Паміж сабой і полем непарыўна звязаныя


IMG_7578

Так гавораць пра сябе галоўны аграном адкрытага акцыянернага таварыства “Ляхаўшчына-агра” Марына Мечыславаўна Галубёнак і яе муж — адзін з лепшых вадзіцеляў гэтай гаспадаркі Канстанцін Аркадзьевіч.

Пазнаёміліся падчас вучобы ў Лужаснянскім сельскагаспадарчым тэхнікуме. Косця да гэтага адслужыў у арміі, вызначаўся самастойнасцю. Марыне было ўсяго 19, калі яны пажаніліся. Атрымаўшы дыпломы, прыехалі на яе радзіму  — у Ляхаўшчыну. Канстанцін па спецыяльнасці папрацаваў нядоўга — яго цягнула да тэхнікі. Работа на ёй прыносіць сапраўднае задавальненне. А Марына амаль ўвесь час працуе па спецыяльнасці. За глыбокія веды, багаты вопыт і старанне ў 2015 годзе стала лаўрэатам звання “Чалавек года Пастаўшчыны”.

— Наша жыццё непарыўна звязана з полем, — гаварыла Марына Мечыславаўна. — Ад ранняй вясны да позняй восені абаім знаходзіцца работа. За Канстанцінам замацаваны МАЗ. На ім вясной дастаўляе мінеральныя ўдабрэнні, да пасяўных агрэгатаў — насенне, падчас корманарыхтоўкі адвозіць зялёную масу да сянажных траншэй. А найбольш напружана працуе падчас уборачнай.

Жніво — пара гарачая. І Галубёнкі рупяцца. Марына Мечыславаўна імкнецца правільна арганізаваць работу, каб не прастойвала тэхніка. А Канстанцін Аркадзьевіч займае лідзіруючыя пазіцыі на перавозцы збожжа. На яго рахунку звычайна больш за тысячу тон збожжа. Не стаў выключэннем і сёлетні год. Машыну даглядае дасканала, таму і служыць яна надзейна. Кіраўніцтва гаспадаркі цэніць яго за адказнасць і дысцыплінаванасць.

Толькі зімой Галубёнкі маюць больш часу на сябе. Доўгімі вечарамі сям’я збіраецца за сталом. Сын закончыў Гарадоцкі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж, адслужыў у арміі, цяпер працуе энергетыкам у рыбгасе “Навінкі”. Абмяркоўваюць пражыты дзень, будуюць планы. Вясна не за гарамі…

Анна АНІШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.