«Са святлом у душы»

Общество

IMG_0189

Гэта пра асаблівых людзей, каго лёс абдзяліў здароўем. Менавіта ім і было прысвечана мерапрыемства, якое прайшло напярэдадні Дня інвалідаў у раённым Доме культуры.

Адкрыў яго начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Пётр Леанідавіч Курто. Ён расказаў пра тое, што робіцца ў раёне па расшырэнні безбар’ернага асяроддзя, падтрымцы людзей, якія маюць групу інваліднасці, а таксама ўручыў Ганаровую грамату райвыканкама і Падзякі старшыні райвыканкама найбольш актыўным інвалідам. Сярод іх Вячаслаў Ісаевіч Мураўёў, Юлія Дзмітрыеўна Давідовіч і Аляксей Апанасевіч.

Пра Вячаслава Мураўёва ў свой час наша газета пісала. Ён перанёс некалькі аперацый, прайшоў рэабілітацыю, цяпер па праграме адаптацыі інваліда да працоўнай дзейнасці кіруе гуртком у Лынтупскім аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН. Актыўны ўдзельнік песенна-творчых вечароў, шоу-праграм, міжнароднага турыстычнага злёту “Азёркі-2017”.

Юлія Давідовіч працуе ў цэнтральнай раённай бібліятэцы. Вядзе актыўную работу сярод чытачоў з абмежаванымі магчымасцямі, арганізавала пункт выдачы літаратуры і выязную чытальную залу, стварыла клуб маладых інвалідаў.

IMG_0018

Лёша Апанасевіч — вучань пятага класа Пастаўскай гімназіі. Актыўна ўдзельнічае ў розных канцэртных праграмах, якія ла­дзяцца ў раённым Доме культуры, аддзяленні сацыяльнай адаптацыі, рэабілітацыі і дзённага знаходжання інвалідаў ТЦСАН. Прадстаўляў наш раён на абласным свяце-конкурсе творчасці інвалідаў у Віцебску і ў намінацыі “Вакальна-харавое мастацтва” заняў першае месца.

Затым увазе прысутных быў прапанаваны фільм “Жыццё ўсляпую”, падрыхтаваны галоўным рэдактарам праграмы “Паставы-ТБ” Юліяй Лазікевіч сумесна з аператарамі Сяргеем Плешаковым і Дзмітрыем Ракоўскім. Героямі сюжэтаў сталі людзі, якія не бачаць сонца, не адрозніваюць колераў, а з паўсядзённымі справамі спраўляюцца ўсляпую.

Валерый Рундзя закончыў СШ №1, прафтэхкаледж, служыў у пагранатрадзе, працаваў на чыгунцы. Прычынай страты зроку стала глаўкома. Яго вочы — мама Еўдакія Іосіфаўна. Да многага прыстасаваўся сам. Пасля прабывання ў Віцебскім аддзяленні рэабілітацыі інвалідаў навучыўся хадзіць з белым кіем. Яго камп’ютар і смартфон абсталяваны спецыяльным устройствам, якое агучвае аперацыі. Але ніякая найсучаснейшая тэхніка не можа замяніць сяброў. Са школы не парываецца сувязь з Сяргеем Сікорам, у любы час гатовы прыйсці на дапамогу Васілій Пазняк і яго жонка. Гэта прыдае 40-гадоваму Валерыю сіл і жадання знаходзіць занятак па душы.

Многія людзі, сутыкнуўшыся з бядой, страчваюць сэнс жыцця, не бачаць будучыні. Адваротная пазіцыя ў 70-гадовай пастаўчанкі Тамары Іосіфаўны Шарак. У выніку няшчаснага выпадку жанчына перастала бачыць адным вокам. Але рукі не апусціла, пастаянна стараецца знаходзіць сабе занятак. Рада, што клопатам і любоўю акружаюць трое дзяцей, унукі, іншыя родныя.

Кансультуе старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Т. М.  Шахава.
Кансультуе старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Т. М. Шахава.

— Спачатку было невыносна цяжка прызвычаіцца да такога стану, — расказвала. — Жыла ў вёсцы, трымала вялікую гаспадарку, працавала заатэхнікам, загадвала фермай. Раптам — інваліднасць. Але жыццё не спынілася. Дзевяць гадоў таму, пасля смерці мужа, перабралася ў горад, і тут не сяджу без справы.

Наталлі Іванаўне Татарчук — 44. Яе дыягназ — прыроджаная глаўкома. Перанесла 10 аперацый, 9 з іх — на вачах. Яна ніколі не бачыла яркіх фарбаў, але 25 гадоў таму яшчэ адрознівала колеры, таму ўяўляе, як выглядаюць сонца, зоркі, месяц, васілёк, рамонак… Пасля смерці маці тры гады жыве адна. У яе невялічкім доміку ў Русінах Юнькаўскага сельсавета чыста і ўтульна. Дапамагаюць сацыяльны работнік, сястра. Але асноўнае можа зрабіць сама. Больш за тое, навучылася плесці з бісеру. Мае сяброў у Глыбокім, Наваполацку, Шаркаўшчыне, з якімі часта сазвоньваецца.

Яшчэ адзін герой відэасюжэта — 50-гадовы Аляксандр Іозасавіч Піваварунас — па стане здароўя не змог прысутнічаць на мерапрыемстве, але расказ пра яго не пакінуў нікога раўнадушным. Нарадзіўся ў Літве, доўгі час жыў разам з маці ў вёсцы Чашуны Курапольскага сельсавета. Калі застаўся адзін, папрасіўся ў Пастаўскае аддзяленне кругласутачнага знаходжання ТЦСАН. Часта ўспамінае родную вёску і дзякуе за клопат работнікам аддзялення. Ён не развучыўся ўсміхацца, жартаваць і радавацца кожнаму новаму дню.

З такім жа настроем жыве большасць тых, хто абмежаваны фізічна, але моцны духам. Вось і канцэртная праграма складалася ў асноўным з нумароў, у якіх былі задзейнічаны людзі з групай інваліднасці: наведвальнікі аддзялення сацыяльнай адаптацыі, рэабілітацыі і дзённага знаходжання інвалідаў, пастаяльцы Дунілавіцкага псіханеўралагічнага дома-інтэрната.

Аляксандр Дубоўскі дэманструе выпальванне па дрэве.
Аляксандр Дубоўскі дэманструе выпальванне па дрэве.

“Я жыву, і гэта цуд! — гаварыў перад сваім выступленнем Вячаслаў Мураўёў. — Не варта адчайвацца, трэба ісці наперад”. А яшчэ быў прадэманстраваны зняты ім відэаролік пра чалавека, які ў сем гадоў застаўся без рук. Многае прыстасаваўся рабіць з дапамогай нагі, у тым ліку есці. Да нядаўняга часу пражываў адзін, цяпер — у Лынтупскім аддзяленні кругласутачнага знаходжання.

Людзям з мноствам хвароб пастаянна прыходзіцца змагацца з рознымі цяжкасцямі, неразуменнем з боку іншых, расчараваннямі, адзінотай і ўсё ж выходзіць пераможцамі. Інакш нельга, бо жыццё страціць сэнс. А калі яны адчуваюць падтрымку не толькі родных, але і знаёмых і незнаёмых людзей, калі ведаюць, што іх боль падзяляе нехта яшчэ — ім становіцца лягчэй.

На мерапрыемства завіталі прадстаўнікі беларускага аператара мабільнай сувязі “Лайф”, пры якой створана сацыяльная карпарацыя для грамадскіх аб’яднанняў “Беларускае таварыства інвалідаў” і “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку”. Куратар аддзела карпаратыўных прапаноў Элеанора Кіб прывітала прысутных, расказала пра сістэму работы карпарацыі і некалькім чалавекам уручыла спецыяльныя прапановы ад ма­більнага аператара.

Тыя, для каго было падрыхтавана мерапрыемства, разыхо­дзіліся дадому акрыленыя ўвагай, стасункамі з такімі, як самі, з кім маглі падзяліцца праблемамі, абмеркаваць надзённае. А яшчэ ў кожнага была магчымасць задаць пытанне юрысту, псіхолагу, спецыялісту ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, старшыні раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, пракансультавацца ў тэрапеўта, змераць ціск, выбраць сабе рэчы ў салоне “Міласэрнасць”, палюбавацца работамі майстроў, павучыцца ў іх выпальванню па дрэве, пляценні з папяровай лазы, пластылінаграфіі. Весяліў усіх сямейны ансамбль Пачкоўскіх з Гуты. І многія не ўтрымаліся, пусціліся ў скокі. Пасля канцэрта ўсе сабраліся за салодкім сталом, а затым разам з удзельнікамі народнага лялечнага тэатра “Вытварашкі” раённага Дома культуры весяліліся на дыскатэцы.

Анна АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.