Шахматны калейдаскоп

Спорт

3559_0

У міжраённых камандных спаборніцтвах па хуткіх шахматах “Лістапад-2017”, якія прайшлі ў Глыбокім, прымала ўдзел восем каманд. Майнейшая вызначылася ў апошнім, сёмым, туры. Перамаглі глыбачане, якія набралі 22 ачкі. На 1,5 ачка менш у пастаўчан (У. Пляшак, Д. Крупадзёраў, А. Мурзо, В. Шастакоў, Я. Ліпская), якія не змаглі выставіць мацнейшы склад. Тройку прызёраў замкнулі ўшацкія шахматысты — 17,5 бала.

5 ачкоў з сямі магчымых заваяваў для нашай каманды Дзмітрый Крупадзёраў, які заняў чацвёртае месца з 40 удзельнікаў. У дзясятцы мацнейшых і Аляксандр Мурзо. За крок да яе прыпыніўся Уладзімір Пляшак.

Даволі моцна згулялі пастаўскія школьнікі, члены шахматнага клуба “Віцязь”, якім кіруе кандыдат у майстры спорту Рэспублікі Беларусь Анатоль Салацінскі. Асабліва хочацца адзначыць Яўгенію Ліпскую (СШ №1), Мацвея Курашэвіча (СШ №3) і Андрэя Павініча (СШ №2). У актыве апошняга чатыры ачкі — адзін з лепшых вынікаў сярод 14 дзяцей.

* * *

Стартаваў чарговы рэспубліканскі турнір “Белы слонік”. Каб згуляць у фінальнай частцы спаборніцтваў, трэба паспяхова выступіць у адборачных гульнях. Першы этап быў праведзены ў Глыбокім. 18 дзяўчынак 2008 года нараджэння і маладзейшых вызначылі мацнейшую. Наш раён прадстаўляла Ева Іванова (СШ №2). Яна набрала 6 ачкоў з 7 магчымых і заняла другое месца. А перамагла выхаванка Віцебскай абласной спартшколы.

* * *

Пачаўся чэмпіянат раёна па хуткіх шахматах. Будзе праведзена сем адборачных турніраў, па выніках якіх восем мацнейшых ігракоў па кругавой сістэме разыграюць чэмпіёнскае званне. Каб трапіць у васьмёрку, трэба набраць максімальную колькасць ачкоў у трох любых турнірах. У першым за тур да заканчэння гульняў пераможцам стаў Дмітрый Стахоўскі, які выйграў усе сем партый. Яго канкурэнты набралі па 4,5 ачка. Давялося падлічваць дадатковыя паказчыкі. Яны і вывелі на другое месца Уладзіміра Плешака. У прызёрах Аляксандр Таразевіч. Чацвёрты вынік паказаў Аляксей Паўлаў. У пяцёрцы мацнейшых і аўтар гэтых радкоў.

* * *

У вышэйшай лізе першынства раёна ўпэўнена лідзіруе Д. Стахоўскі. У яго актыве 100-працэнтны вынік — 8 ачкоў. Паспяхова стартаваў Андрэй Паўлаў, але потым прайграў Д. Стахоўскаму, А. Чырванцу і С. Дзешуку, пасля чаго займае месца ў сярэдзіне турнірнай табліцы. 6,5 ачка ў актыве Сцяпана Дзешука, і гэта другі вынік. Мацнейшую лігу пакідае Уладзімір Краўчанка, які ў апошнім туры саступіў Віктару Шастакову.

У  першай лізе разыгрываюцца дзве пуцёўкі ў вышэйшы дывізіён. У цэнтральнай партыі 9 тура Аляксей Паўлаў абыграў Уладзіміра Плешака і ўпершыню заваяваў права перайсці ў стан мацнейшых. Другі вынік пакуль у Мацвея Курашэвіча з СШ №3, які ўпэўнена перамог аднаго з лідараў — Віктара Лекарэвіча. Не страцілі шансаў пазмагацца за другое месца Аляксандр Мурзо і Яўгенія Ліпская. Адказы на ўсе пытанні дадуць вынікі адкладзеных партый.

Юрый КАТОВІЧ.     

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.