“Мару стаць праграмістам, але спорт пакідаць не збіраюся”

Спорт

IMG_0118

Пра спартыўныя поспехі выхаванца Пастаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Мацвея Мухлі “ПК” пісаў неаднойчы. І вось чарговая нагода: нядаўна хлопец стаў сярэбраным прызёрам XV Міждзяржаўнага турніру па лёгкаатлетычным мнагаборстве ў Віцебску. Сёння Мацвей — герой нашай рубрыкі “Сучаснік”.

— Раскажы, як даўно займаешся спортам.

— Можна сказаць, з дзяцінства. Калі вучыўся ў 2 класе, захапіўся футболам. Гэта працягвалася каля двух гадоў. Потым быў перапынак, а ў 7 класе бацька прывёў мяне на ФАК, на плаванне. Але літаральна на наступны дзень пасля нашага візіту ў першую школу, у якой вучуся, прыйшла трэнер ДЮСШ Інга Алегаўна Роліч і прапанавала запісацца ў секцыю лёгкай атлетыкі. Паабяцала, што буду ездзіць на розныя спаборніцтвы. Мяне гэта заціка­віла, і хутка я забыў пра плаванне.

— У якіх спаборніцтвах ужо давялося ўдзельнічаць?

— Акрамя ўсіх школьных і раённых, прымаю ўдзел у многіх абласных. Спачатку выступаў у бегу з бар’ерамі, мінулай зімой двойчы станавіўся пераможцам у гэтай дысцыпліне. А сёлета пачаў спаборнічаць у мнагаборстве. Адразу заняў трэцяе месца, цяпер — другое. Калі гэтым летам быў на “вобласці”, хацелі адправіць на “рэспубліку” па мнагаборстве. Але я не змог паехаць, бо моцна пацягнуў нагу і каля месяца лячыўся.

— Ведаю, што ў цябе быў шанц паступіць у вучылішча алімпійскага рэзерву ў Віцебску.

— Так. Калі летась я заняў два першыя месцы ў бегу з бар’ерамі, мяне запрасілі туды на зборы. Прыехаў на зімовых ка­нікулах, потым на вясенніх, прайшоў медкамісію. А летам задумаўся: паступаць або не? У выніку, абмеркаваўшы ўсё з блізкімі, вырашыў пайсці пасля 9 класа ў Мінскі радыётэхнічны каледж на спецыяльнасць “Праграмаванне”, каб потым паступіць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. Пабываўшы на зборах, я зразумеў, што ў вучы­лішчы трэба будзе амаль усе сілы аддаваць спорту. З-за гэтага можа пацярпець вучоба. А мне важна атрымаць добрую адукацыю.

— Калі не памыляюся, у школе ты выдатнік?

— Ім я стаў нядаўна. Да 7 класа быў харашыстам, вучыўся ў асноўным на 7 балаў. У 8 класе добра пайшлі матэматыка і фізіка, пачаў сур’ёзней ставіцца да вучобы, падцягваць іншыя прадметы. І мінулы навучальны год закончыў з сярэднім балам 9. Акрамя матэматыкі і фізікі, лёгка даюцца таксама геаграфія — па ёй у студзені паеду на абласны этап рэспубліканскай алімпіяды — і інфарматыка.

— Летась ты адзіны з пастаўскіх школьнікаў ездзіў атрымліваць пашпарт у Нацыянальны алімпійскі камітэт у Мінску. Якія засталіся ўражанні?

— Самыя лепшыя! Было вельмі прыемна атрымаць галоўны дакумент з рук першага віцэ-прэзідэнта НАК Беларусі Максіма Рыжанкова. Для мяне гэта вялікі гонар і вялікая адказнасць.

— Калі выдаецца вольны ад вучобы і спартыўных трэніровак час, чым звычайна займаешся?

— Люблю пагуляць з сябрамі на вуліцы, паганяць, як раней, футбольны мяч. Раз у месяц, а то і часцей ездзім у Манькавічы або Азёркі гуляць у лазертаг. Дома гля­джу фільмы, дапамагаю бацькам.

— Пра што марыш?

— Зараз — добра закончыць 9 класаў і паступіць у каледж, каб потым стаць першакласным праграмістам. Лічу, што за гэтай прафесіяй будучыня, яна запатрабаваная, высокааплатная. Але спорт пакідаць не збіраюся. Планую наведваць лёгкаатлетычную секцыю ў Мінску, выступаць за каманду вучылішча.

Алена ШАПАВАЛАВА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.