«Рабіць, як для сябе, і ўсё атрымаецца»

Общество

IMG_9113

Адкрытае акцыянернае таварыства “Навасёлкі-Лучай” — флагман сельскагаспадарчай вытворчасці на Пастаўшчыне. Тут дабіваюцца высокіх паказчыкаў у раслінаводстве і жывёлагадоўлі, укараняюць найноўшыя тэхналогіі, клапоцяцца пра сацыяльную сферу. Дзявяты год  таварыствам кіруе вопытны і ініцыятыўны гаспадарнік Юрый Францішкавіч Шымчык.

З ім наша размова.

— Ведаю, што ваша малая радзіма — Гродзеншчына…

— Так, я нарадзіўся і вырас у вёсцы Тракелі Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці ў сялянскай сям’і. Бацька працаваў механізатарам, маці — у паляводстве. Памятаю, мне было шэсць гадоў, калі тата заняў першае месца ў раённым спаборніцтве камбайнераў і яму ўручылі вялікі тэлевізар. Як жа я радаваўся! А да тэхнікі цягнула з маленства. Пасля сёмага класа кожнае лета працаваў у бацькі памочнікам камбайнера (сем сезонаў), вярнуўшыся з тэрміновай службы — камбайнерам. На жаль, бацькоў ужо няма ў жывых, але родныя мясціны не забываю. Наведваюся туды да сястры, сустракаюся з былымі аднакласнікамі і сябрамі, абавязкова бываю на магілах родных.

— А як трапілі на Пастаўшчыну?

— У лютым 1990 года абараніў дыплом Лідскага індустрыяльнага тэхнікума і прыехаў у госці да стрыечнага брата Віктара Шалугіна, які жыў у Навасёлках-1 і працаваў начальнікам аддзялення калгаса імя Суворава. Як жа мяне тут усё ўразіла — танцавальная зала, бар, басейн, святламузыка, ілюмінацыя. Такога я дагэтуль нідзе не бачыў у сельскай мясцовасці. Віктар прапанаваў застацца — яму патрабаваўся памочнік. Я ахвотна згадзіўся, і мяне прызначылі памочнікам начальніка вытворчага аддзялення. Спраў хапала, бо ў той час тут садзілі 200 гектараў бульбы, памідоры, агуркі, кожнае лета размяшчаўся лагер працы і адпачынку з пастаўскай СШ № 2.

— Ці прыходзіла думка, што калі-небудзь давядзецца ўзначаліць такую моцную гаспадарку?

— Наадварот, хацеў пакінуць Навасёлкі, бо тут хоць і працавалася цікава, але зарплата была невысокая. Сябры клікалі ў Ліду, заваблівалі і добрай работай, і вышэйшай зарплатай. Да таго ж радзіма. Але я спаткаў у Навасёлках і пакахаў дзяўчыну. У лістападзе 1990 года згулялі з Ірынай вяселле, ад калгаса атрымалі двухпакаёвую кватэру. Так і застаўся і ніколькі не шкадую пра гэта. У 1998 годзе мяне прызначылі аграхімікам гаспадаркі, а ў 2006-м — намеснікам старшыні. Старшынёй быў Алег Адольфавіч Валодзька. Працаваць з ім было вельмі адказна. Часта ездзілі разам у камандзіроўкі, у тым ліку і замежныя, наладжвалі дзелавыя кантакты з партнёрамі. Той вопыт, які я пераняў ад Алега Адольфавіча, бясцэнны. Звяртаюся да яго па параду і дапамогу і зараз. І ніколі не атрымліваю адмовы. Вясной 2009-га Алег Адольфавіч выйшаў на пенсію, а мяне прызначылі старшынёй сельгаскааператыва.

— Звычайна новы кіраўнік фар­міруе і новую каманду…

— Мне не давялося гэтага рабіць, бо моцная каманда была — мой папярэднік умеў падбіраць кампетэнтных, талковых спецыялістаў. З найлепшага боку хачу адзначыць майго першага намесніка Міхаіла Расціслававіча Дайлідзёнка, намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце Славаміра Генрыхавіча Шапеля, намесніка дырэктара па перапрацоўцы і гандлі Станіслава Іванавіча Каласёнка, галоўнага агранома Веру Васільеўну Мукель, галоўнага заатэхніка Івана Мар’янавіча Кісяля, начальніка мяснога цэха Аляксандра Аляксандравіча Міхалевіча, прараба Аляксандра Баляслававіча Касцюка, галоўнага энергетыка Андрэя Уладзіміравіча Бяляева, былых галоўнага ветурача Аляксандра Аляксандравіча Міхалевіча, галоўнага бухгалтара Тэрэзу Усцінаўну Урбель (зараз на заслужаным адпачынку), галоўнага эканаміста (цяпер бухгалтар) Ірыну Іванаўну Казлоўскую. Прырастаем і годнымі маладымі кадрамі. Напрыклад, галоўнаму інжынеру Яўгенію Янісавічу Вішнеўскаму — 30, начальніку першага вытворчага аддзялення Уладзіславу Паўлавічу Шаршнёву — 25, ветурачу Анастасіі Антонаўне Пушкаровай — 23, інжынерам Уладзіславу Андрэевічу Жалейку і Віталію Паўлавічу Літвінёнку адпаведна 22 і 26 гадоў. Сёлета пайшла на заслужаны адпачынак найвопытнейшая загадчыца фермы Яўгенія Уладзіміраўна Гродзь і на гэту пасаду заступіла Вікторыя Вацлаваўна Вартазаран, да таго ж яна выконвае і абавязкі заатэхніка фермы.

Варта адзначыць малады бухгалтарска-эканамічны склад на чале з галоўным бухгалтарам Таццянай Антонаўнай Мядзелка, галоўным эканамістам Таццянай Казіміраўнай Шэршань, юрысконсульта Алену Дзмітрыеўну Махніс, інспектара аддзела кадраў Вераніку Гіляраўну Лібоза.

— Чым замацоўваеце кадры?

— Жыллём, умовамі працы, зар­платай. Шмат гадоў у Коўзанах стаялі каробкі некалькіх шматкватэрных дамоў, але мы не мелі сродкаў дабудаваць іх. Два гады таму ў Паставах праводзіў асабісты прыём Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Леанід Анфімаў. Я звярнуўся да яго па дапамогу і, на шчасце, быў пачуты высокай дзяржаўнай асобай. Неўзабаве нашу гаспадарку ўключылі ў пералік жылых дамоў, будаўніцтва і фінансаванне якіх ажыццяўлялася з выкарыстаннем дзяржаўнай падтрымкі згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 346 ад 02.09.1996 года, і мы змаглі атрымаць ільготныя крэдыты на завяршэнне будаўніцтва. У 2016 годзе ўвялі ў эксплуатацыю два чатырохкватэрныя домікі ў Коўзанах, сёлета — тры, яшчэ тры плануем дабудаваць налета. Дзякуючы наяўнасці жылля, да нас пераехала шмат сем’яў з суседніх раёнаў, пераважна механізатараў і жывёлаводаў, таму няма праблемы і з гэтымі кадрамі. Пастаянна клапоцімся і пра паляпшэнне ўмоў працы, сацыяльную сферу. Вось і ў гэтыя дні купілі “Газель”, на якой будзем падвозіць даярак на ўсе фермы і забіраць дадому. А яшчэ, каб аблегчыць працу жывёлаводаў, набылі агрэгат для прыгатавання і раздачы кармоў.

 — Раскажыце, калі ласка, пра рабатызаваную ферму.

— Між іншым, падтрымкі ў аблвыканкаме на яе будаўніцтва не атрымалі. І толькі дзякуючы таму, што Алег Адольфавіч Валодзька быў знаёмы з тагачасным старшынёй абласнога выканаўчага камітэта Аляксандрам Аляксандравічам Косінцам і выйшаў асабіста на яго, удалося ўзгадніць будаўніцтва такой фермы. Праектаваць яе пачалі ў 2010 годзе. Тады дзейнічаў Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 480 ад 14.09.2010 года «Аб некаторых пытаннях развіцця малочнай галіны». Але здарыўся абвал беларускага рубля, і будаўніцтва працяглы час не фінансавалася. Толькі ў 2013 годзе ўвялі ў дзеянне кароўнік на 420 галоў, другі — у 2015-м.Сёлета сіламі філіяла «ДРБУ-132» дабудавалі гнаясховішча для збору вадкай арганікі, на што выдаткавалі 501 тысячу рублёў. Надой ад каровы (а тут іх утрымліваецца 570) па гэтай ферме за бягучы год павінен скласці не менш за сем тысяч кілаграмаў, тады як па гаспадарцы — у сярэднім 5 тысяч кілаграмаў.

— Заслугоўвае ўвагі і навасёлкаўская тэхналогія адкорму бычкоў.

— Яна з’явілася з падачы Алега Адольфавіча. Наша гаспадарка давала грошы на выплату зарплаты іншым і ў рахунак пагашэння сум забірала ад іх бычкоў на адкорм. Памяшканняў для размяшчэння жывёлы не хапала. Узводзілі хлявы з квадратных цюкоў саломы і накрывалі іх жэрдкамі, але быкі іх разносілі. Тады сталі проста выгароджваць пляцоўкі ў зацішных месцах і пакідаць салому на подсціл быкам. Па такой тэхналогіі вырошчваем іх ужо шмат гадоў. Цяпер пад адкрытым небам знаходзяцца тры гурты агульнай колькасцю тысяча галоў. Сярэднясутачныя прывагі — да кілаграма, сярэдняздатачная вага аднаго адкормачніка — 500-550 кілаграмаў.

— А зараз раскажыце, калі ласка, пра вынікі сельскагаспадарчага года.

—   Па ўмовах надвор’я ён быў неспрыяльным, такога не памятаюць нават старажылы. Таму, зразумела, мы не атрымалі ўраджаю, на які разлічвалі. І гэта сапраўды была бітва за ўраджай. З гектара намалацілі амаль па 43 цэнтнеры зерня, і валавы намалот практычна на ўзроўні мінулага года. А рапс урадзіў добра, яго намалацілі 1530 тон, што на 641 тону больш, чым летась. Мы робім з яго алей, частку якога прадаём за мяжу, а частку абменьваем на камбікорм. Нарыхтавалі дастаткова кармоў на зіму — зацюкавалі больш за 630 тон сена, што на 195 тон больш, чым летась. На 4110 тон больш, чым у мінулым годзе, заклалі і загарнулі ў плёнку сенажу. Увесь корм якасны. Вельмі ўдзячны спецыялістам, механізатарам, вадзіцелям, іншым удзельнікам корманарыхтоўкі і ўборкі ўраджаю за іх старанную працу ў надзвычай складаных умовах надвор’я.

— Вы дзякуеце людзям за працу і падчас свята, якое штогод праводзіце ў гаспадарцы пасля завяршэння сяўбы, нарыхтоўкі кармоў і перад пачаткам жніва.

—   А гэту традыцыю я пераняў са сваёй Гродзеншчыны. Такія святы ладзім у Навасёлках ўжо дзевяць гадоў запар. Адзначаем лепшых працаўнікоў, уручаем ім граматы і грашовыя прэміі. Для ўсіх рыхтуем канцэрт, працуе выязны гандаль, прапануюцца гарачая юшка і шашлыкі. Перад вяскоўцамі выступалі знакамітыя беларускія артысты і нават гурт «Прымакі» з Польшчы. А да гэтага Новага года адкрыем шыкоўнае кафэ. Пад яго пераабсталявалі колішнюю сталовую, ад якой засталіся толькі сцены. Уклалі нямала сродкаў, але памяшканне атрымалася сучасным, утульным, прыгожым. Плануем, што напярэдадні старога Новага года арганізуем у кафэ святочную сустрэчу ветэранаў. Працягваем і традыцыю, закладзеную Алегам Адольфавічам, і напярэдадні калядных і навагодніх свят развозім прадуктовыя наборы ўсім пенсіянерам. А іх на тэрыторыі гаспадаркі пражывае 617. Людзі ўсім сваім жыццём і працай заслужылі, каб пра іх памяталі.

Карыстаючыся магчымасцю, хачу павіншаваць усіх ветэранаў і работнікаў гаспадаркі з Калядамі і Новым годам, па­дзякаваць за працу і пажадаць моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, шчасця.

— Што вас як кіраўніка сельгас­прадпрыемства засмучае?

— Такое надвор’е, як сёлета. З усім астатнім можна справіцца.

— Каб спаўна аддаваць сябе рабоце, пажадана мець моцны тыл, маю на ўвазе сям’ю.

— Я ўжо гаварыў, што з Ірынай пазнаёміўся тут, у Навасёлках. Мы ў шлюбе ўжо 27 гадоў, маем дзвюх дарослых дачок і дваіх унукаў. Старэйшая дачка, Каця, закончыла Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, працуе эканамістам на Пастаўскім малочным заводзе. Малодшая, Рыта, працуе ў Мінску і завочна вучыцца ў Белдзяржуніверсітэце. Зараз у нас усё добра, але перажылі і вельмі цяжкі час, калі Каці патрабавалася сур’ёзная аперацыя на сэрцы, якую маглі зрабіць толькі за мяжой і за вялікія грошы. Дзякуй Алегу Адольфаві­чу, ён пазнаёміў нас з вельмі спагаднымі людзьмі з Германіі, у прыватнасці з пастарам лютэранскай царквы Паўлам Кохам. Немцы арганізавалі збор ахвяраванняў, на якія і была зроблена аперацыя. А потым у кожны мой прыезд цікавіліся станам яе здароўя. Мы да гэтага часу з удзячнасцю падтрымліваем сувязі з нашымі выратавальнікамі.

— А ці мае дырэктар вольны час і чаму яго прысвячае?

— У юнацтве любіў рыбачыць. Зараз на гэта не маю часу, але двойчы на год дазваляю сабе такое задавальненне. А найбольшая радасць — бавіцца з любі­мымі ўнукамі Маркам і Цімафеем адпаведна пяці і трох гадоў, якія часта да нас прыязджаюць.

— З кім бы вы пайшлі ў разведку?

—   Не кажучы ўжо пра родных людзей, з любым з каманды спецыялістаў. Усе яны надзейныя.

—   Ці ёсць будучыня ў вёскі?

—   А на чым без вёскі будзе трымацца жыццё? Есці і піць усім трэба, а гэта можна атрымаць толькі на зямлі. Безумоўна, будзе больш механізацыі, прыйдуць робаты, але і без людзей не абысціся. Усё залежыць ад адказнасці і дысцыпліны. Я лічу, што калі кожны будзе адносіцца да зямлі і ўсяго, што на ёй, як да свайго, то ўсё атрымаецца. А калі жыць па прынцыпе: мая хата з краю — нічога добрага не будзе.

—   І апошняе пытанне: у краіне ідзе важная грамадска-палітычная кампанія — падрыхтоўка да выбараў у мясцовыя Саветы. Ваш погляд на ролю дэпутатаў?

—   Калі гэта чалавек аўтарытэтны і актыўны, то да яго думкі прыслухоўваюцца і ён зможа паўплываць на многае.

Фаіна КАСАТКІНА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.