацаваць імунітэт і павялічыць працаздольнасць. Незаменнымі для лячэння душы і цела будуць добрая лазня з бярозавым венікам і масаж з мёдам. А яшчэ гаспадар змайстраваў унікальную ладдзю на 30 месцаў. Яна выкарыстоўваецца для турыстычных рачных паходаў па Дзісенцы, Дзвіне.

Карыстаецца попытам аграэкасядзіба “Ліпнікі”. Яна размешчана за два кіламетры ад горада. Тут можна ладзіць розныя сямейныя ўрачыстасці, для гэтага ёсць банкетная зала на 50 чалавек. Ва ўтульным гасцявым доміку зімой могуць размясціцца 10 чалавек, летам — удвая больш. Уладальніца сядзібы Тэрэза Лысёнак частуе гасцей прысмакамі з уласнай падсобнай гаспадаркі, арганізуе цікавыя забавы. Яе работа была прызнана лепшай у вобласці ў намінацыі “Гасціннасць”.

Банкетная зала ў «Ліпніках».
Банкетная зала ў «Ліпніках».

— Адпачынак у аграсядзібе з кожным годам становіцца ўсё больш папулярным, — працягвала Наталія Леанідаўна, — а занятак аграэкатурызмам — перспектыўным. Дзяржавай створаны для гэтага ўсе ўмовы. Доказам таму Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі № 365 “Аб развіцці аграэкатурызму”, падпісаны 9 кастрычніка бягучага года. Ён будзе садзейнічаць прывабліванню турыстаў у нашу краіну, а таксама прыцягваць да эканамічнай дзейнасці насельніцтва, якое пражывае ў сельскай мясцовасці, стымуляваць дзелавую актыўнасць і выключыць залішнія патрабаванні, якія прад’яўляюцца да суб’ектаў гаспадарання. Дзейнасць у сферы аграэкатурызму не з’яўляецца прадпрымальніцкай і не патрабуе рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніцтва. Дастаткова заплаціць збор на ажыццяўленне гэтага віду дзейнасці і накіраваць пісьмовае паведамленне ў райвыканкам па месцы знаходжання сядзібы.

Указ прадугледжвае комплекснае ўдасканаленне адносін у сферы аграэкатурызму, накіраванае, перш за ўсё, на ліквідацыю адміністрацыйных бар’ераў, якія тармозяць развіццё гэтага напрамку. Суб’ектам гаспадарання прадастаўляецца права аказваць шырокі спектр дадатковых паслуг, якія спадарожнічаюць гэтаму віду дзейнасці. У прыватнасці, пералік значна дапоўнены за кошт арганізацыі вяселляў, юбілеяў і іншых падобных мерапрыемстваў, паслуг лазні, саўны. Раней яны ўваходзілі ў “іншыя паслугі”.

Згодна з Указам № 365, з’явілася і патрабаванне — не менш за тры гады пасля правядзення праверкі падатковымі органамі захоўваць дагаворы на аказанне паслуг, заключаныя паміж суб’ектамі аграэкатурызму і аграэкатурыстамі.

Але вернемся да выбару аграэкасядзібы для маіх знаёмых. Прэйскурант цэн для іх значэння не меў (цэны вагаюцца ад 23 да 50 рублёў за суткі). Умовай была  блізкая адлегласць ад райцэнтра. Таму спыніліся на адной з сядзіб у вёсцы Чарты. Пра ўражанні ад адпачынку — пазней.

Анна АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.