Месца для малітвы ёсць!

Духовность

image

Другі тыдзень вернікі парафіі Езуса Міласэрнага маюць асобнае памяшканне для малітвы (да гэтага набажэнствы праходзілі ў касцёле Святога Антонія Падуанскага).

Размешчана яно ў мікрараёне пятага гарадка пры ўездзе ў райцэнтр. Першая святая Імша тут адбылася ў першую суботу снежня — перад пачаткам Адвэнту — часу падрыхтоўкі да Божага Нараджэння.

Напачатку былі праспяваны Нешпары першай нядзелі Адвэнту (малітва, якая чытаецца з надыходам вечара як падзяка за ўсе дары, якія даў Бог на працягу дня). Затым цэлебравалася святая Імша.

На ўрачыстасць прыехалі святары Аляксандр Баран з Лынтуп, Ежы Вільк з Варапаева, Вадзім Прасяной і Чэслаў Куцмеж з пастаўскай парафіі Святога Антонія Падуанскага. Узначаліў Эўхарыстыю ксёндз-дэкан Павел Самсонаў з Дунілавіч. Ён асвяціў памяшканне і адвэнтавы вянок, выраблены ў форме круга, з зялёных яловых галінак з чатырма свечкамі — у знак чатырох тыдняў Адвэнту. Ад іх запалілі свае свечкі і ўсе прысутныя. Свечка сімвалізуе святло Бога, што пралілося на нас з нара­джэннем Яго Сына Езуса, які сказаў: “Я — святло свету. Хто ідзе за мной, той не будзе хадзіць у цемры, але бу­дзе мець святло жыцця”. На Імшу прыйшлі не толькі тыя, хто належыць да новай парафіі, але, каб раздзяліць іх вялікую радасць, прыехалі і вернікі з мікрараёнаў 6 гарадка, будаўнікоў, вуліцы Юбілейнай.

Часовы будынак манціраваўся два месяцы. Дзясяткі людзей стараліся, каб найхутчэй абуладкаваць яго. Мужчыны выконвалі больш цяжкую работу, жанчыны дапамагалі разгружаць плітку для падлогі, складаць лаўкі, мылі сцены, вокны, прыбіралі.

— Некалі мы хадайнічалі, каб у нашым мікрараёне ўстанавілі хаця б прыдарожны крыж, — успамінала парафіянка Францішка Каравацкая. — А былы пробашч парафіі Антонія Падуанскага Анджэй Возьняк аднаго разу сказаў: “У вас будзе не толькі крыж, а і касцёл”. Да новага касцёла яшчэ далёка, бо на яго ўзвядзенне патрэбна шмат фінансаў. Але ўжо маем магчымасць маліцца на месцы, не ездзіць у цэнтр у касцёл Святога Антонія Падуанскага. Гэта вялікая радасць і вялікая зручнасць”.

Шмат добрых слоў было выказана ксяндзу-пробашчу Андрэю Бульчаку. Менавіта яго стараннямі будзе ўзво­дзіцца не толькі будынак касцёла, але і згуртоўвацца парафіяльная сям’я. Яна маладая і па часе стварэння, і па ўзросце вернікаў. На ўрачыстасці прысутнічала шмат дзяцей, моладзі, маладых сямейных пар. Яны — стрыжань і будучыня Касцёла.

Святая Імша ў капліцы адбываецца ў нядзелю ў 11 і 15 гадзін, аўторак, чацвер — 19.00, суботу — 17.00, падчас Адвэнту рараты ў панядзелак, сераду і пятніцу ў 6.45.

Анна АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.