Самая абаяльная Папялушка


IMG_0375

Здымаю з дыктафона запіс і адчуваю, як твар кранае ўсмешка — настолькі імпануе субяседніца і ўсё тое, што яна расказвае. Лёгка, светла, з гумарам.

З задавальненнем прадстаўляю і вам: швачка прыватнага атэлье па рамонце ­адзення “Золушка” Святлана Зянонаўна Рамановіч. Пазнаёмілася я з ёй, як і іншыя кліенты, звярнуўшыся па паслугу — прынесла ў рамонт летні касцюмчык. Сімпатыя да майстра ўзнікла адразу — настолькі ўважлівай і тактоўнай яна была. Задаволіла і якасць выкананай работы, таму вырашыла, што пры патрэбе буду звяртацца толькі сюды. І выпадак не прымусіў сябе доўга чакаць — зламалася маланка ў паліто. Прыйшла ў “Золушку” — і зноў трапіла пад абаянне Святланы.

Скажаце, дарэмна рассыпаюся ў кампліментах, бо так і павінны ўсюды сустракаць кліентаў? Каб жа так і было! Думаю, кожны з нас узгадае зусім іншыя эпізоды са сферы абслугоўвання. Ну, а пра С. З. Рамановіч я чула толькі станоўчыя водгукі.

Прыватны прадпрымальнік Наталля Пятроўна Януковіч — уладальніца салона вясельнай моды “Белая лебедь” — чатыры гады таму адкрыла і майстэрню “Золушка”. Як кажа, у першую чаргу для таго, каб падганяць пад фігуры нявест вясельныя сукенкі або штосьці мяняць у іх аздабленні. Аднак гэта не адзіны аспект работы. Атэлье прымае ў рамонт або на перашыванне любое адзенне: сукенкі, касцюмы, штаны, курткі, паліто, футры і іншае.

— Я вельмі задаволена тым, што Святлана прыйшла працаваць да нас, — гаварыла Н. П. Януковіч. — Яна — выдатны майстар сваёй справы і вельмі абаяльны чалавек. А як умее абыходзіцца з кліентамі! Многім варта ў яе павучыцца.

— Ведаеце, я — шчаслівы чалавек, — прызналася сама Святлана. — Займаюся любімай справай і кайфую ад гэтага.

А нараджалася ў ёй швачка яшчэ ў школьныя гады. Вельмі любіла прыбірацца, а ў маці, якая адна гадавала дзвюх дзяўчынак, не было грошай на новыя ўборы.

— Аднаго разу, рыхтуючыся да чарговага школьнага вечара, сапсавала тры маміны спадніцы і блузку (праўда, яна іх не насіла), — узгадвала са смехам Святлана. — Але дабілася-такі свайго — сшыла ўбор. Пасля маіх эксперыментаў маме не заставалася нічога іншага, як адправіць мяне вучыцца на швачку. Як на шчасце, якраз у той год у Пастаўскім прафтэхвучылішчы пачалі набор на такую спецыяльнасць. І за тры гады выдатныя выкладчыкі і майстры далі грунтоўную падрыхтоўку — навучылі шыць любое адзенне. А практычнага вопыту набіралася ў швейным цэху райспажыўтаварыства, потым — у “Ініце”. Год назад паклікалі ў “Золушку”.  Да гэтага я працавала толькі з матэрыяй, але не з людзьмі. Ахвотна згадзілася, і, здаецца, усё атрымліваецца. Мне прыемна мець зносіны з кліентамі, стараюся, каб кожны пакідаў майстэрню з добрым настроем і хацеў бы прыйсці сюды зноў.

Зараз у гардэробе Святланы і яе дачкі Яны, першакурсніцы архітэктурнага факультэта Полацкага дзяржаўнага ўнівер­сітэта, пераважаюць эксклюзіўныя, пашытыя яе рукамі рэчы. Звяртаюцца з заказамі і радня, сяброўкі, знаёмыя. І гэта не напружвае, а дае прастор для фантазіі, радуе.

— Але ж не толькі ад любімай справы вашы вочы свецяцца такім шчасцем? — звяртаюся да Святланы з чарговым пытаннем.

— Не толькі. Вельмі люблю мужа, а ён — мяне. Бачымся нячаста, бо працуе дальнабойшчыкам, але, калі прыязджае дадому, кожную хвіліну праводзім разам. І ў нас прыгожая, таленавітая, разумная дачка. Хіба гэта не шчасце? А яшчэ мне вельмі шанцуе на добрых людзей.

Але вернемся да “Золушки”. Не ведаеце, дзе ў Паставах такая майстэрня? Сорамна прызнацца, я таксама дзясяткі разоў праходзіла міма яе па вуліцы Ленінскай і да нядаўняга часу не заўважала сімпатычнай шыльды ў двары дома №6.  Зазірніце — вам абавязкова спадабаецца. Дарэчы, на днях у гэты ж будынак пераехаў і салон вясельнай моды “Белая лебедь”.

Фаіна КАСАТКІНА.

Фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.