Парасткі добрых спраў


192_o

Не бывае нічога больш патаемнага і сумнага, як напоўненыя туманамі, дажджом і мокрым снегам першыя няўстойлівыя дні надыходзячай зімы. У тлуме вялікіх гарадоў гэта не так кідаецца ў вочы, а вось ціхія мястэчкі, вёскі жывуць гэтым часам у сваім  асаблівым рытме.

Таму сонечным праменьчыкам бліснулі ў жыццёвай будзённасці лынтупчан выстава фатаграфій пра гісторыю нашага краю і канцэрт класічнай музыкі, якія ў першыя дні снежня арганізавалі работнікі нашага Дома культуры і лынтупскі культурны цэнтр “Культыватар” (аб’яднанне творчых людзей Беларусі, зацікаўленых у адраджэнні культурнай спадчыны нашага краю, умацаванні культурных сувязей сталіцы Беларусі з правінцыяй).

На выставе былі прадстаўлены здымкі часоў Першай сусветнай вайны, якія зрабіў фатограф-аматар Фрыц Краўскопф. На той час ён служыў у нямецкай вайсковай часці, раскватараванай у мястэчку Лынтупы. Свае відэаработы прадставілі сучасныя беларускія мастакі і фатографы Аляксандр Веледзімовіч і Bazinato (Ігар Стаховіч), якія звязалі сучаснасць з фотавобразамі пачатку мінулага стагоддзя.

Фатаграфічныя інсталяцыі дэманстраваліся на экране: прыгожы палац Бішэўскага і яго сучаны выгляд у рыштаваннях, дамы з саламянымі стрэхамі і вуліцы, планіроўка якіх амаль не змянілася і цяпер, толькі дамы пабудаваны новыя. Задуменна ўзвышаюцца вежы касцёла. Час як быццам не закрануў іх. А вось партрэты: з пажухлых здымкаў глядзяць людзі, якія даўно спачываюць на могілках. Як і век назад, ідуць вакол храма ў працэсіі сучаснікі. Гэта, можа, пятае і шостае пакаленне тых лынтупчан, якія з пашанай неслі сваю веру да Бога 100 гадоў таму. Круціцца карусель на лёдзе тутэйшай сажалкі, змайстраваная нямецкімі салдатамі. Кажуць, што на Лынтупшчыне каруселі рабілі па-асабліваму, напэўна, перанялі сакрэты ад іншаземцаў. Ці захаваліся яны да нашага часу, невядома, бо чамусьці нікому такая забава стала нецікавая.

Лынтупы мінулыя і сучасныя. Безумоўна, многае змянілася ў іх абліччы, але перамены не зрабілі мястэчка непазнавальным. І каб здарыўся цуд і прачнуўся ад вечнага сну нечый прашчур, то, несумненна, знайшоў бы дарогу дамоў — асноўныя арыенціры засталіся нязменнымі. Праз запыленае шкло аб’ектыву часу мы пазнавалі свае Лынтупы.

Захапляльны майстар-клас “Фантастычна-гістарычны калаж” правяла для дзяцей мастачка і мастацтвазнаўца Сафія Садоўская. Дзеці з задавальненнем прыдумвалі фантастычныя карціны, аб’ядноўваючы ў іх сучаснасць і гісторыю. А для работы выкарыстоўваліся копіі старых фатаграфій.

Яшчэ адна цікавая інсталяцыя прадстаўляла гледачам сутнасць работы “Культыватара”. На падлозе ў форме квадратнай клумбы была насыпана зямля, а ў акенцах — здымкі людзей, будынкаў, края­відаў. Зямля — покрыва часу, праз якое праглядвае гісторыя краю. Руплівы “Культыватар” апрацоўвае яе, і гісторыя праглядвае праз пласты часу, прарастаючы ў сучаснасць парасткамі ведаў, культуры, традыцый, звязваючы вякі і пакаленні.

На канцэрце класічнай музыкі выступалі артысты-выканаўцы Вялікага тэатра Беларусі, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Аляксандр Пацёмкін (альт), Аляксей Афанасьеў (віяланчэль), Яраслаў Макарыч (гітара), Дзіяна Гантарэнка (флейта, альтавая флейта). Прагучалі творы Ф. Шуберта, Э. Варэза, Т. Такэміцу. Артысты ўразілі слухачоў дасканалым выкананнем, а іх штодзённая вопратка надала асаблівы каларыт і эмацыянальнае гучанне высокім творам, падкрэсліўшы, што знешняя сціпласць не абмяжоўвае багацця духоўнага свету творцы. За тую гадзіну, што доўжыўся канцэрт, нашы душы перажылі вострае пачуццё прыгажосці, быццам пабывалі ў іншым вымярэнні — няясным, неабсяжным, напоўненым лю­боўю і міласэрнасцю. Адна з прысутных жанчын сказала: “Усё маё жыццё пранеслася пад гэтыя чароўныя гукі: і сады цвілі, і дзяцей нараджала, і бацькоў хавала, і лісце восеньскае кружылася нада мной. Божа, які гэта цуд — жывая музыка!”

Гледачы шчыра дзякавалі артыстам і мастакам за падоранае свята, радасць сустрэчы з высокім  мастацтвам, добрыя ўспаміны, якія будуць цешыць нас доўгімі зімовымі вечарамі, пажадалі творчых поспехаў, здароўя і аптымізму, здзяйснення задум і планаў, запрашалі завітаць у Лынтупы яшчэ не адзін раз.

Нэлла ЛОСЬ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.