Па здароўе і асалоду


IMG_9282

У раённай газеце ўжо расказвалася пра перавагі і зручнасці новай лазні. А я проста падзялюся сваімі ўражаннямі ад яе першага наведвання. Адразу адзначу, што лазня ўзведзена ў поўнай адпаведнасці з праектам, па якім была задумана як сапраўдны храм здароўя. Прымае яна кожнага гасцінна і ва ўсіх сэнсах цёпла, дапамагае вярнуць душэўную раўнавагу, пазбавіцца ад неўрозаў, трывог, зняць пачуццё цяжару. Яна дае надзею, што тыя, хто яшчэ мала знаёмы з традыцыямі лазні, палюбяць яе, дзеля ўмацавання здароўя і атрымання задавальнення для душы і цела стануць актыўнымі ўдзельнікамі аперацыі “Бярозавы ліст”, нягледзячы на тое, што амаль у кожным доме маецца ванна ці душавая кабінка.

Ёсць у лазні і свае законы, якіх трэба прытрымлівацца. Парыльшчыкам-пачаткоўцам магу даць такія парады. Непарушнае правіла лазні — не хадзіць парыцца адразу пасля таго, як сытна паелі. Замест палёгкі могуць узнікнуць сімптомы цяжару ва ўсім целе, бу-дзе адчувацца дадатковая нагрузка на сэрца. Нельга ісці ў лазню і тады, калі захварэлі, моцна стаміліся, а таксама нашча, з пустым страўнікам, перакусіць трэба лёгка. Перад заходам у парылку неабходна прыняць душ і насуха выцерціся ручніком. Парыцца трэба ўмеру, не перагравацца. Некаторыя заядлыя парыльшчыкі махаюць венікам да знямогі, а затым у раздзявалцы накідваюцца на халоднае піва. Потым скардзяцца: “Я прастудзіўся ў лазні”. Гэта абсурд: у лазні прастудзіцца немагчыма. Наадварот, тут можна вылечыцца ад многіх хвароб. Найлепш зрабіць глыток-два не вельмі халоднага квасу, журавінавага морсу. Адыходзіць у мінулае і прыказка: пасля лазні прадай апошнюю кашулю, але выпі, бо лазня і гарэлка — рэчы несумяшчальныя. Гаспадарчае мыла ў лазні — такая ж недарэчнасць, як у пральні — туалетнае. У ім многа лугу (шчолаку), які раздражняе і абястлушчвае скуру.

Фіны прытрымліваюцца думкі, што саўнай можа карыстацца той, хто здолеў да яе дайсці. Аднак лазню нельга лічыць панацэяй ад усіх хвароб. Абавязковая парада вопытнага ўрача наконт таго, пры якой хваробе пара пойдзе на карысць, а пры якой — супрацьпаказаная. Асабліва асцярожнымі трэба быць сардэчнікам, людзям з іншымі хранічнымі захворваннямі.

А на заканчэнне нагадаю дзесяць пераваг лазні, пра якія гаварылі яшчэ ў старажытнай Індыі. Тым, хто любіць лазню, яна дае ясны розум, свежасць, бадзёрасць, здароўе, сілу, прыгажосць, маладосць, чысціню, прыемны колер скуры і ўвагу з боку жанчын. Прыходзьце ў новую лазню — не пашкадуеце. Жадаю ўсім аматарам лёгкай пары!

Генадзій ЗЯМЧОНАК, г. Паставы.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.