Пытанні на апярэджанне


6234

23 снежня адбылася чарговая “прамая тэлефонная лінія” з кіраўніцтвам райвыканкама. За тры гадзіны на яе паступіла 9 званкоў.

Эмацыянальным быў званок ад карэннай пастаўчанкі, якая жыве ў сталіцы. Жанчына скардзілася, што прыехаўшы ў наш райцэнтр, ёй надзвычай цяжка сарыентавацца ў маршрутах гарадскога транспарту, паколькі на таблічках з раскладам руху аўтобусаў і маршрутных таксі не ўказваецца іх канцавы прыпынак. Таксама жанчыну абурыла, што ў адным з магазінаў не выконваецца таварнае суседства і на гадлёвых паліцах побач размешчаны бытавая хімія і дзіцячае харчаванне. На ўзнятыя пытанні жанчына атрымае адказ ва ўстаноўленыя заканадаўствам тэрміны пасля таго, як у іх разбяруцца зацікаўленыя службы. Гэта тычыцца і іншых патэлефанаваўшых на “прамую лінію” грамадзян. Напрыклад, патрабуе вывучэння пытанне, якое ўзняла жыхарка Камай. Яна ўпэўнівае, што пасля праведзеных камунальшчыкамі рамонтных работ у яе з крана стала цячы брудная вада. Не да канца зразумелым без паглыблення ў тэму пакуль застаецца і сітуацыя, пра якую паведаміла пенсіянерка з вуліцы Савецкай. З яе слоў, у падвале шматкватэрнага дома, у якім яна пражывае, ужо месяц няма святла. У прычыне трэба разбірацца. Са скаргай на цемру патэлефанаваў і жыхар вёскі Бараўкі Курапольскага сельсавета. У іх перманентныя праблемы з вулічным асвятленнем. А вось мужчына з вёскі Карпаўцы Навасёлкаўскага сельсавета “згуляў на апярэджанне”: ён загадзя, не чакаючы вясны, вырашыў папрасіць, каб у іх падсыпалі і прагрэйдзіравалі дарогу. Заўчасныя тэлефонныя званкі таксама паступілі з Лынтуп, Яцавіч і Салаўёў. Людзі загадзя хваляваліся, што, як выпадзе многа снегу, у іх вёсках не будуць як след чысціць дарогі.

Са слоў загадчыцы ад­дзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Таццяны Васільчанка, у гэтым годзе кіраўніцтвам райвыканкама было праведзена 50 «прамых тэлефонных ліній». З іх 6 правёў старшыня райвыканкама, падчас якіх да яго паступілі 54 звароты грамадзян.

Людміла ЗЕЛЯНКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.