На граніцы — з сімвалам года

Общество

IMG_5069

Гэты Новы год ваеннаслужачы тэрміновай службы сяржант Сямён Бабойць упершыню будзе сустракаць не з роднымі за святочным сталом або з саслужыўцамі ў казарме, а на Дзяржаўнай граніцы ў кампаніі аўчаркі па мянушцы Скіпер.

Сямён — кінолаг, інструктар разведвальна-пошукавай групы рэзервовай пагранічнай заставы пагранкамендатуры “Паставы”. Служыць тут з мая гэтага года, а ў рады Узброеных Сіл быў прызваны ў лістападзе 2016-га.

— Родам я з Астравецкага раёна, па грамадзянскай спецыяльнасці энергетык, — расказваў хлопец. — Таму, калі прыйшоў час ісці ў армію, хацелі забраць у цэнтр інжынернага або матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння. Але я папрасіўся ў кінолагі, бо вельмі люблю сабак. Да пераводу ў Паставы прайшоў падрыхтоўку ў Смаргонскай пагранічнай групе спачатку па пасадзе важатага, а затым — інструктара службовага сабакі. Разам са мной яе праходзіў і Скіпер. Па характары ён халерык, мае даволі агрэсіўны нораў, таму было няпроста прымусіць яго слухацца. Але паступова прывыклі адзін да аднаго, здружыліся. 

Ды так, што Сямён цікавіўся ў кіраўніцтва пагранкамендатуры, ці можна будзе пры звальненні ў запас выкупіць Скіпера, каб забраць да сябе дамоў. Толькі тут хлопцу не змогуць пайсці насустрач: аўчарцы няма і трох гадоў, і яна адна з лепшых у падраздзяленні. Лёгка бярэ пракладзены чатыры гадзіны назад след, неаднойчы ўдзельнічала ў затрыманні парушальнікаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь і незаконных мігрантаў, выяўленні схаванай кантрабанды.

Добра характарызаваў намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце пагранкамендатуры капітан Д. У. Бурак і сяржанта Бабойця. За час службы яму разам з чатырохногім сябрам давялося ахоўваць Дзяржаўную граніцу на розных участках, якія ўваходзяць у зону адказнасці застаў “Лынтупы” і “Ярэва”, паста “Палессе”, і двойчы праявіць сябе. Так, у складзе трывожнай групы Сямён са Скіперам выяз­джалі на затрыманне сямі нелегалаў, якія спрабавалі перасекчы граніцу Рэспублікі Беларусь з Літвой, і выявілі і затрымалі восьмага парушальніка, пра якога пагранічнікі спачатку не ведалі. У наступны раз знайшлі схрон цыгарэт паблізу граніцы. Сабака ўзяў след па паху і вывеў на верагоднае месца яшчэ аднаго схрона, які аказаўся пустым.

Тое, што заўтрашняй навагодняй ноччу трэба будзе дзяжурыць у нарадзе на пагранзаставе “Ярэва”, Сямёна ніколькі не засмучае. Кажа, будзе цікава правесці яе з сімвалам 2018-га — сабакам. Са свайго боку хачу пажадаць, каб гэта дзяжурства было спакойным, без здарэнняў. А ў тым, што яно надоўга запом­ніцца салдату, не сумняваюся.

Алена ШАПАВАЛАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.