Найбольш значны


Сустракаючы чарговы Новы год, заўсёды аглядваешся назад, узгадваеш падзеі не толькі адыходзячага, але і даўно мінулых. Карэспандэнт “Пастаўскага краю” Анна Анішкевіч пацікавілася ў жыхароў Пастаўшчыны, які год трэцяга тысячагоддзя яны лічаць найбольш значным для раёна.

Валянціна Уладзіміраўна КУЗЬМІЧ, былы старшыня Лынтупскага сельскага Савета:

2000-ы. У Лынтупах была ўзведзена пагранічная застава — сучасны двухпавярховы будынак. У ім замест тыповых казармаў — пакоі на 3-х чалавек, прасторная спартзала, медпункт, пакой адпачынку. Паклапацілася дзяржава і пра жыллё для ваеннаслужачых — пабудавала два двухпавярховыя дамы на 4 кватэры. Цырымонія адкрыцця заставы адбылася ў канцы года. На яе прыбылі высокія госці: у той час намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Леанід Пятровіч Козік, Старшыня Дзяржаўнага камітэта пагранічных войскаў Рэспублікі Беларусь Аляксандр Аляксеевіч Паўлоўскі, старшыня Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Паўлавіч Андрэйчанка, старшыня райвыканкама Ванда Фердынандаўна Януковіч. Гэта была падзея не толькі для пасёлка, але і для раёна. 

Алег Валер’евіч БЯЛЕВІЧ, вадзіцель Пастаўскага раёна газазабеспячэння:

2004-ы. Яго лічу важным для горада, нашай арганізацыі і сябе асабіста — у Паставы прыйшоў прыродны газ. 5 кастрычніка на плошчы імя Лені­на Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запаліў сімвалічны факел. Той дзень і цяпер успамінаю з хваляваннем. Мне было даручана прывітаць кіраўніка дзяржавы. Я далажыў Прэзідэнту пра тое, што яго даручэнне па газіфікацыі Пастаў выканана ў тэрмін, і запэніў, што газазабеспячэнне горада будзе бесперабойным і безаварыйным.

На гэты від паліва адразу былі пераведзены 3 кацельні і 4000 кватэр у шматкватэрных дамах, неўзабаве сталі стварацца першыя кааператывы індывідуальных забудоўшчыкаў. Цяпер прыродным газам карыстаюцца жыхары не толькі райцэнтра, але і сельскіх населеных пунктаў.

Ала Баляславаўна ЧАРНЮК, дырэктар раённага Дома культуры:

2006-ы. 2 і 3 верасня ў Паставах праходзіла святкаванне Дня беларускага пісьменства. Колькі розных мерапрыемстваў ладзілася ў тыя дні! А да гэтага некалькі месяцаў горад дасканала рыхтаваўся: тратуары цэнтральных вуліц былі выкладзены пліткай, абноўлены фасады будынкаў, амаль 100 значных аб’ектаў рэканструяваны. У тым ліку і наш Дом культуры. Ён стаў утульным, прыгожым, па-сучаснаму абсталяваным. Цяпер, прымаючы розных вядомых артыстаў не толькі з Беларусі, але і з Расіі, чуем самыя лепшыя водгукі. Памяць засталася на гады.

Валерый і Таццяна СІДАРОВІЧ, г. Паставы:

2007-ы. У другім гарадскім конкурсе “Маладая сям’я-2006”, арганізатарамі якога выступалі райвыканкам, аддзел па справах моладзі, удзельні­чалі 8 пар да 35 гадоў. У тым ліку і мы. Праходзіў ён у некалькі этапаў. На працягу амаль 9 месяцаў пары расказвалі гісторыі свайго знаёмства, кахання, пра прывычкі, захапленні, традыцыі, дэманстравалі спрыт і ўменне. Фінал адбыўся 25 снежня. І перамога была за намі. А ўзнагародай стала пуцёўка ў Егіпет з пражываннем у пяцізоркавым атэлі. Адпачываць паехалі ўжо ў 2007-ым. Гэты падарунак пакінуў незабыўныя ўражанні.

Аляксандр Станіслававіч АДАМКОВІЧ, загадчык рабатызаванай фермы ААТ “Хацілы-агра”:

2009-ы. Была здадзена ў эксплуатацыю першая чарга нашай фермы на 450 галоў. Яна стала адной з першых у Віцебскай вобласці. Многім да апошняга здавалася цудам, што робаты сваімі запраграмаванымі “рукамі” будуць забяспечваць жывёлу камбікормам, мыць і масажыраваць вымя, імгненна падключацца да даільных апаратаў, даіць кароў і вызначаць стан іх здароўя. Ажыццяўленне праекта стала магчымым дзякуючы падтрымцы дзяржавы, фінансавым магчымасцям гаспадаркі і аса­бістай зацікаўленасці старшыні Вячаслава Іосіфавіча Крыштафовіча. Хутка асвоілі новыя абавязкі аператары Марына Міхновіч, Іна Хацяновіч і Валянціна Таяновіч.

Георгій Пятровіч КАСЦЕНЬ, дырэктар малочнага завода:

2013-ы. Ён знакавы для калектыву малочнага завода тым, што ўдалося правесці самую маштабную за ўсю гісторыю прадпрыемства мадэрнізацыю і ўвесці ў эксплуатацыю новы сырны цэх магутнасцю 20 тон сыру ў суткі (да гэтага выпускалі толькі 8), камеру для паспявання сыроў, лінію па нарэзцы і ўпакоўцы, станцыі абезжалезвання вады і каналізацыйна-помпавую. Гэта дазволіла павялічыць аб’ёмы перапрацоўкі сыравіны і выпуску гатовай прадукцыі, павысіць яе якасць і пашырыць рынкі збыту. Пакупнікі задаволены якасцю, на розных конкурсах прадукцыя завода заваёўвае шматлікія ўзнагароды. З уводам цэха калектыў прырос на 60 новых рабочых месцаў.

Арцём КУХАЛЬСКІ, вучань 11 класа Гуцкай СШ:

— 2015-ы. У сакавіку гэтага года па ініцыятыве абласнога камітэта грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» адбыліся выбары ў Маладзёжную палату пры раённым Савеце дэпутатаў. Мне выпаў гонар прадстаўляць нашу школу. Мала­дзёжны парламентарызм папулярны як у Беларусі, так і ў свеце. Стварэнне палаты расшырыла права моладзі ў фарміраванні маладзёжнай палітыкі, дазволіла больш  аператыўна і эфектыўна рэалізоўваць ініцыятывы, выяўляць лідараў, удзельнічаць у вырашэнні пытанняў  жыццезабеспячэння насельніцтва раёна, больш цесна ўзаемадзейнічаць з органамі ўлады. У складзе палаты 5 пастаянных камісій. На сесіях абмяркоўваем пытанні вучобы, прафарыентацыі, арганізацыі адпачынку і валанцёрскага руху, патрыятычнага выхавання і прафілактыкі правапарушэнняў.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.