Народжаныя ў СССР


IMG_8295

Як часта тыя, хто нарадзіўся і жыў у былым Савецкім Саюзе, вяртаюцца туды ў думках? Часта! Бо гэта была іх маладосць, калі любыя праблемы не здаваліся значнымі, калі душа спявала. Святлеюць твары і цяпер, калі ўспамінаюць той час.

Упэўнілася ў гэтым на мерапрыемстве, якое ладзілася ў Пастаўскім аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН. Зала была ўпрыгожана ў стылі СССР: на сценах плакаты, значкі, маркі, грампласцінкі таго часу. Працаваў буфет, у якім прапаноўваліся бутэрброды з “Доктарскай” каўбасой, салам і цыбуляй, вінегрэт, салёныя агуркі і памідоры, квашаная капуста, салат “Аліўе”, сушкі, цукеркі “Кароўка”, “Аэрафлоцкія”, ледзянцы “Петушок”, пірожныя “Картошка”, ліманад “Тархун” і “Бураціна”, іншыя тавары. Кожны мог сфатаграфавацца ў фотарамцы ў піянерскай пілотцы і гальштуку.

IMG_8283

Вядучая Алеся Гур’ева так пабудавала сцэнарый, што была магчымасць успомніць цэны (білет на праезд у аўтобусе — 5 капеек, шклянка вады з сіропам з аўтамата — 3, 2 капейкі каштавала пазваніць з тэлефона-аўтамата, за 30 купіць латарэйны білет, за 22 — марожанае “Эскімо”, за 5000 —  аўтамабіль “Жыгулі”, 120 рублёў складала зарплата інжынера), моднае адзенне і абутак (балонневыя плашчы, сукенкі з крымплену, боты-панчохі, джынсы, красоўкі фірмы “Адзідас”) тых часоў.

Не было ноўтбукаў, смартфонаў. Дзеці, прыйшоўшы са школы, рабілі ўрокі і беглі на вуліцу. Гулялі ў пікера, казакоў-разбойнікаў, вышыбалу, класікі, жмуркі, хованкі.

 Некаторым сёння, каб вярнуцца ў мінулае, дастаткова пачуць песню савецкіх часоў. У той дзень іх у выкананні Сяргея Зелянкевіча, Валерыі Кірэй, Аксаны Дубоўскай гучала шмат. Песню “Тёмно-вишнёвая шаль” праспявала наведваль­ніца аддзялення Антаніна Ва­сільеўна Собаль.

Каб праверыць, наколькі помняць людзі тэлеперадачы, якія выходзілі тады ў эфір, уключалі музычныя застаўкі да іх, а прысутныя ўгадвалі назвы: “Время”, “Песня года”, “В мире животных”, “Будильник”, “АБВГДейка”, “В гостях у сказки” і іншыя. Як аказалася, помняцца добра.

IMG_8363

У той час і мастацкія фільмы глядзелі або па тэлевізары, або ў кінатэатры. А фразы любімых герояў сталі крылатымі выразамі. З якога яны кінафільма, ­удзельнікі мерапрыемства ўгадвалі беспамылкова. Напрыклад, “Не вучыце мяне жыць, лепш дапамажыце матэрыяльна” (“Масква слязам не верыць”), “Рубель — штучка, тры рублі — кучка, у кучцы — тры штучкі” (“Спортлато-82”), “Соль — белы яд, цукар — салодкі яд” (“Каханне і галубы”).

— Час быў, можа, і няпросты, але вясёлы, — гаварыла Таццяна Бучнева. — Бацькі маладыя, здаровыя, суседзі — як радня. У святы збіраліся госці. Па сённяшні дзень я беражліва захоў­ваю запісаныя на касету песні, якія выконвала мая мама. Прапаную паслухаць.

Сама Таццяна Іванаўна прачытала верш Эдуарда Багрыцкага “Смерць піянеркі”.

Назірала за прысутнымі і па-добраму зайздросціла іх актыўнасці: яны з задавальненнем ­удзельнічалі ў віктарынах, спявалі, танцавалі. Для іх наведванне ад­дзялення — свята. У сваю чаргу яго работнікі заўсёды рады кожнаму, хто да іх прыходзіць. Тут вы сустрэнецеся з калегамі і аднадумцамі, забудзецеся на праблемы і хваробы.  І хандра адступіць, і старасць дома не застане.

Анна АНІШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.