Матуліна і татава шчасце


1

Адыходзячы год прынёс у сям’ю Таццяны і Яўгенія Амбразевіч найвялікшую радасць — нараджэнне дачушкі. Дзяўчынка з’явілася на свет 11 верасня ў радзільным аддзяленні Пастаўскай ЦРБ. Свайго першынца маладыя бацькі назвалі Ксеніяй.

— Цяжка перадаць тое новае, нязведанае пачуццё, якое ахапіла мяне, калі ўпершыню ўбачыла сваю дачушку. Гэта адначасова і радасць, і пяшчота, і адказнасць за новае жыццё, — успамінае маладая мама. —  Ксенія нарадзілася вагой 3 кілаграмы 300 грамаў і ростам 53 сантыметры. Вельмі страшна было спавіваць такую малышку, тым больш што рабіць гэтага я не ўмела. Але за час, праведзены ў радзільным аддзяленні, налаўчылася так, што нават дапамагала суседцы па палаце.

Зараз Ксеніі чацвёрты месяц. Дзяўчынка з задавальненнем лапоча на сваёй мове, дзе галоўныя словы “угу” і “агі”, цікавіцца яркімі колерамі (у цэнтры ўвагі — магніцікі, наклейкі, бразготкі), любіць усміхацца, ведае, дзе свае, а дзе чужыя. Матуля не можа нацешыцца з вялікіх вачэй, доўгіх валасоў (жартуе, хоць у косы заплятай), круглых шчочак сваёй прыгажуні. А найвялікшае шчасце — дзень за днём углядацца ў твар дачушкі і знаходзіць у ім знаёмыя рысы яшчэ аднаго любімага чалавека — мужа.

Дзяўчынка спакойная, добра спіць, любіць водныя працэдуры, кожны раз усміхаецца, калі тата прыходзіць з работы. У гэтым годзе Ксенія атрымае свае першыя навагоднія падарункі. Мяркую, што Дзед Мароз пакладзе іх пад ёлку, якую дзяўчынка ўбірала разам з бацькамі.

Як і Ксенія, сёлета свой першы Новы год будуць сустракаць каля 350 маленькіх жыхароў нашага раёна. Столькі немаўлятак зарэгістравана аддзелам ЗАГС Пастаўскага райвыканкама.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ.

Фота Сяргея ВШЫЎКАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.